Спампаваць pdf-версію 54-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
Андрэй Колас, ваўкавыскі гісторык, выкладчык курсаў «Мова Нанова», пасля 10 сутак за кратамі з’ехаў за мяжу. Сямёра сілавікоў са шчытамі і зброяй уварваліся ў дом Андрэя 27 верасня, фармальна — з мэтай праверкі паляўнічай зброі. Пра тое, як яго затрымлівалі, і дапытвалі, пра знаходжанне за кратамі Колас абяцае распавесці пазней.
Іну Драніцу асудзілі на 30 сутак адміністратыўнага арышту за бел-чырвона-белы сцяг, які прадстаўнікі ГУБАЗіКа, што прыйшлі да Іны з вобшукам, павесілі самі і сфатаграфавалі для пратакола.
Вадзім Ермашук, блогер з Гродна, атрымаў яшчэ 20 дзён адміністратыўнага арышту за «экстрэмізм», нягледзячы на тое, што на яго ўжо заведзеныя дзве крымінальныя справы.
Артура Жвірыдоўскага асудзілі да трох гадоў калоніі за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камяні тры паласы ў бел-чырвона-белым спалучэнні, акрамя гэтага садраў чырвона-зялёны сцяг з будынка адной з дзяржаўных установаў раённага цэнтра.
Уладзіслава Фёдарава арыштавалі на 15 сутак: падчас агляду рэчаў перад хакейным матчам у хлопца знайшлі пашпарт з вокладкай, на якой намаляваны герб Пагоня.
Жыццё ў няволі
Ужо больш за 400 дзён Аляксандр Васілевіч, суўладальнік рэкламнага агенцтва «Vondel / Hepta», сузаснавальнік «Kyky» і «The Village Беларусь», а таксама галерэі Ў, застаецца пад арыштам у СІЗА на Валадарскага ужо больш за 400 дзён. Дагэтуль ні яго сям’я, ні сам Аляксандр не ведаюць, паводле якога артыкула яго затрымалі.
Наталля Хершэ расказала пра ўмовы ў Магілёўскай турме. Яна ўтрымліваецца адна ў 6-мясцовай камеры.
«Далі добрую бялізну, добрую коўдру, але ў камеры прахалодна. Харчаванне тут падобнае да харчавання ў калоніі, і, што вельмі важна, — ёсць выдатныя прагулачныя дворыкі».
Калі Наталля расклала ў камеры свае рэчы, то заўважыла, што некаторыя з іх зніклі: дзённік, які яна вяла ў СІЗА на Валадарскага і ў Жодзіне, таксама ў папраўчай калоніі № 4, партрэты, якія яна малявала ў калоніі, сшыткі з яе пазнакамі падчас чытання «Архіпелага ГУЛАГ» і іншых кніг, падпісаныя на нямецкай мове паштоўкі, часопісы «Наша гісторыя», а таксама чыстыя аркушы А4.
Зміцер Казлоў, больш вядомы як блогер Шэры Кот, асуджаны да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта «арганізацыю масавых беспарадкаў» (ч.2 арт. 293 КК РБ), даслаў з няволі ліст, у якім піша, што застаўся зусім без падтрымкі:
«…У мяне няма блізкіх сваякоў, то цяпер ніхто не можа аказаць мне ніякай дапамогі, ні перадач, ні грашовых пераводаў, ні званкоў, ні спатканняў у мяне не можа быць, і я цалкам застаюся зараз без падтрымкі».
Марыя Калеснікава генеруе крутыя ідэі нават за кратамі. На месцы СІЗА яна хоча зрабіць культурны хаб і музэй ахвяраў рэпрэсій.
Творчы супраціў і культурны актывізм
Кніга перакладаў Цыпрыяна Каміля Норвіда “Над попелам паразы — перамога!..” па-беларуску была прэзентаваная анлайн.
Круглы стол “ ‘Адвечным шляхам’ Ігната Абдзіраловіча і сучасныя выклікі беларускаму светапогляду” адбыўся ў Інстытуце філасофіі НАН. У 1921 годзе Ігнат Канчэўскі у сваім філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» прапанаваў шэраг тэм і ідэй, якія сталі вызначальнымі для беларускага мыслення на стагоддзе наперад.
Другі выпуск праекта “NowПрост” — серыя размоў купалаўцаў з купалаўцамі. Госць — актор Міхась Зуй.
https://www.youtube.com/watch?v=9bT88fXz4e0
Гродзенскія школы назавуць у гонар вядомых беларусаў. Гісторыкі лічаць ініцыятыву цікавай, але супярэчлівай.
У Аляксандры Хамянок-Федчанкі выйшла аўдыякніга інклюзіўных казак “Італьянскае падарожжа”. Гэту і іншыя беларускія кнігі можна паслухаць праз прыкладанне “Кніжны воз”.
У Валера Гапеева выйшла кніга для дзетак “Жэнька — каралева мышак: гісторыі з жыцця адной беларускай дзяўчынкі”; мастачка — Элеанора Ляхновіч.
У Анатоля Брусевіча, гарадзенскага паэта, літаратуразнаўцы і выкладчыка, выйшаў новы паэтычны зборнік пад назваю «Крылы. Вершы, паэмы».
У Юрыя Жыгамонта выйшла кніга “Мястэчкі і вёскі Беларусі”.
У Вільні пачаў сваю дзейнасьць «Беларускі дом», дзе адбываюцца культурніцкія імпрэзы, працуе нядзельная школа беларускай мовы. Таксама там сустракаюцца беларусы, якія здаўна жывуць у Вільні, і тыя, каго выехаць са сваёй радзімы прымусілі палітычныя рэпрэсіі. У перспектыве тут узнікне беларускі музей.
Запусцілася старонка-галерэя tuzinfm.by — партала, які даў жыццё дзясяткам годных праектаў на мяжы музыкі з гісторыяй, кіно, мастацтвам, літаратурай і які ў гэтым месяцы адзначае 18-годдзе.
Лялька ад Ганны Заброцкай, прысвечаная перфомансу Яны Шостак⬇️
Валер Вішчэня, палітвязень, асуджаны на тры гады “хіміі” ў Віцебску, у адказ на лісты салідарнасці дасылае свае малюнкі.
Дзень Маці, у які многія беларускія дзеткі не могуць павіншаваць сваіх матуль. Малюнак кarikatu.rama⬇️
Абвешчаныя пераможцы Прэміі Цёткі ў дзвюх намінацыях.
Творчая кухня з Евай Вежнавец, пісьменніцай, шорт-лістаркай прэміі Гедройця.
Літаратурна-філасофская кавярня ЗНО, што ладзіць Беларускі Калегіюм, распачала новы сезон праграмай “Спрэчкі аб літаратуры”. Ганна Севярынец – гаспадыня кавярні ў новым годзе. Тэмы: метраполія і эміграцыя, “тусоўкі” і паэты “на самоце”, графаманы і літаратары, крытыкі і прамоўтары.
У Брэсцкім тэатры лялек пачала працу першая рэжысёрская лабараторыя «Метамарфозы тэатра лялек».
У Кіеве адбыўся акустычны канцэрт Юрыя Стыльскага.
Галасы асобаў
Святлана Алексіевіч падзялілася думкамі пра сітуацыю ў Беларусі:
“Гэта [маладыя людзі, асуджаныя за ўдзел у пратэстах] неймаверна моцныя людзі, і іх заключныя словы закахалі мяне ў свой народ. Апошняе слова ў судзе — цяпер свайго роду новы літаратурны жанр”.
Міжнародная салідарнасць
Юля Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч бяруць удзел у Міжнародным літаратурным фестывалі ў Тбілісі.
Варшаўскі Цэнтр сучаснага мастацтва “Уяздоўскі замак”, дзе праходзіць вялікая выстава палітычнага мастацтва, стварыў петыцыю з заклікам да ўладаў неадкладна вызваліць Алеся Пушкіна, беларускага мастака, палітвязня.
У Нямеччыне праходзіць выстава плакатаў, прысвечаная беларускім пратэстам.
На фестывалі «Radar Ost» у Берліне паказалі спектакль “Обморок” паводле раману Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі».
Нямецкая фундацыя “Генсхаген” апублікавала відэа дыскусіі пра Беларусь і становішча пісьменнікаў у Беларусі, у якой прынялі ўдзел сябры Беларускага ПЭНа Уладзімір Лобач і Марыя Мартысевіч.
Фільм Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць» стаў пераможцам дакументальнага конкурсу Варшаўскага кінафестывалю.
Праект «Празрыстыя сцены»: фатографы з розных краін заклікалі перадаць фотапрывітанне беларускім палітвязням.
Праект Змітра Вайноўскага “the REM sleep” пра трагічныя і натхняльныя падзеі ў Беларусі — на вуліцах Любліна.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
Па стану на 10 кастрычніка ў Беларусі 801 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца. Гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў не толькі не спыняюцца, але і набіраюць моц.
Беларускі ПЭН-цэнтр як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У кастрычніку 4 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Андрэй Пятроўскі, былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні (5 кастрычніка); Аляксандр Нурдзінаў, мастак (11 кастрычніка); Анжаліка Борыс, старшыня “Саюза палякаў Беларусі” (14 кастрычніка) і Павел Мазько, дызайнер адзення (21 кастрычніка).
Адрасы для лістоў:
Андрэю Пятроўскаму – Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1;
Аляксандру Нурдзінаву – ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8;
Анжаліцы Борыс – Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А;
Паўлу Мазько – СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37.