• Навiны
  • Журы прэміі Шэрмана абвясціла кароткі спіс

Журы прэміі Шэрмана абвясціла кароткі спіс

Апошняе абнаўленне: 6 кастрычніка 2021
Журы прэміі Шэрмана абвясціла кароткі спіс
Журы зацвердзіла кароткі спіс намінантаў на прэмію імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў.

“Высокае майстэрства перакладчыкаў і якасны выбар твораў выдаўцамі нарабілі сябрам журы прыемнага клопату: вылучыць у выдатным найлепшае. Хіба толькі ў адной намінацыі рашэнне было блізкім да адзінагалоснага, і то кожны эксперт меў у запасе яшчэ аднаго кандыдата. А ўжо сярод іншых роскід меркаванняў быў такі шырокі, што на кароткі спіс прэтэндавалі амаль усе кнігі з доўгага спісу. Асаблівае задавальненне выклікалі пераклады прозы, з якіх кожны быў, як ажурная выцінанка. Адзначу таксама, што беларуская школа перакладу набывае выразнае жаночае аблічча: чацвёра з шасці фіналістаў – жанчыны”,

– дзеліцца ўражаннямі сябра журы прэміі Дзяніс Кандакоў.

У журы прэміі Шэрмана сёлета ўвайшлі: пісьменніца, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак; выкладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык; паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца Аксана Данільчык; літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філалагічных навук Дзяніс Кандакоў. Выкладчыца, перакладчыца і рэдактарка Вольга Калацкая, на жаль, не зможа працягваць сваю працу ў складзе журы.

Кароткі спіс прэміі Карласа Шэрмана 2021

Пераклад прозы

  1. Вольга Гронская, пераклад з нямецкай – Даніэль Кельман “Тыль”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.
  2. Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай – Міленка Ергавіч “Арэхавы палац”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2019.
  3. Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Салі Руні “Нармальныя людзі”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.

Пераклад паэзіі

  1. Лявон Баршчэўскі, пераклад з ісландскай – Стэйн Стэйнар “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
  2. Лявон Баршчэўскі, Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай – Цін Уевіч “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
  3. Юля Цімафеева, пераклад з англійскай – Стывен Крэйн “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.

Пераклад дзіцячай кнігі

  1. Алена Пятровіч, пераклад з англійскай – Дж.К. Роўлінг “Гары Потэр і таемная зала”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.
  2. Юля Цімафеева, пераклад з нарвежскай – Мая Лундэ “Снежная сястра”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.
  3. Ганна Янкута, пераклад з польскай – Катажына Рырых “Лапуховае поле”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.