Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, з глыбокай занепакоенасцю адзначаем, што пераслед у межах адміністрацыйнага працэсу ўжываецца ўладамі для падаўлення свабоды выказвання меркаванняў, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку ці мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар.
Муж і жонка Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч–Кандрацьева былі затрыманыя ў сярэдзіне ліпеня 2021 года і 7 разоў запар былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі за перасланыя адно аднаму ў асабістых паведамленнях навіны з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. 8 і 11 кастрычніка суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў іх паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць): С.Крупеніна да чарговых 15 сутак, а А.Крупеніч-Кандрацьеву — да 14. Такім чынам, паводле адміністрацыйных артыкулаў яны правядуць у зняволенні больш за тры месяцы.
Варта адзначыць, што заканадаўства аб процідзеянні экстрэмізму адвольна выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі ў мэтах барацьбы з іншадумствам і свабодай выказвання меркаванняў, што з’яўляецца недапушчальным у дэмакратычным грамадстве, паколькі мае іншыя мэты, чым прызнаныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах дапушчальныя абмежаванні права на свабоду выказвання меркаванняў.
Практыка асуджэння адразу да некалькіх адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску. Так, Павел Севярынец у 2020 г. адбыў 90 сутак запар адміністрацыйнага арышту ў ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, пасля чаго супраць яго была заведзеная крымінальная справа па масавых беспарадках; каля трох месяцаў правёў у ізалятары ў 2020 г. Ян Салановіч.
Нагадваем, што паводле п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на III Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабодаў, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з’яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.
Гэтыя крытэры ў поўнай ступені тычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх правоў і свабодаў. Адпаведна, усе пакараныя адміністрацыйным арыштам за рэалізацыю сваіх прызнаных міжнароднай супольнасцю правоў і свабодаў, у тым ліку Сяргей Крупеніч і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева, прызнаюцца намі палітычнымі зняволенымі на перыяд іх ізаляцыі.
Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Сяргея Крупеніча і Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай і патрабуем:
- адмены судовых пастановаў у адносінах да Сяргея Крупеніча і Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай, вынесеных паводле арт.19.11 КаАП, і спыненні раней пачатых адміністрацыйных працэсаў паводле арт. 19.11 КаАП у адносінах да іх;
- спынення рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў; вызвалення ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабодаў;
- неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
“Прававая ініцыятыва”
Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.