
Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч складае нататнік заняткаў.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.
Апошняя сустрэча ў трэцім сезоне Перакладчыцкай Майстэрні была прысвечаная не зусім мастацкай літаратуры. Магчыма, зусім не мастацкай літаратуры, у сэнсе «фікшн». Але тым не менш размова ішла пра адну з самых заўважных у свеце сучасных кніг. Яе аўтар – пісьменнік і публічны выступоўца Джэймс Клір (James Clear), аўтар мега-бестсэлера «Атамныя звычкі: лёгкі і надзейны спосаб набыць добрыя звычкі і адмовіцца ад дрэнных» (Atomic Habits: An Easy & Proven Way to Build Good Habits & Break Bad Ones). Кніга выйшла ў 2018 годзе, разышлася (уласна, працягвае разыходзіцца) па свеце шматмільённымі накладамі і перакладзеная ўжо больш чым на 50 моваў.
Гэта кніга-матыватар, кніга, якая абяцае змяніць жыццё сваіх чытачоў, калі яны будуць кіравацца яе парадамі. Кніга, прысвечаная нашым звычкам і механізму іх фармавання. Заслугоўвае ўвагі яскравы эпітэт у назве: «атамныя». Акрамя таго, што мы ўкладаем у слэнгавы («бамбічны» і г.д.) сэнс слова, аўтара цікавяць найперш два падставовыя значэнні слова «атам», з якіх, уласна кажучы, і складаецца філасофскае пасланне кнігі. Атам – гэта, па-першае, «вельмі малая колькасць нечага, мінімальная адзінка большай сістэмы», а па-другое – «крыніца велізарнай энергіі ці сілы». Адсюль і слоган-падзагаловак: «Малыя змены, значныя вынікі» (Tiny Changes, Remarkable Results).

Як некалі Дэкарт паклаў у аснову свайго метаду мыслення дзяленне складанасцяў на максімальна малыя кампаненты, якія лёгка падлягаюць абдумванню па частках, так і наш аўтар прапаноўвае фармаваць карысныя звычкі і адмаўляцца ад шкодных не рэвалюцыйнымі скачкамі, а мінімальнымі, але паслядоўнымі крокамі, якія складаюцца ў цэласную сістэму.
Кніга абсалютна дарэчная на Майстэрні ўжо таму, што аўтарскі метад можна цалкам паспяхова прымяняць да фармавання «атамных звычак» перакладчыка ці перакладчыцы, асабліва калі вядзецца пра пераклад мастацкай прозы, які (ці якая) прадугледжвае паслядоўнасць, грунтоўнасць і сістэмнасць. Акрамя таго, першы раздел кнігі – яшчэ не парады, а хутчэй аўтабіяграфічная гісторыя, якую цалкам можна разглядаць як прыклад дынамічнай мастацкай прозы. Менавіта яе і прадставілі калегам, у дзвюх альтэрнатыўных версіях, два ўдзельнікі (традыцыйна назавём іх Перакладчыца і Перакладчык).
На сустрэчы не было спецыяльна запрошаных эксперткі або эксперта, гэтую функцыю часткова выконваў мадэратар, а часткова – усе ўдзельнікі Майстэрні, прынамсі значная іх частка: шмат хто загадзя падрыхтаваў па адной ухвальнай і адной крытычнай тэзе наконт разгляданых перакладаў. Некаторыя з гэтых заўвагаў вы знойдзеце ніжэй. Асабліва парадавала Марына Дзергачова, якая некалькі гадоў таму пераклала на беларускую «Франкенштайна» Мэры Шэлі. Перакладчыца не толькі адзначыла канкрэтныя ўдачы ці хібы сваіх калегаў, але і паспрабавала выказаць некалькі агульных назіранняў. Так, Марына звярнула ўвагу на:
- злоўжыванне канцылярызмамі («шэраг пытанняў» і г.д.);
- недастатковае выкарыстанне магчымасцяў, што даюць дзеепрыслоўі (замест канструцыі «Калі я расплюшчыў вочы, то ўбачыў…» варта было б ужыць: «Расплюшчыўшы вочы, я ўбачыў…»);
- капіяванне пунктуацыі арыгінала, якая зусім не абавязкова супадае з беларускай;
- ужыванне лішніх прыналежных займеннікаў пад уплывам ангельскай мовы, дзе яны абавязковая (а па-беларуску часта ўспрымаюцца як непатрэбная калька).

Прыкладам апошняга (і шмат чаго яшчэ) можа паслужыць наступны фрагмент.
Арыгінал: “One of my classmates took the shirt off his back and handed it to me. I used it to plug the stream of blood rushing from my broken nose”.
Пераклад, да якога былі сур’ёзныя заўвагі: “Адзін з аднакласнікаў зняў са спіны кашулю і працягнуў яе мне. Я выкарыстаў яе, каб перакрыць струмень крыві, які цек з майго зламанага носа”.
Іншы пераклад, да якога было значна менш заўвагаў, але ўсё-ткі былі: “Адзін з маіх аднакласнікаў зняў кашулю і аддаў мне. Я заткнуў ёй ручай крыві, што лілася з майго зламанага носа”.
Абое перакладчыкаў па інерцыі ўжылі прыналежны займеннік («з майго носа»), а першы калькаваў з арыгінала яшчэ і форму used it – «я выкарыстаў яе, каб перакрыць» (у іншым перакладзе карацей і натуральней: «я заткнуў ёй»). І абое не вельмі зграбна ўжылі аднакарэннае словазлучэнне «адзін з аднакласнікаў» (гэтае «адзін з» не вельмі абавязковае і з’явілася толькі як калька арыгінальнага one of). Ну, і не зусім натуральна ў абаіх гучыць калькаваны stream of blood, што ператварыўся ў «струмень/ручай крыві», які «перакрываюць» ці «затыкаюць». Здаецца, інтэнсіўнасць крывацёку можна падкрэсліць і адпаведным дзеясловам.
Прапанова: “Аднакласнік зняў кашулю і даў мне. Я спыніў ёю кроў, што свістала са зламанага носа”.
Іншы фрагмент, дзе адзін з перакладаў «хварэе» на празмерную даслоўнасць, з якой вынікае і ненатуральнасць:
“My body was unable to handle the rapid swelling in my brain and I lost consciousness before the ambulance arrived”.
Адзін пераклад, хібны: “Маё цела не вытрымала моцны ацёк у маім мозгу, і я страціў прытомнасць, перад тым як прыехала хуткая дапамога”.
Іншы пераклад, прыймальны: “Мой арганізм больш не мог спраўляцца з хуткім ацёкам мозгу, і я страціў прытомнасць яшчэ да прыезду «хуткай»”.
Чарговы прыклад таго, куды можа прывесці нятворчае калькаванне ангельскага арыгінала:
“Random hands touched my sides, holding me upright”.
Перакладчык проста даслоўна перанёс у свой тэкст тое, чаго пераносіць было не варта: “Выпадковыя рукі краналі мае бакі, трымалі мяне вертыкальна”.
У перакладчыцы нашмат больш натуральна і літаратурна: “Нехта трымаў мяне з бакоў, каб я не падаў”.
Але і тут варта прыгадаць агучаную вышэй параду пра дзеепрыслоўныя канструкцыі. І, магчыма, добра было б вярнуць зніклыя «рукі», бо гэта ўсё-ткі істотная дэталь.
Прапанова: “Нечыя рукі падтрымлівалі мяне, не даючы ўпасці”.
Дарэчы, наконт дэталяў. Важна не губляць нюансы, якія могуць быць істотнымі, як у плане перадачы зместу твора, так і ў плане яго экспрэсіі. Асабліва ў падрабязных апісаннях, якія маюць месца ў «медыцынскіх» фрагментах нашага тэксту.
Арыгінал: “The stretcher rattled on a bumpy sidewalk as one nurse pushed me along while another pumped each breath into me by hand”.
Версія перакладчыка: “Насілкі грукнулі па няроўным тратуары, паколькі адна медсястра штурхала мяне, а другая рэанімавала мяне ўручную”.
Пакуль не параўноўваеш з арыгіналам, пераклад здаецца гладкім. Але, супаставіўшы тэксты, бачыш, што ў беларускім варыянце знікае найцікавейшае, бо простае «рэанімавала» выглядае занадта абагульнена. Згадваецца пісьменніцкая парада Хэмінгуэя: замест таго, каб расказваць пра нешта, трэба гэтае «нешта» чытачу паказаць. Выглядае на тое, што гэтую дынаміку перадае іншы пераклад.
Версія перакладчыцы: “Адна медсястра штурхала каталку па няроўным тратуары, а другая ўручную ўпампоўвала ў мяне кожны ўдых”.
Супрацьлеглы прыклад, калі пераклад празмерна акцэнтуе ўвагу на нейкім слове, і «сэнсавая раўнавага» фразы, так бы мовіць, трохі змяшчаецца.
Арыгінал: “When I opened my eyes, I saw people staring at me and running over to help”.
Адзін з перакладаў: “Калі я расплюшчыў вочы, то ўбачыў людзей: адны ўтаропіліся ў мяне, іншыя прыбеглі на дапамогу”.
Калега-перакладчыца агучыла заўвагу да гэтага сказа, працытуем яе: «У арыгінале няма падзелу на дзве катэгорыі людзей, хутчэй за ўсё, нехта (ці нават усе) рабіў і тое, і гэтае».
Адсюль і прапанова: “Расплюшчыўшы вочы, я адчуў на сабе позіркі людзей, што збегліся на дапамогу“.
Часам перакладчыцкія хібы могуць вынікаць з элементарнага неразумення арыгінала. Звычайна пераклад, зроблены такім чынам, мае ў сабе нейкую дзіўнасць, нелагічнасць, якая сігналізуе: нешта тут не так, варта яшчэ раз прачытаць арыгінал.
“My parents slept restlessly on a hospital mattress—one moment they would collapse from fatigue, the next they would be wide awake with worry”.
Пераклад, хібная версія: “Мае бацькі трывожна спалі на бальнічным матрацы — у адзін момант яны паваліліся ад стомленасці, а наступным днём ужо прачнуліся, бадзёрыя ад трывогі”.
Іншы пераклад, прыймальная версія: “Бацькі спалі неспакойным сном на кушэтцы, то засынаючы ад стомы, то абуджаючыся ад трывогі”.
Але бадай што найбольшую дыскусію выклікаў самы пачатак тэксту, першая фраза арыгінала, з якой не да канца далі рады абое перакладчыкаў, і цалкам зразумела, чаму.
Арыгінал: “In the final day of my sophomore year of high school, I was hit in the face with a baseball bat”.
Амерыканскія чытачы ўсё разумеюць. Герою найхутчэй 16 гадоў, ён заканчвае другі год свайго другога школьнага этапу. Перад гэтым было восем гадоў базавай адукацыі, цяпер другі год у high school, наперадзе яшчэ два. А калі пашанцуе, то потым будзе ўніверсітэт.
Першы пераклад: “У апошні дзень майго другога года ў старшай школе я атрымаў бейсбольнай бітай у твар”.
Другі пераклад: “У апошні дзень майго другога курса сярэдняй школы мяне ўдарылі ў твар бейсбольнай бітай”.
Першы варыянт гучыць трохі лягчэй і натуральней, хоць крыху бянтэжыць форма «старшай». Наяўнасць «курсаў» у сярэдняй школе з другога перакладу трывожыць значна мацней. Але ні з першай, ні з другой версіі беларускаму чытачу не робіцца ясна, колькі герою-апавядальніку годзікаў.
Для параўнання, прывядзём адпаведны фрагмент у рускім перакладзе:
“В последний день второго года обучения в старших классах средней школы я получил удар бейсбольной битой по лицу”.
Перакладчык сумленна імкнуўся не сказіць сэнс, але ў выніку атрымалася вельмі грувастка. Ёсць небяспека, што да бейсбольнай біты ўжо ніхто не дачытае.
Удзельнікі Майстэрні зладзілі сапраўдны мазгавы штурм – і не тое, каб знайшлі адназначнае канчатковае рашэнне. Можна захаваць звыклае нам паняцце сярэдняй школы і адлічваць узрост героя ад яе заканчэння. Атрымалася б прыблізна такое: «За два гады да канца сярэдняй школы, у апошні дзень вучобы…». Пагадзіцеся, што таксама досыць грувасткі варыянт, і ніякая біта напрыканцы яго не ўратуе.
Можа, пайсці на радыкальную адаптацыю тэксту, знайшоўшы нейкі эквівалент чатырохгадовай high school пасля базавага школьнага навучання? У нас такі эквівалент нават ёсць, і гэта нішто іншае, як ліцэй, што таксама складаецца з чатырох гадоў вучобы. Напрыклад, некалі забаронены ўладамі славуты Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Або не менш славуты Ліцэй БДУ, што таксама нядаўна перажыў рэпрэсіі з боку рэжыму, прымусова атрымаўшы сабе ў якасці ганаровага патрона асобу Фелікса Дзяржынскага. Вось жа, «У апошні дзень свайго другога года ў ліцэі я атрымаў у твар бейсбольнай бітай». Як вам? Нам таксама не вельмі. Хто трохі ведае амерыканскія рэаліі, выкрыкне класічнае: «Не веру!»
Урэшце спыніліся на кампраміснай версіі, з якой пагадзілася большасць. У ёй няма ні каліва хлусні, але ёсць пэўная недагаворка: «У апошні дзень майго дзясятага класа…». Так, калі палічыць, колькі гадоў юны амерыканец вучыцца ў школе, то другі год high school пасля базавых васьмі будзе якраз дзясятым класам. Але ўсё-ткі, напісаўшы так, варта дадаць яшчэ і зорачку, а ўнізе старонкі адной-дзвюма фразамі коратка патлумачыць пра амерыканскую сістэму школьнай адукацыі. Заадно і беларускага чытача трохі адукуем. Так будзе амаль high school.