• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Галоўны кантралёр — маё сумленне”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 30 жніўня-5 верасня 2021

“Галоўны кантралёр — маё сумленне”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 30 жніўня-5 верасня 2021

Апошняе абнаўленне: 7 верасня 2021
“Галоўны кантралёр — маё сумленне”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 30 жніўня-5 верасня 2021
Выкарыстаны фрагмент фотаздымка з праекту "Еднасць і спачуванне"
«Вытраўліваць са свядомасці гісторыю, культуру, мову нашых продкаў небяспечна для жыцця саміх нашчадкаў. Спадзяюся, калі-небудзь гэта ўсвядомяць і тыя, хто сёння гвалтоўна і збянтэжана яе вынішчае». Таццяна Пладунова  

Спампаваць pdf-версію 48-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Андрэй Аляксандраў

Вынесеныя прысуды шостай партыі абвінавачаных па “справе карагодаў”. 14 чалавек пакараныя тэрмінамі ад паўтара да двух гадоў “хіміі” і “хатняй хіміі”. 

Андрэю Аляксандраву, журналісту, медыяменеджару, паэту, выставілі дадатковае абвінавачванне – ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйным памеры.

Аляксандр Багданаў (“Папа Бо”), дырэктар, арт-мэнеджар і дыджэй культцэнтра “Корпус”, Максім Крук, сцэнограф, і Лізавета Неўмяржыцкая, арганізатарка культурных імпрэзаў, былі затрыманыя супрацоўнікамі ГУБАЗіК 2 верасня. 

Віктар Якубаў

У Аляксандра Багданава пры ператрусе быў канфіскаваны дыджэйскі пульт. Усіх вынавацяць у вырабе, захаванні і распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. 

Віктару Якубаву, дацэнту Полацкага ўніверсітэта, выкладчыку гісторыі, прысудзілі 15 сутак арышту нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Раней Віктар Якубаў ужо двойчы сядзеў па 15 сутак па артыкуле 23.34.

Аляксандра Цярэшчанку, настаўніка Музычнага каледжа імя Глінкі, пакаралі 15-суткавым арыштам за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Вадзім Міхайлаў — намеснік старшыні першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу ААТ “НАФТАН”, быў затрыманы за налепку з “Пагоняй” на аўтамабілі. Суд мусіць адбыцца 6 верасня.

Фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа»

Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які мусіў адбыцца ў Магілёве, адменены без тлумачэння прычын. Фестываль праходзіў з 1993 года, яго назвалі па вершы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа», а песня на яго стала адным з сімвалаў пратэстаў 2020-2021.

Прыпыняецца выхад папяровай версіі газеты “Літаратурная Беларусь”

Адзіную беларускамоўную школу ў Камянецкім раёне – у вёсцы Амельянец – зачынілі.

Кіраўніцтва Універсітэта культуры ліквідавала кафедру этналогіі і фальклору. Супрацоўнікаў паставілі перад фактам, калі ў педагогаў і студэнтаў ужо былі распісаныя творчыя планы на наступны год. Прычына кроку тлумачыцца «аптымізацыяй» працэсу.

Мікіта Емельянаў

Мікіта Емельянаў, палітвязень, з 9 чэрвеня пераведзены на строгі турэмны рэжым у Магілёўскую турму №4. Там ён вырашыў набываць кнігі ў гандлёвай сетцы, як гэта прадугледжана Крымінальна-выканаўчым кодэксам. Аднак адміністрацыя забараніла яму набываць кнігі гэта праз інтэрнэт, не дазволіла гэтага зрабіць і родным хлопца. Мікіта знайшоў адну краму, якая пагадзілася дасылаць замову ў турму, але камунікацыя з ёй цягнулася тры месяцы. Акрамя гэтага, палітвязню перасталі выдаваць газету «Новы час» і забаранілі аформіць падпіску на «Каталіцкі веснік», бо «асуджаным забараняецца атрыманне, набыццё, захоўванне і распаўсюд выданняў, якія прапагандуюць вайну, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, гвалту або жорсткасці, выданняў парнаграфічнага характару, а таксама падпіска на іх».

Эрык Арлоў-Шымкус, музыка, паведаміў, што ён больш не падазраваны па крымінальнай справе па артыкуле 342 – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны ўдзел у іх.


Жыццё ў няволі

Марыя Калеснікава

Алесь Пушкін застаецца за кратамі. Яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.

Марыя Калеснікава ў апошнім слове працытавала ўрывак з Альгерда Бахарэвіча. Яна паразважала пра маральны выбар, сумленне, павагу і любоў да людзей і адзначыла, што судовы працэс над ёй і Максімам Знакам увойдзе ў гісторыю, якім бы ні быў прысуд.

У ВК-1 г. Наваполацка, дзе адбывае пакаранне Віктар Бабарыка, ён не можа трапіць у бібліятэку, паколькі іх працоўныя гадзіны супадаюць.

Малюнак Стасі Міронцавай

Стася Міронцава, палітзняволеная мастачка:

“А яшчэ на тым тыдні ўпершыню схадзіла ў тутэйшую “баню”. Да гэтага мылася ў атрадзе. І яна крутая аказалася. “Кабінкі” з абодвух бакоў агароджаныя і іх шмат! Мыешся адзін! У СІЗА пад адной лейкай мы мыліся па 2-3 чалавекі… як пашанцуе”.

У Андрэя Кабанава, блогера і актывіста, які быў затрыманы 16 жніўня (рт. 328 КК – распаўсюд наркотыкаў), здарыўся сардэчны прыступ у ізалятары ў Жодзіна, дзе ён утрымліваецца. Ён дастаўлены ў турэмны шпіталь.

Зміцера Шыманскага, дудара, палітзняволенага, які быў затрыманы 2 жніўня і ўтрымліваўся на Акрэсціна, перавялі ў Жодзіна. Яго блізкія паведамілі, што Зміцер захварэў на COVID-19, яму адмовілі ў шпіталізацыі і адмаўляюцца прымаць лекі ад сваякоў па-за звычайным графікам перадач.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Творцы, якія апынуліся ў цяжкіх абставінах праз падзеі ў Беларусі, сабраліся на рэзідэнцыі ў Бялцы Татршаньскай у паўднёвай Польшчы. Удзельнікі прайшлі рэабілітацыю праз адмысловыя трэнінгі, музыку, тэатр і мастацтва. Прафесіянальныя музыкі і акторы, а таксама пачаткоўцы, стварылі «Эмацыйную оперу па-за гульнёй».

Удзельнікі рэзідэнцыі ў Бялцы

Другі фестываль беларускай фальклорнай песні «Беларусь старажытная» пачаўся ў Вільні 29 жніўня. Яго арганізатарамі выступаюць Культурны цэнтр імя Якуба Коласа і Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Выстава “Панэльныя” Лізаветы Хіхлушкі адкрылася 2 верасня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску.

“Еднасць і спачуванне”мастацкі праект беларусак.

“Усіх нас яднае боль за тых, хто захоплены ў палон, скалечаны і забіты фашысцкім рэжымам. Але мы ведаем, што цемра не вечная, дабро пераможа, агністая чырвань і светлая бель беларускага сцяга залунае над вызваленай краінай”.

Новы альбом ад гурта РСП – «Ашчушчэнія».

Новы выпуск праекта Казкі Магістра – “Мудры Салімон”.

Міхаіл Аршынскі, беларускі відэажурналіст, атрымаў галоўны прыз на Hinzpeter International Press Awards у Паўднёвай Карэі за дакументальны фільм “Не бойся”.

Мясцовыя краязнаўчыя музеі на Зельвеншчыне

Міжнародны фестываль перфарматыўнага мастацтва “Перформенск” прайшоў у Мінску 3-5 верасня. 

На Зельвеншчыне вясковым пустуючым хатам надаюць новае жыццё – там ствараюць мясцовыя краязнаўчыя музеі народнага побыту.

Спектакль “Час жанчын” працягвае месяц Беларускага свабоднага тэатра

Міжнародны фестываль мастацтваў “Арт-Мінск” адчыніўся 3 верасня.


Галасы асобаў

Віктар Бабарыка

З ліста Віктара Бабарыкі з калоніі:

“Добрыя гісторыі за «сценамі» здараюцца толькі ў сітуацыі вызвалення. Але самае галоўнае, што ўбачыў — гэта людзі. Яны паўсюль і абудзіць у іх чалавечае можна амаль заўсёды. Нягледзячы на жаданне сістэмы ператварыць іх усіх у непісьменны і тупы масіў, мы не ўсе гэтаму паддаемся. Жыццё ёсць усюды”.

Аліна Нагорная

Аліна Нагорная, моўная экспертка:

“Беларуская мова вернецца ў Беларусь, калі ў Беларусь вернецца законнасць. Таму што зараз беларуская мова дзяржаўная, нават па цяперашняй Канстытуцыі. Дзяржаўная мова — значыць, на гэтай мове павінна быць усё — тэлебачанне, кожны дакумент, войска, адукацыя і г.д. І калі ў нас стане ўсім да закону, тады беларуская мова адразу вернецца”.

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч:

“Знікненне творчых адзінак, якія б махнулі рукой на творчасць і пайшлі проста банальна зарабляць грошы чымсьці іншым — гэта параза культуры, параза грамадства, урэшце рэшт параза Беларусі. Таму мы павінны шукаць і знаходзіць сродкі дзеля ўзаемнай падтрымкі”.

Ганна Севярынец

Ганна Севярынец:

“Было б здорава, каб кожны з нас паставіў у сябе дома партрэт беларуса-папярэдніка, важнага для вас. Папярэдніка, настаўніка, сваяка, таго, за кім вы ідзеце сваёй сцежкай.

Каб пра гэты партрэт і пра чалавека на ім ведалі б дзеці. Каб мы ведалі, дзе гэты чалавек пахаваны і глядзелі б за гэтым пахаваннем. Каб мы разумелі, што тыя, хто быў да нас, ужо шмат чаго ведалі і шмат чаго напрацавалі з таго, што мы цяпер праходзім наноў. Бо зямля ў нас адна, праблемы адны з веку ў век, а час чалавечага жыцця кароткі”.


Міжнародная салідарнасць

Брытанскі часопіс Chanter, адзінае ў свеце спецыяльнае перыядычнае выданне, прысвечанае дудам і дударству, напісаў пра затрыманне і зняволенне музыкаў з беларускага гурта Irdorath. 

Марыя Калеснікава ў шорт-лісце прэміі Вацлава Гавела за правы чалавека за 2021 год.

Каля 30 польскіх журналістаў напісалі кнігу пра калег у Беларусі – «Партызаны. Журналісты на прыцэле Лукашэнкі». У кнігу ўвайшлі гісторыі 20 журналістаў з розных СМІ ў Беларусі. Даход ад продажу прызначаць на падтрымку рэпрэсаваных.

У Гдыні адбыўся канцэрт салідарнасці, на якім прагучалі песні на беларускай і польскай мовах у выкананні Андрэя Хадановіча, Марціна Жмуды і Пшэмыслава Лембіча.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння 

У верасні 3 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Максім Знак, юрыст, літаратар і музыка (4 верасня); Аляксандр Васілевіч, менеджар культуры (14 верасня) і Даніла Ганчароў, мастак па святле (27 верасня). 

Адрасы, на якія можна дасылаць віншаванні:

Максіму Знаку і Аляксандру Васілевічу – СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;

Даніле Ганчарову – Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.