5 кастрычніка 1921 года, у якасці рэакцыі на страшныя падзеі першай сусветнай вайны, ангельская пісьменніца, драматургіня і паэтка Катарына Доўсан Скот запрасіла пісьменнікаў з Лондана на першую вячэру ПЭН-клуба. Запрашэнне спалучала ў сабе дух міжнароднага літаратурнага братэрства і відавочную фемінісцкую накіраванасць:
“У Лондане няма цэнтра, дзе вядомыя пісьменнікі абодвух полаў маглі б сустракацца, няма месца, дзе паважаныя госці з-за мяжы маглі б знайсці іх. Так як вячэрны клуб мог бы задаволіць гэтую патрэбу, прапануем адкрыць яго”.
Джон Голсуорсі, першы прэзідэнт ПЭН-клуба (і першы буйны спонсар), падняў келіх за пісьменнікаў з усіх куткоў свету і сказаў:
“Мы, пісьменнікі, з’яўляемся ў некаторым родзе апякунамі чалавечай прыроды. Калі мы будзем вузкімі і прадузятымі, мы нашкодзім чалавецтву. І чым лепей мы будзем ведаць адзін аднаго, тым больш шанцаў на чалавечае шчасце ў свеце, які пакуль не надта шчаслівы”.
Праз сто гадоў, на цырымоніі закрыцця 87-ых Угодак Міжнароднага Кангрэса ПЭН-клуба, зноў абраны прэзідэнт ПЭН-клуба, курдскі пісьменнік і юрыст Бурхан Сонмез, падняў свой келіх і паўтарыў тыя ж словы, толькі дадаў:
“Такім чынам, у нас ёсць місія! Віншую ўсіх з нашым стагоддзем!”.
Арыгінал артыкула на ангельскай мове на сайце Міжнароднага ПЭНа.