Спампаваць pdf-версію 35-га выпуску маніторынга культурнага супраціву
Пераслед, прысуды, культурная палітыка
З Уладзімірам Пятровым Оперны тэатр не працягнуў кантракт.
Уладзімір Пятроў – народны артыст Беларусі, у трупе з 1993 года – у жніўні 2020 разам з Паўлам Латушкам і іншымі купалаўцамі браў удзел у запісах зваротаў супраць гвалту.
Паводле інфармацыі Беларускай Рады Культуры, пасля гучных звальненняў з Вялікага тэатра оперы і балету вядучых салістаў новы дырэктар Вячаслаў Гарбузаў збіраецца звольніць да канца лета артыстаў, якія запісалі відэазварот з асуджэннем гвалту. У ім прынялі ўдзел 188 чалавек.
Трох палітзняволеных з незарэгістраванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі – Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву – вывезлі ў Польшчу з СІЗА. Яны не маюць права вярнуцца ў Беларусь. Вядома, што вызваленне ўзамен на дэпартацыю з краіны прапаноўвалі таксама журналісту Анджэю Пачобуту і старшыні саюзу Анжаліцы Борыс, але яны адмовіліся. Анджэю Пачобуту не перадаюць лекаў для сэрца.
Дзяніс Іваноў, артыст камернага хору, затрыманы 1 чэрвеня на працоўным месцы, атрымаў 15 сутак адміністратыўнага арышту.
У кватэры Аляксея Кузьміна, саліста гурта “Закон Гука”, 2 чэрвеня адбыўся вобшук.
Да Дзяніса Дудзінскага, актора і шоўмэна, і Кацярыны Раецкай, яго жонкі, 2 чэрвеня прыйшлі з вобшукам з Дэпартамента фінансавых расследаванняў.
У кватэры Валярыны Куставай, паэткі і журналісткі, 3 чэрвеня сілавікі ўзламалі дзверы і правялі вобшук. Самой Валярыны ў кватэры ў гэты час не было.
Дадому Аліны Нагорнай, моўнай актывісткі, 3 чэрвеня спрабавала трапіць міліцыя. Гэта не першая іх спроба.
У кватэру да Ігара Кліменкі, артыста хора Беларускай дзяржаўнай філармоніі, 3 чэрвеня намагаліся трапіць невядомыя.
Генпракуратура Беларусі хоча дапытаць экс-прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса па справе аб генацыдзе насельніцтва Беларусі падчас Другой Сусветнай вайны. Пра гэта заявіў кіраўнік следчай групы – старшы пракурор Генпракуратуры Беларусі Эдуард Скуратаў.
За паўгода працы новага Міністра культуры Анатоля Маркевіча змянілася мінімум шэсць кіраўнікоў тэатраў, музяеў і бібліятэк.
Сімволіка
Дзмітрыя Руто, журналіста Tribuna.com, якога затрымалі 1 чэрвеня за бел-чырвона-белы шалік ў аўто, асудзілі на 15 сутак адміністратыўнага арышту.
Зінаіда Смірнова, 62-гадовая пенсіянерка, атрымала штраф 870 рублёў за шалік у белых і чырвоных колерах.
Жыхару Брэста прысудзілі 3 месяцы арышту за тое, што ён сарваў з флагштока дзяржаўны сцяг і кінуў яго на зямлю.
Вольга Верамеенка, уладальніца гродненскай крамы “Адметнасць”, якая спецыялізуецца на продажы тавараў з нацыянальнай сімволікай, была затрыманая 3 чэрвеня за “пікетаванне”. Сілавікі забралі некалькі скрыняў з бел-чырвона-белымі таварамі. Ціск на краму аказваецца са студзеня.
Барыс Хамайда, віцебскі актывіст які распаўсюджвае беларускамоўныя выданні пад бел-чырвона-белым парасонам, затрыманы 3 чэрвеня паводле абвінавачвання ў несанкцыянаваным пікетаванні. Яму прысудзілі 8 сутак адміністратыўнага арышту.
Аляксандру Івуліну, журналісту і блогеру, прысудзілі 30 сутак адміністратыўнага арышту за сцяг, вывешаны ў акне. Па словах Аляксандра і сведкаў, сцяг там не вісеў у гэтым годзе, значыцца, міліцыянты павесілі яго туды, каб сфатаграфаваць і прадставіць у якасці сведчання правапарушэння. Аляксандр Івулін актыўна падтрымлівае пратэст, у тым ліку матэр’яламі на сваім Youtube канале.
Жыццё за кратамі
Ангеліна Туравец, якая адбывала 20 сутак адміністратыўнага арышту ў Віцебскім ІЧУ за маску з бел-чырвона-белым прынтам, распавяла, што кнігі ім выдавалі на 30 хвілін у дзень.
Стэфанія Ціхінская, рэжысёрка і мастачка, якая выйшла пасля 10 сутак адміністратыўнага арышту за бчб сэрцайкі ў акне, распавяла пра ўмовы ўтрымання “палітычных”: перадачы, якія прымаюць у блізкіх зняволеных, не перадаюць зняволеным, могуць атабраць зубную пасту і шчотку, калі пашанцуе, то можна дапрасіцца пракладкі, туалетную паперу, лекі.
Надзея Зелянкова, жонка Аляксандра Васілевіча, сузаснавальніка анлайн-выданняў kyky.org і The Village-Беларусь, уладальніка агенцтва Vondel/Hepta і прасторы Галерэя Ў, пра ўмовы яго ўтрымання ў СІЗА:
«Увесь гэты час ён у турме. Ён не становіцца здаравейшым. Ён жоўтага колеру. Часам перастае жаўцець, становіцца нармальнага, белага. Потым шэрага, потым зноў жоўтага. Вочы ў яго ўвесь час у гноі. Звязкі на назе як былі парваныя і трэба рабіць аперацыю, так яны і будуць парваныя. У яго выпала пломба, ён не можа яе зрабіць у турме».
Алесь Пушкін адмовіўся размаўляць з расейскамоўным следчым. Тым часам яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 30 жніўня.
Марыю Калеснікаву без яе дазволу 3 чэрвеня здымалі для дзяржаўнага тэлебачання.
Наталля Хершэ, палітзняволеная мастачка, знаходзіцца ў карцары. Брату Наталлі паведамілі, што яна «дапускае парушэнне вызначанага парадку адбыцця пакарання». Палітзняволеная знаходзілася ў ШІЗА з 6 па 23 траўня, а 24 траўня трапіла туды зноў.
Паўлу Севярынцу дазволілі спатканне з жонкай і сынам.
Кася Будзько, палітзняволеная, якая праходзіць па студэнцкай справе, піша ў адным з лістоў пра тое, чым для яе з’яўляецца досвед штодзённых судовых паседжанняў:
“На самом деле, если бы меня судили одну, то это было бы настоящей пыткой, каждый день кататься в убер дискомфорте, сидеть и слушать всю эту бредятину и почти не отдыхать. Все перечисленные минусы компенсируются одним плюсом –11 клёвых человек, из-за которых не так тяжело вставать в 6 утра, сидеть на заседании, шутить и слушать смешные шутки, поддерживать друг друга в случае чего, в общем, с ними ездить на суды даже весело))))”
Творчы супраціў і культурны актывізм
Ірэна Кацяловіч падрыхтавала агляд дзесяці беларускіх дызайнераў і дызайнерак, чыя творчасць стала люстэркам грамадскіх настрояў гэтых месяцаў супраціву.
Андрэй Цяпін – “Дзясятка”: кліп, які нагадвае нам пра нашую барацьбу.
Ліза Лянкевіч “А хто яшчэ сябе адчувае ў клетцы? – Беларусы. А што адчуваюць беларусы за рэальнымі кратамі?”; Вольга Якубоўская “Пішыце лісты палітзняволеным. Няхай цеплыня вашых сэрцаў дапаможа ім перажыць гэтыя цёмныя часы”; Цьерд Роярс, “Прызнанне Рамана Пратасевіча на беларускім ТВ”; Ежы Ёрш, KGB-TV; Ліля Квацабая ⬇️
Артысты Перамогі: канцэрт Сяргея Пукста, сродкі ад якога пойдуць на аперацыю для Лявона Цімохіна – гісторыка, настаўніка, паэта, экс-дэпутата Маладзечанскага гарсавету, які дамогся ўсталявання ў цэнтры Маладзечна помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.
Галасы асобаў
Маргарыта Ляўчук, оперная спявачка:
“Ёсць такая вар’яцкая тэорыя: чым горш робіцца і распальваецца абстаноўка, тым хутчэй адбудзецца пералом. І, магчыма, тады гэта ўсё скончыцца, і мы пераможам, і гэта будзе вельмі выпакутаваная Перамога, здабытая літаральна крывёй.
Усё ж такі яшчэ не ўсе зразумелі, што адбываецца. Можа, нам і дадзена ўсё гэта для таго, каб дайшло да кожнага. І дойдзе. Беларусь маленькая краіна, у кагосьці сваяка звольняць, у кагосьці сябра пасадзяць, ў чыіхсьці знаёмых бізнэс адбяруць”.
Мікола Папека, паэт, абвінавачаны па “карагоднай справе”:
“Прысудзяць нам тэрміны – мы адбудзем, а ім з іх прысудамі давядзецца жыць да канца дзён”.
Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік:
“Гэтая рэвалюцыя не скончылася. Людзі сышлі з вуліц, бо гвалт у краіне зашкальвае. Бо канцлагер нарэшце дабудаваны – на руінах цырку. Проста рэвалюцыя перайшла на новы этап. Можна загнаць людзей у турмы і прымусіць сядзець дома, можна зрабіць выгляд, што ўсё скончылася, але супраціў у галовах толькі мацнее. Гісторыю на Акрэсціна не пасадзіш”.
Міжнародная салідарнасць
Асацыяцыя нямецкіх выдаўцоў і кнігагандляроў стварыла петыцыю, дзе асуджае незаконнае затрыманне Рамана Пратасевіча.
Вядомы расійскі стрыт-арт мастак Слава ПТРК праводзіць аўкцыён у падтрымку сем’яў беларускіх палітвязняў: ён прадае фота-прынт мурала ў Мінску, на якім у 2016 годзе сімвалічна дамаляваў калючы дрот.
Еўрапейская пісьменніцкая рада 5 чэрвеня ладзіла анлайнавую літаратурную сустрэчу пад назвай INVASION OF REALITY. Асобная секцыя анлайн-сутрэчы была прысвечана Беларусі, у ёй удзельнічалі паэтка і актывістка Ганна Комар, паэтка і блогерка Марыя Мартысевіч, пісьменнік і перакладчык Дзмітрый Плакс і грамадская дзяячка Алена Макоўская.
“Беларусь вачыма дзяцей” выстава дзіцячага малюнка ў Стакгольме.