Паказ ладзіцца ў рамках акцыі Worldwide screening, ініцыяванай сёлета Берлінскім літаратурным фестывалем.
Фільм будзе паказаны на мове арыгіналу з субтытрамі на беларускай мове (пераклад Паўла Касцюкевіча). Сустракаемся ў культурнай прасторы КОРПУС (пр. Машэрава 9/8). Уваход вольны.
У праграме:
19:00 – 20:35 Паказ фільма “Я не ваш негр”
20:40 – 21: 30 Дыскусія і чытанні з дыстанцыйным удзелам паэткі і рэжысёркі Ладан Асман (Ladan Osman), Самалі-ЗША, паэта, выдаўца, перакладчыка афра-амерыканскай паэзіі Дзмітрыя Кузьміна (Расія-Латвія) ды іншых гасцей. Мадэратаркай выступіць пісьменніца, перакладчыка, рэдактарка кніжнай серыі “Амерыканка” Марыя Мартысевіч.
21:30 – 22:00 Шоўмэн Юрась Ускоў зладзіць сэт музыкі амерыканскіх жанраў (блюз, госпел, спірычуэл) часоў іх зараджэння .
“Я не ваш негр” – дакументальны фільм, зняты рэжысёрам Раулем Пэкам паводле няскончанай кнігі ўспамінаў “Помні гэты дом” (Remember this House) амерыканскага пісьменніка Джэймза Болдўіна. У сваім фільме Пэк храналагічна выкладае гісторыю расізму ў ЗША ад 1890 да 2014 года, выкарыстоўваючы прыём кінематаграфічнага калажа. У фільме апавядаецца гісторыя жыцця трох сяброў Болдўіна, актывістаў, забітых у 1960-я: змагара за грамадзянскія правы Мэдгара Эверса (пам. у 1963 г.), праваабаронцы Малкалма Ікс (пам. у 1965 г.) і баптысцкага пастара і змагара за правы афра-амерыканцаў Марціна Лютэра Кінга-малодшага (пам. у 1968 г.).
Фільм асвятляе пераемнасць расізму і дакументуе супраціў яму, адлюстраваны ў тым ліку ў мастацтве. Сусветны паказ фільма Рауля Пэка пакліканы асвятліць адказнасць кожнага з нас за гістарычныя працэсы каланізацыі і расізму. На працягу амаль чатырох стагоддзяў прыкладна 10-12 мільёнаў паняволеных афрыканцаў былі перавезеныя ў Амерыку, у асноўным еўрапейскімі гандлярамі. Праз 400 гадоў пасля таго, як першыя рабы былі выведзены ў кайданах на бераг у Джэймстаўне, штат Вірджынія, і праз 250 гадоў пасля скасавання ў ЗША рабства, ані ў Амерыцы, ані ў Еўропе, ані ў іншых рэгіёнах свету ўсё яшчэ не назіраецца роўнага стаўлення да белых і “каляровых” людзей.
Фільм быў намінаваны на прэмію “Оскар” і быў прызнаны Брытанскай акадэміяй тэле- і кінамастацтва (BAFTA) найлепшым дакументальным фільмам 2016 года.
Джэймз Артур Болдўін (James Arthur Baldwin, 1924 – 1987) – літаратар і абаронца правоў чалавека, адзін з самых важных амерыканскіх пісьменнікаў ХХ ст.
Рауль Пэк (Raoul Peck, нар. у 1953 г. у Порт-а-Прэнс, Гаіці) – рэжысёр і сцэнарыст, які атрымаў сусветную вядомасць у тым ліку дзякуючы дакументальнаму фільму “Лулумба: смерць прарока” (1992) і ігравому фільму “Лулумба” (2001).
Увага! WATCH DOCS Belarus 2020 ладзіць краўдфандынг, каб уручыць прэмію беларускім рэжысёрам ад гледачоў. Мэта збору – падтрымаць глядацкімі прэміямі рэжысёраў, якія здымаюць дакументальнае кіно пра беларускія рэаліі.
Каб зрабіць унёсак, клікніце па спасылцы.