• Навiны
  • Сусветны дзень пісьменніка ў зняволенні: Селахацін Дземірташ (Турцыя)

Сусветны дзень пісьменніка ў зняволенні: Селахацін Дземірташ (Турцыя)

Апошняе абнаўленне: 16 лістапада 2021
Сусветны дзень пісьменніка ў зняволенні: Селахацін Дземірташ (Турцыя)

Імя: Селахацін Дземірташ
Род дзейнасці: пісьменнік і апазіцыйны палітык
Сітуацыя: папярэдняе заключэнне пад варту; пагражае пажыццёвае зняволенне
#SelahattinDemirtaş #freedemirtaş #ImprisonedWriter

Даведка

Селахацін Дземірташ – пісьменнік і былы сустаршыня пракурдскай Дэмакратычнай партыі народаў (HDP).

Дземірташ быў арыштаваны 4 лістапада 2016 года разам з некалькімі членамі парламента ад HDP па абвінавачванні ў тым, што ён з’яўляецца вядучым членам тэрарыстычнай арганізацыі, прапагандуе тэрарызм, усхваляе злачынствы і злачынцаў і распальвае грамадскую нянавісць і варожасць. Доказы, выкарыстаныя супраць яго, складаюцца ў асноўным з яго палітычных выступаў і заяў у прэсе і не ўтрымліваюць пераканаўчых доказаў злачыннай дзейнасці. На сённяшні дзень турэцкія ўлады не выканалі рашэнне Вялікай палаты Еўрапейскага суда па правах чалавека ад снежня 2020 года, якое прадпісвала неадкладнае вызваленне Дземірташа. Вялікая палата разглядала апеляцыю на знакавае рашэнне, вынесенае адной з рэгулярных палат Суда ў лістападзе 2018 года, якая ўстанавіла, што яго арышт і папярэдняе заключэнне мелі на мэце падаўленне плюралізму меркаванняў і абмежаванне свабоды палітычных дэбатаў.

Па асобнай справе 7 верасня 2018 года Дземірташ быў асуджаны да чатырох гадоў і васьмі месяцаў турэмнага зняволення за прапаганду тэрарызму, якая нібыта мела месца падчас яго прамовы ў 2013 годзе. Незадоўга да слуханняў у Вялікай палаце была прынятая пастанова аб вызваленні Дземірташа з папярэдняга зняволення, але ён застаўся ў турме праз гэтую асобную справу. Яго прысуд быў пакінуты ў сіле Касацыйным судом 26 красавіка 2021 года і ў той жа дзень уступіў у законную сілу.   

Новыя абвінавачванні ў тэрарызме былі прад’яўленыя яму 20 верасня 2019 года ў рамках расследавання справаў, звязаных з пратэстамі, якія прайшлі па ўсёй Турцыі з 6 па 9 кастрычніка 2014 года і пачаліся з-за абвінавачванняў у тым, што турэцкая армія бяздзейнічала, калі баевікі “Ісламскай дзяржавы” аблажылі сірыйскі курдскі горад Кобане. Дземірташ абвінавачваецца ў арганізацыі гэтых пратэстаў праз свае палітычныя заявы і пасты ў сацыяльных сетках, яго прыцягваюць да адказнасці за ўсе злачынствы, як мяркуецца, учыненыя падчас сутыкненняў. Супраць яго вылучаныя абвінавачванні ў падрыве адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, забойстве, рабаванні і нанясенні шкоды маёмасці. 7 студзеня 2021 года Турэцкі крымінальны суд зацвердзіў абвінаваўчае заключэнне супраць яго, а 25 мая 2021 года гэтая справа, вядомая як працэс у Кабане, была аб’яднана з яго асноўным працэсам, які быў падставай для яго першапачатковага папярэдняга зняволення. Яму пагражае пажыццёвае зняволенне без магчымасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення.

Дземірташ змяшчаецца ў турме горада Эдырне на захадзе Турцыі, больш чым у 1600 км ад яго блізкіх, якія знаходзяцца ў Дзіярбакыр. 

Знаходзячыся ў турме ён напісаў зборнік апавяданняў пад назвай Seher (Світанак), які імгненна стаў бэстсэлерам і быў пераведзены на дзясяткі моў, у прыватнасці, быў уганараваны прэміяй PEN Translates ад English PEN. Яго апошняя кніга “Дэўран” была апублікаваная ў 2019 годзе. Дземірташ з’яўляецца ганаровым членам Нямецкага ПЭН-клуба і ПЭН-клуба Каталоніі.

Заклік да дзеяння

Турэцкія ўлады павінны неадкладна вызваліць Селахаціна Дземірташа і адмяніць яго прысуд у адпаведнасці з пастановай Еўрапейскага Суда па Правах Чалавека, а таксама спыніць усе крымінальныя справы, якія вядуцца супраць яго. 

  • Падпішыце нашу анлайн-петыцыю, якая заклікае да неадкладнага вызвалення Селахаціна Дземірташа і адмене яго прысуду; 
  • Распаўсюджвайце інфармацыю аб яго справе і заклікайце іншых падпісаць анлайн-петыцыю і падзяліцца ёю ў сваіх сацсетках.