
Спампаваць pdf-версію 53-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Мінскі гарадскі суд скасаваў рэгістрацыю арганізацыі «Звяно». Ціск на арганізацыю і асабіста на яе заснавальніцу Таццяну Гацуру-Яворскую пачаўся пасля выставы “Машына дыхае, я не”, прысвечанай беларускім медыкам, якія змагаліся з COVID-19.
У Брэсце асудзілі восьмую групу фігурантаў «карагоднай справы»: шэсць абвінавачаных атрымалі ад 1,5 года “хіміі” і “хатняй хіміі” да 1 года і 7 месяцаў калоніі.
У шклоўскай калоніі за адказы на лісты салідарнасці палітвязняў караюць ШІЗА.
Жыццё ў няволі

Уладзіміру Мацкевічу, філосафу і метадолагу, заснавальніку Лятучага Універсітэта, падоўжылі тэрмін знаходжання пад вартай яшчэ на месяц. Ён прабудзе за кратамі як мінімум да 4 лістапада.
Алесю Бяляцкаму прад’явілі абвінавачванне па артыкуле Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.
Творчы супраціў і культурны актывізм
У Ганны Янкуты, пісьменніцы і перакладчыцы, сябры Беларускага ПЭНа, выйшла новая дзіцячая кніга ў аўдыёфармаце.
Трэцяя анлайн-дыскусія ў межах сёлетняй прэміі Гедройця была прысвечаная сумеснаму пошуку адказу на пытанне «Ці ёсць жыццё пасля ўручэння Гедройця?»

Падведзеныя вынікі Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі за найлепшыя навуковыя публікацыі 2020 года.
Прэм’ера песні “Любимую отдают” – прадукт творчай супрацы Наталлі Эльсан і Эдвінаса Мінсксцімаса.
У Заслаўі адчыніцца музей маляваных дываноў.
Францішак Жылка, краязнавец, выдаў кнігу “Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць”.
Прэзентацыя выдання палескамоўнай кнігі апавяданняў і вершаў “Оньдэ” Аляксея Дзікавіцкага, беларускага журналіста, адбылася ў Вільні.

Вышыўка Руфіны Базловай “Алесь Пушкін” з серыі “Гісторыя беларускай выжыванкі” выстаўлена на дабрачынны аўкцыён.
Распачаліся заняткі курсаў «Мова нанова з Варшавы».
Абвешчаны кароткі спіс прэміі Гедройця.
Журы зацвердзіла кароткі спіс намінантаў і намінантак на прэмію імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў і перакладчыц.
Музычна-танцавальная імпрэза з удзелам беларускіх гуртоў Lity Taler і Javaryna, а таксама “першай скрыпкі беларускага пратэсту Таццяны Грыневіч” адбылася ў Варшаве.
Кірыл Валошын, сузаснавальнік Tut.by, разам з Валянцінай Чудук, прафесійнай танцоркай і псіхолагам, пачалі выкладаць у Вільні сацыяльныя танцы. Гэта дапамагае ім знаходзіць апору і пераключыць увагу з дрэннага.
Прэм’ерны паказ фільма Галіны Адамовіч «Страла» пра абрад «Пахаванне стралы», які ладзіцца ў беларускіх вёсках, адбыўся ў Мінску.

Праект «Аблічча жаночага пратэсту» — уцякачкі з Беларусі шыюць дызайнерскае адзенне ў Кіеве.
Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» і падкаст-праект «3 акт» прадставілі аўдыяспектакль паводле апавядання Уладзіміра Арлова «Ордэн Белай Мышы».
Праект у межах тыдня супраць смяротнага пакарання: «Страчаныя лёсы Беларусі» — гісторыі 15 выбітных гістарычных дзеячоў і дзяячак, якія былі асуджаны да смяротнага пакарання ў розныя часы і за розную дзейнасць, якая на той момант была забаронена законам.
З’явіўся новы забаўляльны, навучальны, развіццёвы канал «Бэйбус» для дзетак.
Артысты Перамогі LIVE: Андрусь Такінданг (RECHA). Падтрымаць нескароных культурных дзеячаў ды іх новыя праекты.
Галасы асобаў

Воля Іоль – музыка, фатографка, якая вымушана з’ехала з Беларусі:
“Да такіх перамен не была гатовая ні маральна, ні фізічна, ні матэрыяльна. Калі выпраўляешся ў падарожжа, ты гатовы і да рызык, і да нейкіх экстрэмальных нават умоў. Усё ўспрымаецца інакш. Але калі ты з’язджаеш вымушана, то трапляеш у нейкую дэпрэсіўную яму. У Мінску ў мяне была камфортная кватэра, праца ў мадэльнай школе і шмат заказаў. Тут — нічога гэтага няма”.

Аляксандр Ждановіч, актор і тэлевядоўца:
“Што значыць быць «тут»? Нядаўна прачытаў цікавае параўнанне: гэта значыць жыць у пакоі, ведаючы, што недзе пад ложкам схавалася атрутная змяя, якая можа ўкусіць у любы момант. Ці можна жыць у такім пакоі? Напэўна, можна. Што дае гэта? Магчыма, выхоўвае нейкае экзыстэнцыяльнае стаўленне да страху, пераадоленне яго”.

Барыс Пятровіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў:
“Ні Сталін, ні Брэжнеў, ні Андропаў не закрылі Саюз пісьменнікаў, і толькі беларуская ўлада зрабіла гэта”.
Андрэй Куціла, рэжысёр дакументальнага фільма “Калі кветкі не маўчаць”:
“Я знясілены працай над тэмай, хочацца ўзяць перапынак. Але як зрабіць гэта, калі кожны дзень думаеш пра лёсы беларусаў, рэпрэсіі, што ўсё працягваецца…”

Лявон Баршчэўскі, перакладчык, сябра Рады Беларускага ПЭНа:
“Арганізацыя патрэбная, каб бараніцца, бо супольна адбівацца лягчэй, а таксама дзеля таго, каб падтрымаць адзін аднаго, калі тое неабходна. Сімвалічны характар таксама важны. Але я разумею калег, якія прыйшлі рабіць гэтую арганізацыю дзейнай, а не проста закрытым клубам. Мне гэта падабаецца, бо тут рэальныя праекты, рэальная праца і дапамога творчым людзям. Таму я б сказаў, што перафарматаванне ПЭНа ў гэтай сітуацыі і актывізацыя вельмі практычных аспектаў дзейнасці — вельмі патрэбныя, і я зычу поспехаў камандзе, упэўнены — шмат што атрымаецца”.
Міжнародная салідарнасць
Еўрапейская пісьменніцкая рада выказвае падтрымку Саюзу беларускіх пісьменнікаў, ліквідаванаму рашэннем Вярхоўнага суду 1 кастрычніка.
“Нябачная траўма” – праект, прадстаўлены на фестывалі ў Людвігсбургу (Германія) – гэта другая частка маштабнага праекту Echoes. Voices from Belarus, створанага Christine Fischer – калежанкай Марыі Калеснікавай.

«Беларуская акадэмія», якая адкрылася на пачатку году і працуе дыстанцыйна ў партнёрстве з трыма навучальнымі ўстановамі Польшчы, атрымала афіцыйны дазвол на беларускамоўнае навучанне.
Фільм Аляксея Палуяна «Кураж» (Courage) адабраны ў праграму Амстэрдамскага кінафестывалю дакументальных фільмаў.
Дакументальны фільм Андрэя Куцілы “Калі кветкі не маўчаць” трапіў на прэстыжны Варшаўскі кінафестываль Warszawski Festiwal Filmowy, і яго паказалі ў «Кінатэцы» ў Палацы культуры і навукі 9-11 кастрычніка.

Дакументальны фільм “чысцец” пра транзітных уцекачоў у Брэсце, праца Тані Сверэпы, беларускай рэжысёркі, быў адабраны на MAX Diversity Film Festival.
Музыка Вольгі Падгайскай, Канстанціна Яськова і трэцяга кампазітара, імя якога не называецца, а таксама вершы Вальжыны Морт, Альгерда Бахарэвіча і Веры Жыбуль гучалі ў Мюнхене 9 кастрычніка.
Анімацыйны фільм “Аніматары — Беларусі” стаў пераможцам фестывалю Facade Video Festival, які прайшоў напрыканцы верасня ў Плоўдзіве, Балгарыя.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
Па стану на 10 кастрычніка ў Беларусі 801 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца. Гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што ціск і рэпрэсіі з боку ўладаў не толькі не спыняюцца, але і набіраюць моц.
Беларускі ПЭН-цэнтр як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У кастрычніку 4 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі.
Гэта Андрэй Пятроўскі, былы настаўнік гісторыі і грамадазнаўства са Смаргоні (5 кастрычніка); Аляксандр Нурдзінаў, мастак (11 кастрычніка); Анжаліка Борыс, старшыня “Саюза палякаў Беларусі” (14 кастрычніка) і Павел Мазько, дызайнер адзення (21 кастрычніка).
Адрасы для лістоў:
Андрэю Пятроўскаму – Турма №1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1;
Аляксандру Нурдзінаву – ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8;
Анжаліцы Борыс – Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А;
Паўлу Мазько – СІЗА-7. 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37.