На выходных адбылося пасяджэнне Камітэта пісьменніц Міжнароднага ПЭНа (PI WWC), у якім узялі ўдзел намесніца cтаршыні Беларуcкага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай і сябра Рады Марыя Мартысевіч. У межах канферэнцыі абмяркоўвалася становішча пісьменніц у розных краінах і рызыкі, з якімі яны вымушаныя сутыкацца, таксама гаварылася пра выклікі, якія паўстаюць перад Камітэтам і перад кожнай з жанчын асабіста; узнімалася пытанне пісьменніц у выгнанні і становішча пісьменніц у аўтарытарных краінах.
Падчас пасяджэння былі арганізаваныя так званыя “Пустыя крэслы” (Empty chair), якія пакідаюць свабоднымі для тых прадстаўніц, якія не маюць магчымасці далучыцца да сустрэчы з прычыны зняволення. Такія “крэслы” даюць магчымасць распавесці гісторыі жанчын, якія пакутуюць за сваю грамадзянскую пазыцыю, за тое, што яны актыўна выказваюцца праз сваю творчасць, чым нярэдка вымашаюць улады адчуваць сябе няёмка. Адно з такіх крэслаў была пакінутае за Вольгай Калацкай. Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Міжнародным ПЭНам ініцыявалі яго з’яўленне, а Марыя Мартысевіч распавяла пра справу Вольгі, нагадаўшы, што ёй зараз як ніколі патрэбная падтрымка.
Нагадаем, што беларуская перакладчыца ўтрымліваецца пад вартай з 15 студзеня 2020 года. Вольга Калацкая пераклала на беларускую мову кнігі Маргарэт Этвуд, Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Уільямса і Уільяма Голдынга, а таксама рабіла пераклады фільмаў і мультфільмаў. З пачатку масавых акцый пратэсту ў Беларусі, пасля фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў у жніўні мінулага года, Калацкая падтрымлівае мірных дэманстрантаў у сваім раёне.
Заўтра 23.03.2021 адбудзецца першае судовае пасяджэнне па справе Вольгі Калацкай у судзе Фрунзескага района г. Мінска а 10:30.