Журналісткі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева (Бахвалава) пакараныя двума гадамі пазбаўлення волі у калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне прыняла суддзя Фрунзенскага суда Мінска Наталля Бугук. Кацярына і Дар’я 15 лістапада 2020 года вялі стрым з «Плошчы пераменаў» у Мінску. Іх прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Мы лічым прысуд палітычна матываваным, яго мэта — застрашыць усіх супрацоўнікаў медыя, каб яны не выконвалі свае прафесійныя абавязкі па асвятленню грамадска значных падзей у краіне, што па сутнасці вядзе да забароны на прафесію.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртае ўвагу, што свабода выказвання меркавання і права на распаўсюд інфармацыі гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававымі абавязацельствамі дзяржавы (у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 19).
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе:
– Перагляду судовай пастановы па справе Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), журналістак канала “Белсат”;
– Вызваліць журналістак Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) з-пад варты;
– Спыніць пераслед журналістаў і медыя ў краіне.
Заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць падтрымаць гэтыя патрабаванні.
Крыніца: Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.