15 студзеня ў Мінску была арыштаваная перакладчыца літаратуры з Беларусі Вольга Калацкая. Двое мужчын у цывільным прыйшлі ў яе кватэру і адвезлі ў РАУС – гэтай інфармацыяй яна змагла падзяліцца ў Facebook. З таго дня яна знаходзіцца пад вартай.
Арышт Вольгі Калацкай трэба разглядаць у кантэксце мэтанакіраваных нападаў рэжыму на незалежную літаратурную і выдавецкую дзейнасць ў апошнія дні. 13 студзеня выдавец Генадзь Вінярскі і дызайнер кніг Анатоль Лазар былі затрыманыя, у іх забралі камп’ютэры, а рахункі выдаўца замарожаныя. 15 студзеня па гэтай жа схеме прыйшлі да выдаўцоў Андрэя Янушкевіча, Сяргея Макарэвіча і кніжнага інтэрнэт-прадаўца Алеся Яўдахі. Цяпер яны на волі, але павінны захоўваць у таямніцы падрабязнасці спраў, бо падпісалі паперу аб неразгалошванні.
Арыгінал заявы можна прачытаць па спасылцы.