• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Небо-молот, земля-наковальня, время-сверло”*. Выпуск 7: культура ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу

“Небо-молот, земля-наковальня, время-сверло”*. Выпуск 7: культура ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу

Апошняе абнаўленне: 24 лістапада 2020
“Небо-молот, земля-наковальня, время-сверло”*. Выпуск 7: культура ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу
Беларускія творцы і ўсе, хто нас падтрымлівае, робяцца ўсё большай сям’ёй, а значыцца, ёсць сэнс у гэтым ціску, пакуль мы аказваем творчы супраціў.

Затрыманні і суды

Міхась Мішук, мастак, аўтар адных з першых стрыт-артаў на мінскай Кастрычніцкай вуліцы, атрымаў 13 сутак адміністратыўнага арышту. 

Алесь Гарбуль, паэт і краязнаўца, правёў адзіночны пікет супраць гвалту ў Паставах 15 лістапада. Яго затрымалі і склалі пратакол па ч.1 арт.23.34. 18 лістапада Пастаўскі суд вынес Алесю папярэджанне. 

Тарас Круцкіх (Тарналіцкі), журналіст і кінакрытык, затрыманы ў нядзелю 15 лістапада, атрымаў 25 сутак арышту. 

Ілля Ясінскі, актор РТБД, быў затрыманы 15 лістапада і моцна збіты; ён знаходзіцца ў шпіталі са зламанымі пазванкамі спіны. 

Максім Каржыцкі, актор Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, быў затрыманы 17 лістапада за тое, што выйшаў да помніка ўшанаваць памяць Рамана Бандарэнкі. 20 лістапада суд пакараў Максіма 10 суткамі арышту. 

Вольгу Семчанка, супрацоўніцу Магілёўскага драматычнага тэатру, затрымалі да суду за ўдзел у маршы памяці Рамана Бандарэнкі 15 лістапада ў Магілёве.

Раней Вольгу ўжо двойчы прыцягвалі да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Эдварду Дмухоўскаму, вядомаму  краязнаўцу, экскурсаводу і грамадскаму актывісту, прысудзілі 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі памяці Рамана Бандарэнкі 15 лістапада.

Аляксандр Сакалоў, скульптар, затрыманы 15 лістапада, атрымаў 15 сутак арышту. 

Вадзім Дзмітранок, вядомы архітэктар і былы сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, 15 лістапада быў затрыманы і жорстка збіты.

Вадзім знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, шматлікімі гематомамі і падазрэннем на цяжкія пашкоджанні ўнутраных органаў. Яго ахоўвае канвой, бо цяпер ён падазраваны па крымінальнай справе паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.

Дзяніс Варонскі і Аляксандр Шкіранда, вулічныя музыкі, якіх затрымалі ў пераходзе Плошчы Якуба Коласа раніцай 20 лістапада, атрымалі 12 і 13 сутак адміністратыўнага арышту за “ўдзел у культурна-відовішным масавым мерапрыемстве без дазволу Мінгарвыканкама”. 

Затрыманыя падчас маршу раёнаў 22 лістапада: 

Ілля Чарапко-Самахвалаў, акцёр, вакаліст гуртоў “Петля Пристрастия” і “Кассиопея” (атрымаў 15 сутак адміністратыўнага арышту); Цімур Рэйзіс, клавішнік гурта “Аддис Абеба” і праектаў Сяргея Пукста (атрымаў 13 сутак адміністратыўнага арышту); Яўген Юнаў, фатограф, удзельнік культавай арт-групы “Беларускі клімат”, легенда беларускага рэкламнага рынку. 


Ціск, звальненні, адлічэнні

Ціск на хор “Унія”. Ужо тры ўдзельнікі калектыва пабывалі за кратамі. Была затрыманая і аштрафаваная таксама Марына, жонка вядучага саліста Аляксандра Шыка. У Аляксандра і Марыны трое сыноў, адзін з іх прыёмны, ён у іхнай сям’і ўжо пяць гадоў. Органы апекі пагражаюць сям’і, што адбяруць прыёмнага сына за іх удзел у мірным пратэсце. 

Мікалай Стонька, акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пасля таго, як яго калегу Іллю Ясінскага затрымалі і збілі, звольніўся і запісаў зварот з асуджэннем ціску на тэатр і беспрэцэдэнтнага гвалту ў краіне. 

Трупа Новага драматычнага тэатра 27 кастрычніка далучылася да Агульнанацыянальнай забастоўкі, за што адміністрацыя тэатра падала на іх у суд. 18 лістапада суд прызнаў забастоўку незаконнай. У выніку 12 акцёраў і тры супрацоўнікі напісалі заявы аб звальненні, двое з іх – пад ціскам адміністрацыі тэатра. Па загадзе зверху, актораў НДТ забаронена браць у іншыя дзяржаўныя тэатры. 

Яўген Малікаў, літаратар і мастацтвазнаўца з Магілёўва, аўтар кнігі «Традыцыі разьбянога дэкору ў народнай архітэктуры паўднёва-ўсходняй Беларусі (канец ХІХ-першая палова ХХ ст.)», быў звольнены з БелГУТа, дзе ён працаваў 16 гадоў, праз актыўную грамадзянскую пазіцыю. 

Тры спецыялісты Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Акадэміі мастацтваў, сярод якіх Юлія Альшэўская, вядучая спецыялістка і рэжысёрка, напісалі паведамленні на імя рэктара аб пачатку забастоўкі 20 лістапада. У адказ дэкан паведаміў спецыялістам, што, хутчэй за ўсё, іх Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры будзе расфармаваны.


Адкрыты ліст пісьменніцкай супольнасці 

Беларускія літаратары звяртаюцца да ўладаў, кіраўнікоў дзяржаўных структураў і чыноўнікаў з заклікам спыніць масавыя рэпрэсіі і здзекі з людзей, якія хочуць пераменаў, прызнаць сваю паразу і прыняць волю народа. Сярод падпісантаў – Святлана Алексіевіч, Лявон Вольскі, Уладзімір Някляеў і 200 іншых літаратараў і літаратарак. 


Творчы супраціў 

У праграме “Ток” газеты “Наша Ніва” паўдзельнічалі купалаўцы Міхаіл Зуй і Дзмітрый Ясяневіч – яны распавялі пра хіт “Шчучыншына”, пра чыноўнікаў і разгром тэатра. 

Ганна Шаркунова напісала шчымлівую песню, прысвечаную забітаму Раману Бандарэнку. 

Нягледзячы на разгоны і затрыманні, людзі працягваюць ладзіць дварвыя актыўнасіц. На канцэрт у Сухарава 19 лістапада прыехаў узброены АМАП. Музыкі паспелі схавацца, але сілавікі забралі апаратуру і ахвяраванні, якія жыхары зрабілі, каб падзякаваць музыкам.  

Студэнты і студэнткі Акадэміі мастацтваў зладзілі перформанс памяці Рамана Бандарэнкі 20 лістапада. 

Фота “Еўрарадыё”

Канцэрт у падтрымку хора “Унія” адбыўся 21 лістапада. Запіс можна паглядзець па спасылцы і зрабіць ахвяраванне.


Галасы асобаў

Ілля Ясінскі, пасля затрымання 15 лістапада трапіў у бальніцу хуткай дапамогі. Ён расказаў «Нашай Ніве», што адбылося. 

Пераломы адросткаў двух пазванкоў – такі дыягназ паставілі дактары. Найбліжэйшыя 5-7 дзён Ілля правядзе ў бальніцы, а зрастацца пераломы будуць 1.5-2 месяцы. Ілля павінен быў граць у спектаклі “Кар’ера доктара Рауса” ў РТБД, і на знак салідарнасці калегі паставілі на ягоным месцы пустое крэсла. 

«Можаце зламаць хрыбціну, але дух не зламаеце», — кажа Ілля.

Мікалай Халезін, сузаснавальнік, кіраўнік Беларускага свабоднага тэатру і грамадскі дзеяч, падзяліўся сваім меркаваннем пра эканамічныя санкцыі і розныя фарматы мірнага пратэсту.

Вонкавы ціск архіважны. Ёсьць унутраны ціск народу на рэжым, а ёсьць вонкавы ціск. Калі яны не сынхронныя, то ідзе перакос у той ці іншы бок. Атрымліваецца, што сядзіць чыноўнік у Эўропе і глядзіць скрозь пальцы на тое, як выбухаюць гранаты і як страляюць у людзей. Такой сытуацыі быць ня можа. Усё патрабуе часу — каардынацыя, пераструктураваньне, ціск.

Музыкі з гурта Irdorath, якія на маршах граюць на дудах і за гэта былі звольненыя з працы

“У цэлым наша творчасць абстрактная і ніколі не была сацыяльнай. Гэта быў сыход ад шэрай рэальнасці ў свет славянскага фэнтэзі, сярэднявечных легенд, народных песень. Але сыходзіць ад рэальнасці цяпер непрыгожа”. 

Акцёры Мікалай Стонька і Андрэй Новік звольніліся з РТБД на знак пратэсту

Мікалай Стонька: «Міністэрства культуры і дагэтуль цэнзуравала тэатр, але пасля выбараў ціск узмацніўся. Мы з гэтым змагаліся, як маглі, але сітуацыя пагаршалася ўсё больш, — расказвае акцёр. — Пакуль мы прыдумлялі спосабы выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю — у нас былі «мастацкія» знакі салідарнасці ў спектаклях альбо на паклоне, і гледачы іх разумелі, — нам забаранялі то адно, то другое, то трэцяе. Я зразумеў, што не магу выйсці на сцэну і ўвогуле нічога не рабіць. Выступленне перад кантралёрамі было б здзелкай з сумленнем, нават калі я выказваюся за сценамі тэатра і ўсе і без таго разумеюць, што я не ябацька.

Андрэй Новік: «Калі твайго калегу пакалечылі, гэта сорам — выходзіць на сцэну, нават калі ты прысвячаеш яму спектакль. Я думаю, тэатр павінен быў сказаць: «Не! Мы не будзем працаваць», хоць я ведаю, што кожны там робіць для перамогі тое, што можа».

Святлана Алексіевіч, пісьменніца, Нобелеўская лаўрэатка, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, у інтэрв’ю “Радыё Свабода” падзялілася сваімі думкамі датычна кіравання пратэстамі Беларусі і аб экзістэнцыйных праблемах беларускай рэвалюцыі. 

“Любую «адлігу», любы рывок наперад немагчыма адкаціць да канца, у мінулае вярнуцца ўжо немагчыма. Народ не хоча жыць так, як ён жыў да 1990 году. І ён не будзе так жыць – ніколі. Людзі хочуць ездзіць па свеце, чалавек хоча, каб яго дзеці вучыліся там, дзе хочуць. Моладзь, калі ёй расказваеш пра тое жыццё, проста не верыць, што так было. А было, і зусім нядаўна. Гэта ўсё роўна пакідае след і выклікае наступствы.

Калі б не было хрушчоўскай «адлігі», не было б перабудовы і 90-х. Не было б 90-х, не адбываліся б тыя рэчы, якія адбываліся ўжо ў ХХІ стагодздзі ў Грузіі, ва Украіне, у Арменіі, цяпер у нас. Змены адбываюцца, толькі павольна і часам, як у нас, балюча”.


Міжнародная салідарнасць 

Амбасада незалежнай беларускай культуры адкрылася 17 лістапада ў Брне (Чэшская Рэспубліка), пры Цэнтры эксперыментальнага тэатра. Сэнс заснавання амбасады – папулярызацыя беларускай незалежнай культуры, якая цяпер у Беларусі знаходзіцца пад значным уціскам. У той жа час амбасада будзе спрыяць таму, каб жыхары Чэхіі мелі лепшы доступ да інфармацыі аб актуальных падзеях у Беларусі. Сяргей Сматрычэнка, перакладчык, рэдактар і сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, стаў першым амбасадарам.

Азнаёміцца з бліжэйшымі планамі Амбасады незалежнай беларускай культуры ў Чэшскай Рэспубліцы можна па спасылцы

Беларускі Свабодны тэатр атрымаў прэмію Магніцкага ў галіне правоў чалавека 2020 года ў намінацыі “Мужнасць пад агнём”. Ён дадаў, што сваю прэмію тэатр прысвяціў ахвярам цяперашняй беларускай улады: “Беларускі Свабодны тэатр прысвячае гэты прыз памяці Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага, Генадзя Карпенкі, Аляксандра Віхора, Аляксандра Тарайкоўскага, Генадзя Шутава, Мікіты Крыўцова, Канстанціна Шушмакова, Дзяніса Кузняцова і Рамана Бандарэнкі”.

Фінскія культурныя дзеячы запісалі відэазварот у падтрымку беларускага народа. 

“Беларусы больш за 100 дзён змагаюцца за справядлівасць і незалежнасць. У гэтых складаных умовах, калі гвалт і прыгнёт працягваюцца, мы хочам выказаць падтрымку нашым беларускім калегам і беларускаму народу ў іх імкненні да свабоды”.

Выпускнікі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі запісалі відэазварот, у якім яны патрабуюць вызваліць Марыю Калеснікаву і ўсіх палітзняволеных, а таксама спыніць рэпрэсіі супраць беларускага народа. 

Выстава “Новае беларускае мастацтва” праходзіць у нямецкім горадзе Любек. 


Рознае

Шматлікія сведкі распавядаюць пра зняважлівае стаўленне да бел-чырвона-белага сцяга з боку сілавікоў. Часта сцяг, канфіскаваны ў кагосьці з затрыманых, раскладваюць на падлогу аўтазака і прымушаюць затрыманых ісці па ім, альбо самі топчуць і выціраюць ногі аб яго, выкідаюць у сметніцу. 

19 лістапада Лукашэнка адправіў у адстаўку міністра культуры Юрыя Бондара, замяніўшы яго Анатолем Маркевічам. Маркевіч – былы памочнік Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці, да гэтага ён працаваў настаўнікам і дырэктарам школы, намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшынём Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў.

Збор сродкаў на падтрымку рэпрэсаваных дзеячаў і дзяячак культуры пры інфармацыйнай падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра.

Спампаваць pdf-версію сёмага выпуску маніторынга культурнага супраціву

Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.

Інфармацыйны партнёр – партал TuzinFM.by

* у назве выкарыстана цытата з песні гурта “Петля пристрастия”, салістам якой з’яўляецца арыштаваны Ілля Чарапко-Самахвалаў