У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі) і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Станіслаў Паўлінковіч – асуджаны прысудам суда Магілеўскага р-на на два два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу па арт. 391 КК (абраза суддзі ), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Валерый Лаза – асуджаны прысудам суда Светлагорскага р-на г. на два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Юрый Карніловіч – асуджаны прысудам суда Завадскога р-на г. Мінска на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Павал Бераснёў – асуджаны прысудам суда Маладзечанскага р-на на паўтары гады абмежаванння волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), накіраваны для адбыцця пакарання;
- Віталь Зарадзей – абвінавачаны па арт. 391 КК (абраза суддзі), узяты пад варту ў СІЗА г. Брэста.
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі Станіслава Паўлінковіча, Валерыя Лазы, Юрыя Карніловіча, Паўла Бераснёва, Віталя Зарадзея палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Станіслава Паўлінковіча, Валерыя Лазу, Юрыя Карніловіча, Паўла Бераснёва, Віталя Зарадзея і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
“Ініцыятыва FORB”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.