• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Мы вернем тое, што ў нас забралі”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 36

“Мы вернем тое, што ў нас забралі”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 36

Апошняе абнаўленне: 15 чэрвеня 2021
“Мы вернем тое, што ў нас забралі”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 36
малюнак Стасі Міронцавай
Метафарай гэтага тыдня няхай будзе цытата з ліста Аляксандра Рэзніка, палітзняволенага: “Нядаўна на шпацыры бачыў дзьмухаўцы. Яны змаглі прарасці на маленечкім лапіку зямлі праз бетон…”   

Спампаваць pdf-версію 36-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Аляксандр Агееў, Віталь Еўмянькоў і Ігар Шаруха

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце не працягваюць працу з трыма беларускамоўнымі выкладчыкамі: Аляксандрам Агеевым, Віталем Еўмяньковым і Ігарам Шарухам.  

Антона Сасноўскага, дырэктара івэнт-агенства, якое арганізоўвала ў Мінску канцэрт гурта “Пошлая Молли”, аштрафавалі на 2175 рублёў за тое, што падчас канцэрта прысутныя выгукалі “Жыве Беларусь!”

Мікола Папека, фота svaboda.org

Мікола Папека, паэт, асуджаны на 2 гады “хіміі” па “карагоднай справе”. Яшчэ 12 берасцейцаў асудзілі на тэрміны да 2 гадоў “хіміі” 8 чэрвеня.

Да Наталлі Дырман, вядомай на Берасцейшчыне дзяячкі ў галіне культуры, прыйшлі сілавікі – пасля вобшуку яе затрымалі.  

Ігнат Сідорчыкпаэт, рэжысёр, актор, мусіць адбыць на “хімію” 13 чэрвеня.

Ігнат Сідорчык

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя атрымала афіцыйнае папярэджанне ад Міністэрства Юстыцыі за ілюстрацыі вядомага дызайнера Уладзіміра Цэслера ў трэцім нумары партыйнага часопісу “Пазіцыя”. 

Беларускі ПЭН-цэнтр атрымаў ліст ад Міністэрства Юстыцыі з патрабаваннем прадаставіць спіс дакументаў “у межах правядзення планавай праверкі на прадмет яе [арганізацыі] адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь і ўласнага статута”.

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта Дзяржкантролю разблакаваў рахункі выдавецтваў «Беларускі кнігазабор», «Янушкевіч» і кнігараспаўсюдніка Knihi.by.


Сімволіка

Вольга Верамеенка

Вольга Верамеенка, якую гвалтоўна затрымалі 3-га чэрвеня пасля ператрусу ў краме “Адметнасць”, пасля выхаду з гарадзенскага ІЧУ адчувае сябе кепска – ў яе моцна падняўся ціск. Але яе нават у такім крытычным стане здароўя спрабавалі выклікаць у міліцыю для падпісання папераў, што тычацца заведзенай на яе адміністрацыйнай справы аб нібыта пікетаванні ў краме “Адметнасць”.

Алене Паўлоўскай пагражаюць звальненнем за бел-чырвона-белыя завушніцы.

Сяргею Бураку прысудзілі 2 гады “хіміі” за некалькі перапостаў сімволікі і абразлівай інфармацыі ў дачыненні да А.Г. Лукашэнкі. 

Наталлю Івяндзікаву пакаралі 6 суткамі адміністратыўнага арышту за тое, што яна нібыта развешвала бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвах. У яе кватэры канфіскавалі кнігу Святланы Алексіевіч.

Яўген Бабак, былы памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска, атрымаў 15 сутак адміністратыўнага арышту за вывешаны бел-чырвона-белы сцяг.


Жыццё за кратамі

Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут даслаў родным ліст, у якім піша, што пасля таго як ён адмовіўся быць дэпартаваным у Польшчу, умовы яго ўтрымання ў турме пагоршыліся: яго перавялі ў іншую камеру, ён падпадае пад пастаянныя праверкі і рапарты пра тое, што стаіць на прафілактычным уліку. 11 чэрвеня стала вядома, што ён захварэў на каранавірус.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Ірына Свірыд – мастачка, яна дасылае малюнкі палітвязням, а таксама навучае іншых, у тым ліку дзетак, як падтрымаць зняволеных. 

Вольга Якубоўская “Паўлу Севярынцу”

Святлана Алексіевіч перадала на дабрачынны аўкцыён кнігу “Время секонд хэнд”, якую яна падпіша для пераможцы.

Жанчыны Беларусі правялі перформанс “Дэкальтэ для Беларусі”, каб прыцягнуць увагу да праблемы бізнэсаў, якія супрацоўнічаюць з рэжымам. 

Артысты Перамогі: музычны праект Partyzanski praspekt, які ўтварыўся ў ліпені 2020 году як рэакцыя на рэчаіснасць, зайграў у падтрымку Сяргея Волкава, зняволенага акцёра і рэжысёра.  

Музыкі падтрымліваюць удзельнікаў мітынга беларусаў на мяжы з Польшчай, які цягнецца ўжо тыдзень. 

Вольга Якубоўская Паўлу Севярынцу


Галасы асобаў

Наталка Бабіна, пісьменніца, даслала пранізлівы ліст 75 палітвязням Брэста з трыма асабістымі гісторыямі і зрабіла ліст акдрытым:

Наталка Бабіна

“Хлопец напісаў з турмы: «Мама, я раней усё думаў: за што я тут? А цяпер думаю: дзеля чаго я тут?» Якая глыбокая думка! Усе мы рана ці позна задумваемся над пытаннем: дзеля чаго мы тут, на гэтым свеце? Усім нам рана ці позна даводзіцца адказваць на гэтае пытанне на судзе — ці на зямным, ці на нябесным, які называюць яшчэ Страшным судом. Момант ісціны надыходзіць для кожнага — і для зняволенага, і для наглядчыка, і для начальніка, і для падначаленага”.

Ігар Случак

Ігар Случак, моўны інспектар, разважае на budzma.by, на тэму таго, што беларусы не змагаюцца за беларускую мову ў сферы паслуг:

“Іншымі словамі, беларус, які не абараняе сваё моўнае права, стварае ўмовы для дыскрымінацыі іншых беларусаў. Ён робіцца саўдзельнікам дыскрымінацыі”.

Барыс Хамайда

Барыс Хамайда, віцебскі актывіст, выйшаў пасля 8 сутак арышту за бчб парасон і стужкі:

«Галоўнае, што я адтуль вынес, – гэта адчуванне блізкага канца гэтага рэжыму. Гэта нябачна візуальна, але дзесьці нібыта ў паветры лунае».


Міжнародная салідарнасць

У Кіеве адкрылася выстава беларускай мастачкі, якая з’ехала з Беларусі, Надзеі Саяпінай “Ліст да мамы”. 

У польскім горадзе Лодзь адкрылася выстава, прысвечаная беларускім пратэстам «Да здравствует Беларусь».

«Да здравствует Беларусь»

Беларуская мастачка Ганна Заброцкая, што жыве ў Польшчы, стварае лялькі ў падтрымку барацьбы беларусаў за волю. 

Заява Французскага ПЭН-клуба адносна сітуацыі ў Беларусі.

Рэктар Таллінскага універсітэта Тыну Війк звярнуўся да ўладаў Беларусі з просьбай дазволіць арыштаванаму Аляксандру Фядуту выступіць у анлайнавым фармаце на міжнароднай канферэнцыі, якая мае адбыцца ў Таліне. 

Больш за 50 вядомых навукоўцаў, журналістаў, культурных і грамадскіх дзеячаў напісалі адкрыты ліст Еўракамісіі  з просьбай стварыць Усходнееўрапейскі універсітэт, размешчаны ў ЕС, дзе будуць вучыцца і працаваць «рэпрэсаваныя ці вымушаныя пакінуць свае краіны» людзі.