• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Беларусь цяпер — гэта краіна надзеі вялікай”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 8-14 лістапада 2021

“Беларусь цяпер — гэта краіна надзеі вялікай”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 8-14 лістапада 2021

Апошняе абнаўленне: 16 лістапада 2021
“Беларусь цяпер — гэта краіна надзеі вялікай”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 8-14 лістапада 2021
@vochra_cornaja
“Мы павінны выкарыстоўваць свой аўтарытэт, свой голас, каб свет пра нас не забываўся. Беларусь — таксама Еўропа, мы самі мусім гэта прыняць і казаць на ўвесь свет.” Альгерд Бахарэвіч

Спампаваць pdf-версію 58-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны».

Мікола Дзядок

У СІЗА вязняў абмежавалі ў падпісках на газеты і часопісы: цяпер родныя і сябры палітзняволеных не змогуць аформіць для іх падпіску, такое права ёсць выключна ў супрацоўнікаў самога СІЗА за кошт сродкаў на асабовым рахунку зняволеных.

Мікола Дзядок, палітзняволены блогер, аўтар кнігі «Фарбы паралельнага сусвету», затрыманы 11 лістапада 2020 года, атрымаў 5 год калоніі агульнага рэжыму “за ўдзел у масавых беспарадках”, “за захоўванне гаручых рэчываў” і “за распаўсюджванне матэрыялаў у інтэрнэце”.

Затрыманы Фёдар Чаранкоў, вакаліст гурта «Ня Варта». Пазней па месцы жыхарства Федара адбыўся ператрус, міліцыянты забралі кампутары. Папярэдне, падставай для затрымання стала яго падпіска на аккаўнт у Instagram, прызнаны экстрымістскім.


Жыццё ў няволі

Ігар Банцэр, палітзняволены музыка, атрымаў пераклад на беларускую мову гімну «Ліверпуля», які зрабіў Андрэй Аляксандраў, палітзняволены журналіст і паэт. Пазней стала вядома, што Ігару Банцэру дадалі яшчэ 10 содняў ШІЗА.

Уладзімір Мацкевіч

Уладзімір Мацкевіч, палітзняволены філосаф, метадолаг, адукатар і сябра ПЭН, якога вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», ужо 100 дзён знаходзіцца за кратамі. Яго тэксты вывучаюць на прадмет наяўнасці ў іх распальвання варожасці. Сам Мацкевіч упэўнены, што яго арыштавалі за крытыку рэжыму Лукашэнкі. Вядома, што ў турме ён чытае лекцыі сукамернікам і піша кнігу. Каб падтрымаць Уладзіміра, ягоныя калегі запусцілі грамадзянскую кампанію “філосаф у турме” і публікуюць навіны пра яго, а таксама яго тэксты і ідэі. Паплечніца філосафа Таццяна Вадалажская расказвае:

“Ён адчувае сябе някепска, улічваючы ўмовы. Вельмі не хапае прасторы і паветра для прагулак і роздумаў. Цяпер ён імкнецца прысвяціць увесь вольны час працы над тэкстамі філасофскімі, рэфлексіўнымі. Не перастае думаць пра тое, што і як трэба рабіць, каб выйсці з палітычнага крызісу”. 

Ксенія Сырамалот

12 лістапада споўніўся год з затрымання студэнцкіх актывістаў. 12 фігурантам «справы студэнтаў» прысудзілі ад 2 да 2,5 гадоў калоніі за “арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. Сярод іх – Кася Будзько, Марыя Каленік (мастачкі) і Ксенія Сырамалот (паэтка). 

Павел Севярынец, палітзняволены палітык і пісьменнік, за кратамі працягвае працу над новымі раманамі: «Беларусалім», «Дрэва жыцця», «Ісус Хрыстос размаўляе па-беларуску». 

Аляксандр Фядута

Стала вядома, што Марыю Калеснікаву, палітзняволеную музыку і беларускую дзячку, амаль восем месяцаў утрымліваюць у адзіночнай камеры. Яна расцэньвае гэта не толькі як ціск, але і як парушэнне яе правоў. Згодна з законамі, адзіночнае заключэнне з’яўляецца пакараннем. 

Аляксандр Фядута, доктар філалогіі, літаратар, рэдактар, перакладчык, літаратуразнаўца, выдавец і сябра ПЭНа, арганізаваў у няволі «турэмны ўніверсітэт» для сукамернікаў. Яны чытаюць класіку, а потым слухаюць лекцыі Аляксандра і разам абмяркоўваюць прачытанае.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Прайшла анлайн-сустрэча на тэму «Шлях да несвабоды» Інтэлектуальнага клубу Святланы Алексіевіч, пісьменніцы і Нобелеўскай лаўрэаткі, старшыні беларускага ПЭНу. 

Выйшаў новы выпуск літаратурных гутарак “Кантэкст” з Георгіем Ліхтаровічам пра Караткевіча і Зянона Пазняка, “Збор помнікаў” і людзей даўнейшай Беларусі.

Дзмітры Строцаў

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава да 455-годдзя прыняцця другога Статута ВКЛ. Статуты Вялікага Княства Літоўскага — знакамітыя акты заканадаўчага характару, якія сталі выключнымі падзеямі ў гісторыі ўсёй Еўропы, а не толькі ВКЛ. 

Дзмітры Строцаў, паэт, сябра ПЭНа, стаў лаўрэатам Прэміі Курта Тухольскага ад Шведскага ПЭНа. 

У Люблінскім выдавецтве «Варштаты культуры» выйшаў зборнік баладаў «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань» Уладзіміра Арлова ў перакладзе на польскую мову  Багдана Задуры.

Выйшаў буктрэйлер да кнігі Тані Скарынкінай “Райцэнтр” — шорт-лістара прэміі Ежы Гедройця 2021.

Botanic project прэзентавалі акустычную версію песні “Ратуй” на Майдане Незалежнасці ў Кіеве.

Фотапраект «Скрадзеныя людзі» Шуры Піліповіч-Сушчыц, фатографкі выдання Наша Ніва, заняў другое месца ў катэгорыі «Канфлікт» конкурсу фатаграфіі «Прямой взгляд», які праводзіць Сахараўскі цэнтр. У праекце ёсць калажы і пра беларускіх палітзняволеных дзеячаў культуры ды іх сем’і.

«Скрадзеныя людзі» Шуры Піліповіч-Сушчыц

У адным са сваіх лістоў Валянцін Стэфановіч, праваабаронца, зняволены з 14 ліпеня за “арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і ўхіленне ад выплаты падаткаў”, распавёў, што намаляваў прыгоды ката ў турме, але іх на волю не прапусціў цэнзар. Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікаў людзей дасылаць малюнкі «Ката на Валадарцы» і за месяц атрымаў 19 ілюстрацый ад людзей рознага ўзросту і з розных краінаў: малюнкі дасылалі і дзеці, і студэнты з Італіі ды Расіі, і нават палітзняволеныя.

Выйшаў новы нумар літаратурнага часопіса “Дзеяслоў“, які выдае Саюз беларускіх пісьменнікаў.

11 лістапада адбылася анлайн-дыскусія ў межах сёлетняй прэміі імя Ежы Гедройця “Паўстанне мас: што прапануюць чытачу Гедройць і Белліт?” з Настай Грышчук, літаратурным крытыкам, і Настай Карнацкай, літаглядальніцай.

У выдавецтве «Кнігазбор» выйшаў насценны «Каляндар па-беларуску» з малюнкамі і словамі на кожны дзень.

«Шведская горка»

Яўген Малікаў, гомельскі гісторык і кандыдат мастацтвазнаўчых навук, заклікае выратаваць ад разбурэння гарадзішча мілаградскай культуры «Шведскую горку». У непасрэднай блізкасці ад помніка археалогіі плануецца будаўніцтва мікрараёну. 

Свабодны тэатр рыхтуе спектакль «Gloomy sunday» пра жнівень-2020. Трупа была вымушаная пакінуць Беларусь праз рэпрэсіі.

Мікалай Халезін, арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра, разам з Сяргеем Будкіным, кіраўніком Беларускай Рады культуры, Андрэем Курэйчыкам, драматургам, і Наталляй Задзяркоўскай, прадстаўніцай НАУ па культуры, правялі дыскусію пра культурную палітыку Новай Беларусі. 

Аляксандр Філіпенка, Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, літаратары, а таксама Аляксей Палуян, рэжысёр, на круглым стале абмеркавалі разам са Святланай Ціханоўскай сучасную культуру і яе развіццё ў свабоднай Беларусі. Перад дыскусіяй Юлія Цімафеева зачытала свае вершы, а Аляксей Палуян паказаў ўрыўкі са свайго фільма «Кураж» пра падзеі жніўня 2020.

Выйшаў дэбютны альбом “Слова” беларускай артысткі Паліны Дабравольскай   (Chornabrova). 

Беларускі аркестр Warsaw Freedom Orchestra і гурт Lity Taler прысвяцілі выступ з дудой палітзняволеным музыкам з гурта Irdorath, якіх бязвінна ўтрымліваюць у беларускай турме.

Праходзіць анлайн-выстава міжнароднага праекта “Галасы гвалту”, якая распавядае гісторыі і досведы жынчын з Даніі, Ісландыі, Беларусі, Эстоніі, Латвіі і Літвы, якія перажылі сэксуальны гвалт, сэксізм ці іншыя формы гендарнага гвалту. 

Выстава ў прасторы «Вершы Культ»

У прасторы «Вершы Культ» праходзіць выстава урбан-мастакоў і  Юліі Савіч, фатографкі фестываля Vulica Brasil. Мастакі размалявалі сцяну і банэры, зрабіўшы адмысловыя фотазоны, а таксама на выставе прадстаўлены працы ў розных тэніках ад жывапісу да трафарэту. 

Да 13 лістапада ў Варшаве можна паглядзець працы студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў на выставе «Штучная кома», якая адлюстроўвае, як пратэсты паўплывалі на моладзь і іх творчасць. Выстава таксама працуе анлайн.

Беларуская Рада культуры абвяшчае набор удзельнікаў на індывідуальныя арт-рэзідэнцыі. Для падачы, да 24 лістапада трэба запоўніць форму і дадаць неабходныя дакументы.

Маланка разам з Андрэем Курэйчыкам, рэжысёрам і сцэнарыстам, ладзяць кастынг для новага фільма пра актуальныя падзеі ў Беларусі.

Выйшла новая кніга “Вецер нішто і рэха цьмы” Ігара Кулікова, паэта і перакладчыка.

12 лістапада пачаўся фестываль беларускага кіно Bulbamovie, які праходзіць у Польшчы. Арганізатары кажуць:

«Мы выйшлі з лесу, як партызаны, і наша місія — каб за год, максімум за два беларускае кіно вярнулася ў Мінск».

Платформа падтрымкі беларускай мовы запусціла новы марафон агучвання «Мова прафесіі» для прасоўвання беларускай мовы ў абслугоўванні, у кол-цэнтрах, медыцыне, кавярнях, крамах, на запраўках, у IT і нават піваварэнні. 

Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук, музыкі, зрабілі кавер песні “Залатыя Краты” гурта “Новае Неба” на словы Анатоля Сыса. Яны прысвяцілі песню памяці Рамана Бандарэнкі, мастака, збітага ў сваім двары да смерці невядомымі, якіх лічаць сілавікамі ў цывільным.

Выйшла дэбютная кніга Антося Уласенкі – “Новая зямля. Куканія”.

Створаны новы часопіс “Працяжнік”. Пілотны выпуск змяшчае апавяданні, пераклады, фотаздымкі і вершы. 

Руслан Кулевіч, журналіст і літаратар, выдаў кнігу пра жыццё ў Гродна ў 1930−40-х гг на аснове ўспамінаў 89-гадовай Станіславы Румоўскай.

Руслан Кулевіч

Медыя пра маладых людзей у Беларусі WeTalk стварыла новы спецпраект “12 пра смелых прадстаўнікоў студэнцкай актыўнасці і 12 асуджаных па “справе студэнтаў”.

У Варшаве прайшоў канцэрт Змітра Бартосіка, барда і літаратара.

Ксіша Ангелава, беларуская мастачка, іканапісец і ўнучка рэпрэсаванага першага рэктара БНТУ Ніканора Ярашэвіча, за год намалявала 200 партрэтаў людзей, зняволеных за сваю грамадзянскую пазіцыю. 


Галасы асобаў

Ганна Комар

Ганна Комар, паэтка і перакладчыца, сябра ПЭНа, рассказала пра месца пратэстаў у сваёй творчасці:

“Калі ў нас пачаліся пратэсты, рэдактарка маіх англійскіх перакладаў, амерыканская паэтка Мэры Колар запытала: ‘Эні, як ты збіраешся лекаваць раны свайго народу? Ты пісьменніца, табе давядзецца гэта рабіць’. І я сапраўды бачу, як я ад асабістага досведу перайшла на досвед краіны, як гэта пераплялося ўва мне”.

Алесь Бяляцкі, палітзняволены сябра Беларускага ПЭНа і праваабаронца, якога ўтрымліваюць у СІЗА амаль чатыры месяцы за “ўхілене ад выплаты падаткаў”, даслаў з-за кратаў ліст да беларускі:

“Прыгажосць кастрычніка была відна і з вакна. Вежа аж блішчыць ад сонца, слепіць вочы”.

Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы, напярэдадні суду па ліквідацыі таварыства:

“Нават калі перастане існаваць ТБМ, то людзі існаваць не перастануць”.

Андрэй Скурко

Андрэй Скурко, палітзняволены аўтар газеты «Наша Ніва» і часопіса «Наша гісторыя», а таксама вандроўных нататак, казак, вершаў, сцэнароў коміксаў для дзіцячых выданняў, даслаў з «Валадаркі» ліст сваёй жонцы:

“Думаў, што нашу сітуацыю ні ў якім разе нельна ўспрымаць як трагічную выпадковасць, злом лёсу і г.д. Тут не выпадковасць, а хутчэй заканамернасць. Такі цяпер час і так мы цяпер жывём, прыйдуць іншыя часы — будзе ўсё іначай. Прашу вас, знаходзьце нагоды для радасці і будзьце спакойныя за мяне”.

Мікалай Халезін

Мікалай Халезін, арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра:

“Мінкульт мусіць адысці ад ролі патронаў, ад ролі падзелу грошай у кулуарах па непразрыстай схеме. У большасці краін такія ўстановы займаюцца захаваннем спадчыны. Што тычыцца творцаў, якія хочуць атрымаць дзяржаўнае фінансаванне, яны на конкурснай аснове павінны ўдзельнічаць у размеркаванні творчых грантаў”. 

Да гадавіны смерці Рамана Бандарэнкі, мастака, які загінуў пасля збіцця сілавікамі ў ноч з 11 на 12 лістапада 2020 года, яго сястра Вольга Кучарэнка, дызайнерка, дала інтэрв’ю: 

“… Я ўпэўненая, што аднойчы справядлівасць пераможа. Смерць брата пацягнула за сабой мноства падзей, якія дапамагаюць расплюшчыць вочы на тое, што насамрэч адбываецца”.

Нагадаем, што нягледзячы на шэраг незалежных расследаванняў, у верасні Генпракуратура прыпыніла крымінальную справу: тлумачачы гэта тым, што яны не змаглі ўстанавіць асобу, датычную да забойства.

Саша Філіпенка

Саша Філіпенка, пісьменнік, лічыць,  што наступныя 10 гадоў беларусы будуць прапрацоўваць траўмы 2020 года і расказвае пра новую п’есу:

“Каб неяк разабрацца са сваімі пачуццямі, я напісаў п’есу пра суд над урачом, які адмовіўся лячыць АМАПаўца. На сцэне разгортваюцца падзеі, што тлумачаць паводзіны гэтага доктара, і ў канцы спектакля гледачы галасуюць, які прысуд варта вынесці падсуднаму і ці трэба яго судзіць увогуле. Пастаноўку па гэтай п’есы ўжо забаранілі ў Расіі…”. 

Альгерд Бахарэвіч

Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік:

“За апошні год, што мы з жонкай, паэткай Юляй Цімафеевай, жывём не ў Беларусі, мы мелі столькі ўвагі да сваёй творчасці, у нас было столькі запрашэнняў на фестывалі, выступленні, колькі раней ніколі не было. Мы за год далі 70 інтэрв’ю заходнім СМІ. Не адмаўлялі нікому. Няўжо ў краіне павінен быў адбыцца такі жах, каб на Беларусь звярнулі ўвагу?! Мы становімся больш бачнымі, таму сваёй мэтай, мэтай тых, хто з’ехаў і мае магчымасць прамаўляць да шырокай публікі, мы бачым расповед пра Беларусь. Мы павінны выкарыстоўваць свой аўтарытэт, свой голас, каб свет пра нас не забываўся. Беларусь — таксама Еўропа, мы самі мусім гэта прыняць і казаць на ўвесь свет. Мы не экзотыка і не кантынент, які затануў”.

Лявон Вольскі, беларускі музыка і сябра ПЭНа, падзяліўся ў інтэрв’ю:

“Беларусь цяпер — гэта краіна надзеі вялікай Былі сур’ёзныя ахвяры, і яны не проста так. Народ асэнсаваў і працягвае асэнсоўваць тое, што адбываецца”. 


Міжнародная салідарнасць

8 лістапада ў Гётэборгу, Швецыя, адбыўся семінар пра беларускіх літаратараў і дзеячаў культуры падчас пратэстаў, з удзелам тэатральнага калектыва “Крылы Халопа”. 

Лаўрэаты прэміі імя Льва Сапегі

У Беластоку ўручылі прэмію імя Льва Сапегі. Лаўрэатамі сталі Кацярына Крывічаніна і Ігар Мельнікаў, беларускія даследчыкі. Мэта прэміі — адзначыць асоб, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і станаўленне незалежнай і дэмакратычнай Беларусі з увагі на супольную гісторыю нашых краін.

У бібліятэцы Вацлава Гаўла ў Празе 8 лістапада адбылася прэзентацыя кнігі «Беларусь на шляху да свабоды» Адэлы Дражанавай і Тэрэзы Шупавай, чэшскіх журналістак. Кніга тлумачыць чэхам, што такое сённяшняя Беларусь.

Міжнародны ПЭН патрабуе зняць блакіроўку з сайта Беларускага ПЭНа. 

Прэзентацыя кнігі «Беларусь на шляху да свабоды»

Больш за 4 тысячы чэхаў падпісаліся пад петыцыяй Amnesty International за вызваленне Марыі Калеснікавай, беларускай дзеячкі і музыкі.

Беларусы свету выйшлі на акцыі памяці  збітага ў сваім двары Рамана Бандарэнкі, мастака. Акцыі прайшлі ў Беларусі, Велікабрытаніі, Польшчы, Грузіі, Украіне і іншы краінах. Петэр Стана, афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх сувязяў, таксама выказаўся пра гадавіну з дня смерці Рамана Бандарэнкі:

«Еўрапейскі саюз працягвае працаваць над правасуддзем для ахвяр і прыцягненнем вінаватых да адказнасці. Рэжым павінен спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных».

Юры Дудзь, расійскі журналіст і інтэрв’юэр, выпусціў інтэв’ю з Славам Камісаранка, беларускім комікам, а таксама распавёў у сваім інстаграм пра беларускіх спявачак Паліну і Kеtevan і падзяліўся іх кліпам на песню «Месяц».

Вальжына Морт напісала ліст Алане Гебрамарыям, палітзняволенай пра “справе студэнтаў” актывістцы, у якім перадала прывітанне ад вядомай эфіопскай пісьменніцы Маазы Менгістэ:

“Учора я распавядала пра вас Маазе Менгістэ, вядомай і шанаванай пісьменніцы з Эфіопіі, якая жыве ў Нью-Йорку. Мааза прасіла перадаць вам, што ведае пра вас, хвалюецца за вас, і шле вам і вашым калегам па крымінальнай справе словы падтрымкі і вялікай павагі”. 


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

Па стану на 14 лістапада ў Беларусі 843 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца. Гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў не толькі не спыняюцца, але і набіраюць моц. 

Беларускі ПЭН-цэнтр як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У лістападзе 5 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Антон Шніп, музыка (1 лістапада); Кацярына Андрэева, журналістка, пісьменніца (2 лістапада); Віктар Бабарыка, мецэнат (9 лістапада); Ігар Ярмолаў, танцор (15 лістапада) і Максім Крук, сцэнограф (16 лістапада). Давайце павіншуем разам!

Адрасы для лістоў:

Антону Шніпу і Максіму Круку – СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;

Кацярыне Андрэевай – ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3;

Віктару Бабарыку – ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Технічная, 8;

Ігару Ярмолаву – ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8;