• Навiны
  • У сваім апошнім слове на судзе Вольга Калацкая прачытала верш Маргарэт Этвуд

У сваім апошнім слове на судзе Вольга Калацкая прачытала верш Маргарэт Этвуд

Апошняе абнаўленне: 23 сакавіка 2021
У сваім апошнім слове на судзе Вольга Калацкая прачытала верш Маргарэт Этвуд
Вольга Калацкая, фота Надзеі Бужан, Наша Ніва (nn.by)
23 сакавіка адбылося судовае паседжанне па справе перакладчыцы Вольгі Калацкай, якую абвінавачваюць у злосным хуліганстве па п. 1 і 2 артыкула 339 КК РБ.

Як вызначыла следства, яна не менш за адзін раз дала поўху журналісту дзяржаўнага тэлеканалу СТВ Рыгору Азаронку падчас масавай акцыі 15 лістапада 2020 года. Інцыдэнт адбыўся ў раёне ст. м. Пушкінская ў Мінску, дзе сабраліся жыхары гораду, каб ушанаваць памяць мастака Рамана Бандарэнкі, які загінуў за тры дні да таго пасля сутычкі з невядомымі  ў двары свайго дому.

Дзяржабвінаваўца Валерыя Таратайка запатрабавала для падсуднай двух гадоў абмежавання волі ў хатніх умовах, не зважаючы на тое, што пацярпелы Рыгор Азаронак не падаваў заявы ў міліцыю, ад прэтэнзій да Калацкай адмовіўся і напісаў хадайніцтва пра спыненне ў дачыненні яе крымінальнай справы, а бакі замірыліся ў зале суда. Абвінавачанне кажа пра “падвойны аб’ект злачыннага пасягальніцтва”: маўляў, Калацкай атакаваны не проста журналіст, але і нормы грамадскай маралі.

Адвакат Калацкай патрабуе мягчэйшага прысуду для сваёй падабароннай, у тым ліку з увагі на тое, што тая ажыццяўляе догляд за састарэлай маці, якой у сакавіку 2021 года споўнілася 90 гадоў.

У працэсе слухання да справы паводле хадайніцтва адваката Юрыя Сташкевіча быў далучаны зварот Міжнароднага ПЭНу да суддзяў з патрабаваннем літасцівага выраку для Вольгі Калацкай, якая з’яўляецца высокакваліфікаванай лінгвісткай, перакладаючы мастацкія і дакументальныя кнігі з беларускай мовы на англійскую і абеларушчваючы творы сусветна вядомых англамоўных пісьменнікаў, сярод якіх Маргарэт Этвуд, Вірджынія Вулф, Ўільям Голдынг, Тэнэсі Ўільямз.

Вольга Калацкая зачытала сваё апошняе слова, у якім яшчэ раз вярнулася да моманту, калі “парушыла фізічныя межы” Рыгора Азаронка:

“12 лістапада 2020 года памёр збіты Раман Бандарэнка. Я вельмі смуткавала і была ў глыбокай жалобе, глыбока суперажывала маці, якая страціла свайго адзінага сына. Думаю, тое самае адчувалі мае знаёмыя і блізкія.

15 лістапада я вырашыла з’ездзіць на Усходнія могілкі, на магілу свайго памерлага бацькі (…) Каля станцыі метро «Пушкінская», я ўбачыла людзей, з якімі размаўляў Азаронак. Ён пытаўся: «Чаму вы сюды прыйшлі? Што вы ведаеце пра яго?

Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі?

Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі?

Як імя па бацьку Рамана Бандарэнкі?»

Не атрымаўшы адказу, Азаронак спытаў: як жа вы можаце смуткаваць па Бандарэнку, калі нават не ведаеце ягонае імя па бацьку?

Не трэба быць філолагам, каб зразумець, што гэта рытарычнае пытанне. Сэнс зразумелы: вы хлусіце, што смуткуеце. І гэта значыць, мы не спачувалі загінулым у метро, калі не ведалі іх імёны па бацьку? Я была настолькі абураная, абражаная адсутнасцю звычайнай чалавечай эмпатыі, што не змагла стрымацца. Я была ў стане скрайняга эмацыйнага ўзрушэння. Шкадую я? Шкадую. Бо праз гэты індыдэнт я — адзіная дачка — не магу даглядаць за сваёй маці”.

Калацкая заклікала Высокі суд да літасці і выраку, які не абмяжуе яе свабоду нагэтулькі, што яна не зможа ў позні час або на выходных тэрмінова выйсці па лекі для знямоглай маці або адвезці яе ў больніцу:

“Я не ўмею прасіць, але ў вас таксама ёсць бацькі, якія калісьці стануць старымі і бездапаможнымі”.

Калацкая таксама падзякавала журналісцкім ды пісьменніцкім арганізацыям і ўсім, хто яе падтрымліваў падчас зняволення. У асаблівасці — канадскай пісьменніцы Маргарэт Этвуд, якая заклікала ўлады Беларусі да неадкладнага вызвалення перакладчыцы.

Напрыканцы сваёй прамовы Калацкая прачытала верш з вядомага раману Этвуд “Пенелапіяда”, які выйшаў па-беларуску ў 2018 годзе і які яна пераклала супольна з Марыяй Мартысевіч. Сімвалічна тое, што раман сканчаецца судовым працэсам, і верш гэты — апошняе слова, якое звяртаюць да здані Адысея здані забітых ім дзяўчат-служак:

бязмоўныя

бястварыя

бязьвінныя

ахвяры мы

бяспраўныя

рабыні мы

гурток нямы

ды як ты мог?!

лічыў, ты бог?

сюды цяпер

ты трапіў сам

няма нідзе

спакою нам

будзем цяпер

заўжды ў журбе

гукаць цябе

гікаць табе

сваю тугу

тугу тугу

угу угу

угу 

Суддзя Ала Скуратовіч абвесціла перапынак у працэсе да 16:00 24 сакавіка. Прысуд будзе абвешчаны ў Судзе Фрунзенскага раёна горада Мінска (вул. Дуніна-Марцінкевіча 1/2).