• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Быць вартым такога народу” – беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 19

“Быць вартым такога народу” – беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 19

Апошняе абнаўленне: 16 лютага 2021
“Быць вартым такога народу” – беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: выпуск 19
Зіма заканчваецца, і вольная беларуская культура прабіваецца праз снягі. Мы верым – вясна хутка прыйдзе.

Затрыманні, прысуды, пераслед

Жанна Баброўская, фота TUT.BY

Жанна Баброўская, жыхарка Навагрудка, атрымала 10 сутак адміністратыўнага арышту за нашытую на адзенне жоўтую габрэйскую зорку падчас экскурсіі пра Халакост, якія ў горадзе сталі рэгулярнымі і на якіх людзей пачалі затрымліваць.

Валянціна Крыштопенка, жыхарка Віцебска, інвалід 1 групы, атрымала штраф памерам 40 базавых велічынь (1160 рублёў) за фотаздымак з цытатай з “Бібліі”: “Калі ўладарыць бязбожнік – народ стогне”.

Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай высунутае новае абвінавачванне: “змова з мэтай захопу ўлады”, “стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраванне ім”. Згодна з гэтым абвінавачваннем, ім пагражае ад 8 да 12 гадоў зняволення.

Валеру Есіпёнку, уладальніку крамы “Мой модны кут”, які мусіў выйсці на волю 12 лютага, адседзеўшы 15 сутак арышту, дадалі яшчэ 5 сутак за нібыта «непадпарадкаванне пры затрыманні».

Андрэя Драгуна, музыку, які 11 лютага граў у пераходзе на станцыі метро “Няміга” ў Мінску, асудзілі на 20 сутак адміністратыўнага арышту.

Вольга Семчанка

Вольга Семчанка, супрацоўніца Магілёўскага драмтэатра, затрыманая 11 лютага проста са свайго працоўнага месца (гэта трэцяе яе затрыманне). З ёй правялі “прафілактычную гутарку”. 

АМАП уварваўся на канцэрт гурта “Разбітае сэрца пацана”, які праходзіў пад Смалявічамі. Былі затрыманыя 68 чалавек, сярод якіх удзельнікі гурта Павал Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка, Анастасія Доль (штраф 30 базавых велічынь), мэнаджарка гурта, Уладзь Лепяшынскі і Валерыя Суравіцкая (атрымала 15 сутак адміністратыўнага арышту) – музыкі.


Ціск, звальненні, забароны

Аляксей Саладухін, фота з архіва музычнага каледжа

Аляксей Саладухін, дырэктар Гродзенскага музычнага каледжа, звольнены са сваёй пасады. На ўчастку, дзе Аляксей быў старшынёй падчас галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, перамагла Святлана Ціханоўская, а пасля ён не звальняў работнікаў і не адлічваў студэнтаў падчас пратэстаў. 

Ніну Скрыбец, жыхарку Віцебска, спачатку аштрафавалі на 1450 рублёў за пікет, у якім яна не ўдзельнічала, а потым звольнілі з працы. 

Аксана Гайко, кіраўніца незалежнай культурніцкай прасторы “Крылы халопа” ў Брэсце, якую падазраюць ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асоба буйных памерах, каментуе закрыццё прасторы:

Аксана Гайко

“Загнаць у кут, каб людзі сядзелі ціха, бы мышы пад венікам. Асабіста нам стварылі такія ўмовы, каб працаваць было немагчыма. Калі пасля адкрыцця выставы Максіма Сарычава “Я амаль магу чуць птушак” да нас прыйшлі прадстаўнікі МНС, стала зразумела, што не варта выпрабоўваць лёс. Не выключаю, што наступнымі візіцёрамі ў галерэю былі б невядомыя людзі ў чорных масках”.

На краму “Князь Вітаўт” у Брэсце, якая гандлюе прадукцыяй з нацыянальнай сімволікай, працягваецца ціск. 11 лютага прайшло судовае пасяджэнне, па выніках якога крама мусіць выплаціць штраф 5800 рублёў за парушэнні, на якія звычайна праверкі заплюшчваюць вочы. Ціск на краму пачаўся яшчэ паўтары гады таму – з прычыны цішотак з выявай аўтазаку і надпісам «Welcome to Belarus», а перад прэзідэнцкімі выбарамі ўзмацніўся.

Ганна Зеніна, 13-гадовая мінчанка, якая вучыцца граць на саксафоне ў адной з мінскіх музычных сярэдніх установаў, ужо некалькі гадоў удзельнічае ў школьным Духавым квартэце, адмовілася браць удзел у конкурсе “Маладыя таленты Беларусі”, які праводзіць Першы канал Беларускага Радыё. Матывавала сваю адмову грамадзянскай пазіцыяй: яна не згодная з глабальнай пазіцыяй Белтэлерадыёкампаніі. Кіраўнік выключыў яе з квартэта.


Сімволіка

Некалькі дзесяткаў людзей пакаралі штрафамі ці адміністратыўным арыштам за бел-чырвона-белыя колеры і герб “Пагоня”.

Аляксандра Маісеева, асістэнта кафедры агульнай і артапедычнай стаматалогіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, звольнілі за “прагулы” – двое сутак, якія ён правёў у ІЧУ за бел-чырвона-белыя фіранкі ў вокнах сваёй кватэры. 

На сайце газеты “СБ. Беларусь сегодня” з’явілася перайначаная фатаграфія 1941 года з фашысцкай свастыкай, якая ў арыгінале з’яўляецца чорна-белай, а пад ёй подпіс – “вось да чаго прыйшлі пад бчб-сцягам“. У адказ з’явілася петыцыяаўтар якой  мяркуе, што скажэнні дакументальных доказаў у публікацыі зробленыя наўмысна, з мэтай стварыць устойлівыя негатыўныя асацыяцыі з бел-чырвона-белым сцягам, а подпіс пад здымкам з асабістымі меркаваннямі аўтара, накіраваны выключна на тое, каб сфармаваць у чытача перакананне, якое прымяншае гонар і годнасць людзей і падзей, якія праходзілі ў нашай краіне пад бел-чырвона-белым сцягам.

Барыс Хамайда, віцебскі актывіст, быў затрыманы, калі ён пад бел-чырвона-белым парасонам распаўсюджваў беларускія выданні. З ім правялі гутарку, прыгразіўшы, што будуць затрымліваць кожны раз і выпісваць штраф, пазбавіўшы яго такім чынам сродкаў на існаванне. 

Барыс Хамайда, фота racyja.com

Творчы супраціў

“Малітва” Янкі Купалы ў выкананні “Вольнага хору”.

У новым выпуску праекта “Словы мацней” музыка, паэт, мастак і тэлевядоўца Андрусь Такінданг, які ў лістападзе адсядзеў 15 сутак за выступ на дваравым канцэрце, чытае верш Паўлюка Шукайлы

Прэм’ера дакументальнага фільма «Мы не знали друг друга до этого лета» рэжысёркі Вольгі Абрамчык адбылася 8 лютага. Гэта хроніка пратэставых падзей 9-16 жніўня 2020 года, якая цалкам складаецца з любіцельскіх здымкаў.

Шматдзетныя маці сабраліся на фотасесію ў бел-чырвона-белых колерах, каб паказаць, што гэтае спалучэнне колераў – не экстрэмісцкае, а неад’емная частка нашай гісторыі і культуры ды сімвалізуе чысціню, прыгажосць і любоў.  

Аляксей Кузьміч, мастак-акцыяніст, які быў затрыманы 9 жніўня пасля мастацкай акцыі, праведзенай да дня выбараў, і збіты, на Акрэсціна яго катавалі, піша кнігу пра акцыянізм у Беларусі ад 1990-х да нашых дзён, яе можна падтрымаць па спасылцы

Раман Абрамчук, музыка, публіцыст, экскурсавод, склаў першы турыстычны маршрут па пратэставых мясцінах Мінска. 

Дакументальны фільм Аляксея Палуяна «Кураж» (пра “дух годнасці, які прачнуўся ў беларускім грамадстве летась”) трапіў у праграму Берлінскага кінафестывалю – аднаго з найбуйнейшых у свеце. Фільм будзе прадстаўлены ў секцыі Berlinale Special. 

Канцэрт гурта VAL (які быў абраны прадстаўляць Беларусь на конкурсе песні «Еўрабачанне», але БТ скасавала кантракт з дуэтам праз іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у акцыях пратэсту) у рамках серыі “Артысты Перамогі” прайшоў 13 лютага. 

Каб адзначыць паўгода з пачатку мірных пратэстаў “жанчын у белым”, выдалі кліп на верш паэткі Ганны Комар “Целам сваім”. 

Новыя творы мастацтва:

Вольга Якубоўская прысвяціла новую працу Максіму Знаку; Вясна ўжо блізкаЮрыя Лядзянаcactuss.art.


Галасы асобаў

Сяргей Законнікаў, паэт:

Сяргей Законнікаў

“У жнівеньскія дні 2020 года я разам з жонкай Ліляй удзельнічаў у чатырох маршах. Гледзячы на радасныя ўсмешкі соцень тысяч людзей, асабліва дзяўчат і жанчын, на прыгожыя сцягі, выявы Пагоні, мне падалося, што ў гэтыя хвіліны ў краіну вяртаецца душа нацыі, настае тое самае сапраўднае адзінства. Але неўзабаве светлыя дні былі заслонены “чорнымі людзьмі”. Без дэмантажу дыктатарскай сістэмы ў Беларусі не будзе ніякага адзінства”.

Аляксандр Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, падвёў вынікі паўгадовага беларускага пратэсту:  

“Вынікам шасці месяцаў пратэсту стала паскоранае фармаванне нацыі. Але з пункту гледжання этнічных нацыяналістаў (у добрым сэнсе) нацыя яшчэ не сфармавалася. Для гэтага патрэбныя агульнараспаўсюджаная беларуская культура і мова”.

Віктар Бабарыка, фота svaboda.org

Віктар Бабарыка, мецэнат культуры, былы кіраўнік “Белгазпрамбанка”, кандыдат на выбарах Прэзідэнта 2020 года, палітзняволены, з-за кратаў даў інтэрв’ю выданню Deutsche Welle: 

“Мне б вельмі хацелася быць вартым такога народу. Тых, хто нягледзячы на ўсю несправядлівасць і жорсткасць, захавалі сваю чысціню. Я разумею, што апошні год даў нам шмат маладых і годных людзей, які цалкам здатныя прэтэндаваць на ролю лідэра”.

Алесь Бяляцкі, праваабаронца, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, былы палітвязень і вязень сумлення, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча (2014), аб палітычных рэпрэсіях: 

“Нейкая частка зняволеных можа выйсці з калоній пад ціскам міжнароднай супольнасці і з той элементарнай прычыны, што такую колькасць палітвязняў няма дзе ўтрымліваць. Справа ў тым, што ў Беларусі існуюць толькі 6 ці 7 калоній для першаходак, але ў звычайную калонію столькі палітвязняў адначасова не загоніш – яны зламаюць усе правілы, устаноўленыя адміністрацыяй. Калі, вядома, не будаваць асобную калонію для палітвязняў”.


Міжнародная салідарнасць

Кацярына Андрэева

Кацярына Андрэева – журналістка, аўтарка (разам з Ігарам Ільяшам) кнігі “Беларускі Данбас” пра ролю Беларусі ва ўкраіна-расейскай вайне, палітзняволеная, якая была затрыманая 15 лістапада (разам з аператаркай Дар’яй Чульцовай) за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі, і абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У межах міжнароднага праекту салідарнасці з палітвязнямі яе «хросным» стаў сусветна вядомы нямецкі філосаф Юрген Габэрмас.

Асацыяцыя пісьменнікаў аўстрыйскага горада Грац накіравала ліст амбасадару Рэспублікі Беларусь у Аўстрыі з патрабаваннем неадкладнага вызвалення беларускіх палітвязняў і спынення гвалту і беззаконня.

14 лютага ў Токіа адкрылася выстава, прысвечаная беларускаму пратэставаму мастацтву, пры падтрымцы «Згуртавання беларусаў Японіі».  

Выстава ў Токіа

Вольга Такарчук, польская пісьменніца, лаурэатка Нобелеўскай прэміі 2018 года, падтрымала беларусак, якія выходзяць на пратэсты: 

Вольга Такарчук, фота Leonardo Cendamo / Getty Images

“Я думаю пра беларускіх жанчын-палітыкаў, імёны якіх зрабіліся сімвалам барацьбы за дэмакратыю і пра якіх гавораць ва ўсім свеце. Пра выкрадзеную Марыю Калеснікаву, якая парвала пашпарт на мяжы, каб пазбегнуць дэпартацыі ў Украіну. Пра вымушаную эміграцыю Святланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкала. Пра вывезеную сілай на мяжу з Польшчай Вольгу Кавалькову. Але больш за ўсё, мабыць, я думаю пра Святлану Алексіевіч, выбітную пісьменніцу, нобелеўскую лаўрэатку, апошнюю, наколькі я ведаю, хто застаўся на волі з Каардынацыйнай Рады”.


Аўкцыён 

Яўген Смарыгін, беларускі актор, рэжысёр, сцэнарыст і тэлевядоўца, былы гулец беларускай каманды КВН “ЧП”, выставіў на аўкцыён форму сваёй каманды. 

“Я вельмі хачу, каб гумар і сатыра змаглі прарвацца праз перашкоды цэнзуры і бязглуздасці і дапамаглі дабру перамагчы зло”. 

Гурт N.R.M. выставіў на аўкцыён рок-карону па выніках 15-годдзя, каб падтрымаць рэпрэсаваных музыкаў.


Рознае

8 месяцаў таму была арыштаваная калекцыя карцін Белгазпрамбанка (паўтары сотні карцін агульным коштам каля 20 мільёнаў даляраў). З таго часу карціны па-ранейшаму захоўваюцца ў сховішчы галерэі “Арт-Беларусь”, ніякіх следчых дзеянняў у дачыненні іх не вялося. 

Калекцыя Белгазпрамбанка, фота TUT.BY

Спампаваць pdf-версію 19-га выпуску маніторынга культурнага супраціву