• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Мы крычым, і свет пачынае слухаць” – выпуск 16 пра тое, як выжывае і супраціўляецца беларуская культура

“Мы крычым, і свет пачынае слухаць” – выпуск 16 пра тое, як выжывае і супраціўляецца беларуская культура

Апошняе абнаўленне: 26 студзеня 2021
“Мы крычым, і свет пачынае слухаць” – выпуск 16 пра тое, як выжывае і супраціўляецца беларуская культура
Новы выпуск дайджэста культурнага супраціву ў Беларусі па-ранейшаму асвятляе несправядлівыя і незаконныя затрыманні, прысуды і пераслед; фіксуе факты звальненняў, забаронаў і ціску праз палітычныя погляды; адзначае новыя выпадкі рэпрэсій за сімволіку; а таксама дэманструе міжнародную салідарнасць з Беларуссю і творчы запал супраціву - новыя творы мастацтва і галасы асобаў.

Спампаваць pdf-версію шаснаццатага выпуску маніторынга культурнага супраціву


Музыку з Гародні Юрыя Лакціёнава абвінавачваюць у перавозцы незалежнага выдання; Віктара Царыкевіча з Мастоў судзяць за акцыі з БЧБ-сцягамі на дрэвах, размалёўванне прыпынкаў і выкарыстанне пудзілаў у міліцэйскай форме; былую кіраўніцу аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама Ірыну Жабараву судзяць па справе за хабарніцтва; мастака Уладзіміра Грамовіча і арт-менеджарку Лесю Пчолку затрымалі ў Мінску падчас ланцугоў салідарнасці; фатографку Рыту Новікаву затрымалі ў Мінску падчас акцыі “Ежа замест бомбаў”; малады паэт, рэжысёр і актор Ігнат Сідорчык ужо амаль паўгода сядзіць на Валадарцы за тое, што вечарам 10 жніўня выйшаў па цыгарэты. Па дарозе дадому Ігната затрымалі, палічыўшы арганізатарам чата для сяброў “Прагулка”. 

Кнігавыдаўцы Генадзь Вінярскі і Андрэй Янушкевіч не маюць магчымасці займацца сваёй справай, бо іхняя тэхніка канфіскаваная, а рахункі заблакаваныя супрацоўнікамі ДФР. Забралі кампутар і тэлефон, а таксама правялі ператрусы і ў баранавіцкага ўладальніка крамы з нацыянальнай сімволікай «Росквіт» Юрыя Казакевіча. Выкладчык з Віцебску Анатоль Грышкевіч далучыўся да страйку з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі. У Навагрудку ўжо не ў першы раз прайшла “экскурсія пад канвоем”: яе ўдзельнікі выказваюць салідарнасць з асуджанымі гараджанамі і жыхарамі ўсёй Беларусі зоркамі з лічбамі «23.34» на вопратцы. Экскурсантаў заўсёды суправаджае міліцыя.

Творчы супраціў: песня “Не чапай”  і відэа да яе праекта Koob Dele, “Стабільнасць” Лілі Квацабай, “Бяз назвы” by @aftahov, “Снежны марш” Вольгі Якубоўскай; анлайн-фэст Артысты Перамогі, дзіцячыя малюнкі ў падтрымку Ігара Лосіка. 

Міжнародная салідарнасць: часопіс PEN/Opp Шведскага ПЭНа працягвае публікацыі, прысвечаныя Беларусі; паэтычны “Фестываль надзеі” распачаўся з круглага стала, на якім абмаркоўвалі палітычную і сацыяльную сітуацыю ў Беларусі; прэзентаваны супольны арт-праект пра мастацтва і беларускія падзеі Echoes. Voices from Belarus; саюз нямецкамоўных перакладчыкаў літаратурных і навуковых твораў выказвае салідарнасць з Беларуссю і арыштаванай перакладчыцай Вольгай Калацкай.


Чытайце падрабязнасці падзей мінулага тыдня ў pdf-версіі выпуска №15.

Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.