Каляднае зацішша – час сабрацца з новымі сіламі, каб працягваць творчы супраціў. Выпуск 12

Апошняе абнаўленне: 29 снежня 2020
Каляднае зацішша – час сабрацца з новымі сіламі, каб працягваць творчы супраціў. Выпуск 12

Затрыманні, суды

21 снежня, пасля абскарджання, судом вышэйшай інстанцыі была адмененая пастанова Кастрычніцкага суда г.Мінска ад 7 снежня, паводле якой музыка і літаратар Уладзь Лянкевіч атрымаў 15 сутак арышту, але Уладзь адбыў арышт цалкам. 

Ягор Шумскі, фатограф і дызайнер, затрыманы ў двары свайго дома ў Мінску 20 снежня, атрымаў 13 сутак арышту. 

Аляксандр Маўчанаў

Аляксандр Маўчанаў, актор тэатра і кіно, быў затрыманы вечарам 27 снежня на адзіночным пікеце ў Мінску.

28 снежня Аляксандр атрымаў 11 сутак адміністратыўнага арышту.

Андрэй Прыстаўка, жыхар Брэста, затрыманы ў сёмы раз. 28 снежня суд прысудзіў Андрэю 15 сутак арышту і пастанавіў знішчыць сцяг з гербам “Пагоня”, канфіскаваны ў затрыманага.

26 снежня некалькі жыхароў Серабранкі зладзілі прабежку ў касцюмах Дзеда Мароза, падчас якой яны дарылі дзецям цукеркі. Прабежка адбылася без палітычных лозунгаў і сцягоў, але на яе прыехалі 4 бусы сілавікоў: адбыліся разгон і затрыманні. Ганна Загурская атрымала 20 сутак арышту, Вольга Сераглазава – штраф 20 базавых велічынь (540 рублёў). 

Уладзімір Ягоўдзік

Уладзімір Ягоўдзік, дзіцячы пісьменнік, быў затрыманы 27 снежня, калі ішоў карміць птушак да ракі. Ноч пісьменнік правёў у Цэнтральным РУУСе, а 28 снежня суд аштрафаваў яго на 30 базавых велічынь (810 рублёў). 


Ціск, звальненні, забароны, эміграцыя

Уладзімір Пугач, музыка, сябар асноўнага складу Каардынацыйнай рады, быў выкліканы на допыт у Следчы камітэт 23 снежня. Допыт цягнуўся тры з паловай гадзіны. 

Рэгіна Саркісава

У канцы кастрычніка з Вялікага тэатра Беларусі звольнілі пяцёх таленавітых прафэсіяналаў, якія адважыліся публічна перад пачаткам спектакля выказацца супраць гвалту ў краіне. Гэта былі дырыжор Андрэй Галанаў, саліст Ілля Сільчукоў, канцэртмайстарка аркестра Рэгіна Саркісава, музыкі аркестра Ала Джыган і Аляксандра Пацёміна.

Чацвёра з іх з’ехалі з Беларусі: Саркісава і Галанаў – у Літву, Джыган – ў Швейцарыю да дачкі, Сільчукоў – у ЗША. 

Падрабязней пра акалічнасці ад’езду Рэгіны Саркісавай: днём 3 снежня ёй патэлефанавалі з РУУС з патрабаваннем з’явіцца па позве “за зрыў мерапрыемтсва”. Рэгіна не стала чакаць сустрэчы ў РУУС, а тут жа сабрала валізкі і з’ехала ў Вільню.  

У Мінскай галерэі Міхаіла Савіцкага праз 48 хвілін пасля адкрыцця закрылі выставу “Достаточно” – міжнародны праект мастачак. Незадаволенасць справакаваў блок Жаны Капуснікавай, некаторыя яе працы адлюстроўвалі бягучыя падзеі і змяшчалі розныя варыянты слова “достаточно” на беларускай мове: “Годзе!”, “Даволі”, “Досыць!”.


Рэпрэсіі за сімволіку

Віктар Стукаў, полацкі актывіст, праваабаронца і журналіст, правёўшы 72 гадзіны за кратамі, атрымаў штраф у 10 базавых велічынь (270 рублёў) за сцяг на балконе.

Фота носіць ілюстрацыйны характар. Фота “Наша Ніва”

Кастусь Лісецкі, рэдактар часопіса “Роднае слова”, бас-гітарыст гурта Recha, атрымаў штраф 20 базавых велічынь за  бел-чырвона-белы сцяг у акне – на яго паскардзілася настаўніца 68-й школы горада Мінска.

Жыхара горада Бяроза Змітра Труцько затрымалі каля дзвярэй уласнай кватэры і на 72 гадзіны змясцілі ў раённы ІЧУ за бел-чырвона-белы сцяг на балконе. Справу даслалі на дапрацоўку. 


Творчы супраціў

Фонд культурнай салідарнасці і творчы праект Freedom Belarus прэзентавалі сумесны фотапраект. Яго героі – творчыя асобы, якія пацярпелі падчас пратэста-2020: журналістка Наталля Лубнеўская, актрыса Алена Гіранок, дуэт VAL, музыка і мастак Андрусь Такінданг, музыка і педагог Леанід Паўлёнак, гімнаст і колішні артыст Cirque du Soleil Сямён Букін. Кожны з іх сказаў, што для яго значыць паняцце “СВАБОДА”.

Адкрыўся віртуальны музей сцягоў гарадскіх раёнаў, рэгіёнаў і дыяспар.

Адбылася прэм’ера анімацыйнага кліпа на песню «Свабода», беларускамоўную версію легендарнай песні «Kocham wolność» польскага гурта Chłopcy z Placu Broni, у выкананні Змітра Вайцюшкевіча.

Грамадзянская кампанія «Годна» зладзіла трэцюю калядную анлайн-сустрэчу «Годны двор»

Беларускі пратэст і мастацтва на шэрых панэльках: “Наша Ніва” склала топ-20 беларускіх кліпаў 2020 года. 

У Гродна адкрылася выстава калядных конікаў. Валянціна Шоба, мастачка, аўтарка выставы, прызнаецца: “У нас цяпер адзін галоўны конь — гэта Пагоня. Аўтаматычна ён пераходзіць у калядных конікаў, пернічных. Снег, коні, вельмі ўсё прыгожа, калядная казка… Гэта вельмі прыгожае свята, свята жаданняў, коні таксама чароўныя. Я спадзяюся, што ва ўсіх нас усе жаданні споўняцца”

Вольга Шпарага, філосафка, выкладчыца ECLAB, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра і Каардынацыйнай рады, правяла анлайн лекцыю-гутарку “Вынікі Беларусі 2020: жанчыны знаходзяць новыя сілы” на тэму жаночых пратэстаў і перспектываў развіцця жаночага руху ў Беларусі. 

Праца Уладзімір Цэслера “Судны дзень”.


Галасы асобаў

Святлана Анікей, акторка Купалаўскага тэатра, якая пакінула тэатр на знак пратэсту разам з астатнімі, найлепшая акторка па версіі 15-га Агульнапольскага фестывалю сучаснай драматургіі. Святлана часова выехала з Беларусі ў Польшчу. 

“Я купляла ў крамах толькі тое, што я магу купляць, толькі тое, што не корміць улады. У мяне ўсё было вельмі строга. Кожны чалаваек змагаецца як можа з гэтай сістэмай. З кожным днём гэта становіцца як манастыр нейкі. Гэта поўны аскетызм у жыцці, але людзі згодныя цярпець усё што толькі мажліва, абы скончыліся гэтыя страшныя часы, гэтыя забойствы, гэты жах”.

 

Вальжына Морт, беларуска-амерыканская паэтка, якая жыве ў горадзе Ітака ў штаце Нью-Ёрк, дзе выкладае ў прэстыжным Карнэльскім універсітэце. дала інтэрв’ю “Радыё Свабода”. Паэтычны зборнік Вальжыны «Music for the Dead and Resurrected» («Музыка для мёртвых і ўваскрэслых»), які выйшаў сёлета, залічаны ў топ найлепшых паэтычных выданняў 2020 году ў ЗША.

“Мы бачым, як усе працуюць цяпер над тым, каб памятаць, бо памяць — гэта дзеянне. Нездарма людзі атрымліваюць суворыя прысуды за тое, што пісалі словы на асфальце: мы будзем птрэба ўмець заўважаць маленькія дэталі, заўважаць гэтыя надпісы на сценах, заўважаць адно аднаго, ведаць адно аднаго. Тое, што цяпер адбываецца, — гэта проста неверагодна. Гэта сапраўдная паэзія, увасобленая ў цэлай краіне. Гэта мастацтва. Гэтым займаецца мастацтва — тым, каб заўважаць і памятаць. І цяпер у нас цэлая краіна гэтым займаецца”. 


Міжнародная салідарнасць

Вядомы беларускі віяланчэліст Аляксей Кісялёў выканаў аўтарскую версію “Купалінкі” з Каралеўскім аркестрам Шатландыі. 

Выстава “Жыве Беларусь!” адбываецца ў музеі польскага горада Сьрэм. У ёй бяруць удзел Алесь Пушкін, Ксенія Высоцкая, Марк Максімовіч, Сяргей Шабохін і іншыя.

Веліда Кент, амерыканка з крымскімі каранямі, жонка намесніка Главы дыпламатычнай місіі ЗША ў Кіеве, стварыла з імбірнага печыва мінскі Чырвоны касцёл і кампазіцыю з пратэстоўцаў, сцягоў і плакатаў вакол, прысвяціўшы твор народу Беларусі. 

Прэм’ера спектакля “Дыхаем разам” – сведчанні ўдзельнікаў падзей пасля 9 жніўня ў Беларусі, адбылася 21 снежня ў Рускім драматычным тэатры Літвы. 

Артыкул пра сучасную беларускую паэзію выйшаў у нямецкім зборніку тэкстаў “Улада замест гвалту альбо гвалт замест улады (Беларусь: крокі да свабоды альбо: рэпрэсіі, дамаганні, тэрор)”. 

Канцэрт беларускай опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук пры ўдзеле літоўскага піяніста Юстаса Чапоніса адбыўся 27 снежня ў Палацы Радзівілаў у польскім Няборуве па ініцыятыве князя Мацея Радзівіла. 


Спампаваць pdf-версію дванаццатага выпуску маніторынга культурнага супраціву

Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.

Інфармацыйны партнёр – партал TuzinFM.by