Сэнс заснавання амбасады – папулярызацыя беларускай незалежнай культуры, якая цяпер у Беларусі знаходзіцца пад значным уціскам. У той жа час амбасада будзе спрыяць таму, каб жыхары Чэхіі мелі лепшы доступ да інфармацыі аб актуальных падзеях у Беларусі. ЦЭТ лічыць стварэнне такога моста значным і важным. Пры гэтым падкрэслівае, што амбасада не мае палітычнага фармату, гэта культурніцкі праект, скіраваны на незалежную і свабодную беларускую культуру і яе праявы ва ўсёй шырыні і разнастайнасці.
У аўторак 17 лістапада ў 11.30 адбудзецца сімвалічнае адкрыццё Амбасады незалежнай беларускай культуры ў Чэшскай Рэспубліцы перад тэатрам “Гусь на канаце”. У адкрыцці амбасады возьмуць удзел дырэктар ЦЭТ Міраслаў Ошчатка, амбасадар Сяргей Сматрычэнка, намеснік мэра Томаш Колачны і загадчык па культуры ў гарадской радзе Марэк Фішэр.
Чэхі маюць гістарычны досвед як таталітарызму, так і грамадскіх пратэстаў супраць недэмакратычнага рэжыму. Таму Цэнтр эксперыментальнага тэатра ў апошнія месяцы напружана сочыць за падзеямі ў Беларусі, дзе людзі ўжо чацвёрты месяц, нягледзячы на масавыя арышты, турэмныя тэрміны, жорсткія рэпрэсіі і запалохванне, упарта змагаюцца за справядлівыя выбары, свабоду і дэмакратыю.
У аўторак 17 лістапада 2020 г. адзначаюць угодкі Аксамітнай рэвалюцыі і перамогу свабоды і дэмакратыі ў краіне. ЦЭТ у гэты важны дзень хоча прыпомніць запавет Вацлава Гаўла і скарыстацца этасам гэтага векапомнага дня, каб звярнуць увагу на тое, што ў нашы дні адбываецца ў Беларусі.
“Мы разважалі, якую форму найлепей выбраць, і сышліся на тым, што ладзіць разавую дыскусію ці падобную імпрэзу – не вельмі мэтазгодна, значна важней у больш працяглым гарызонце праводзіць інфармаванне шырокай грамадскасці пра тое, што ў гэтыя дні дзеецца ў Беларусі. Людзі ў сярэдняй і заходняй Еўропе, на жаль, ведаюць пра гэтую краіну вельмі мала; мы перакананыя, што незалежная беларуская культура і агульны кантэкст цяперашніх падзей у Беларусі неабходна значна выразней прэзентаваць у грамадскай прасторы”, – кажа дырэктар Цэнтра эксперыментальнага тэатра Міраслаў Ошчатка і далей дадае:
“Таму мы пастанавілі пры нашых тэатрах у Брне ўвесці пасаду амбасадара незалежнай беларускай культуры ў Чэшскай Рэспубліцы. У наступныя тыдні і месяцы гэты чалавек будзе ладзіць не толькі сустрэчы ці лекцыі аб беларускай культуры, але таксама выпрацоўваць рэгулярны агляд важных грамадска-культурных падзей у Беларусі, які будзе шырока рассылацца СМІ і культурным установам Чэшскай Рэспублікі. На пасаду амбасадара мы выбралі Сяргея Сматрычэнку, які ўжо нямала гадоў у значнай ступені спрыяе ўзаемапазнанню чэшскай і беларускай культур”.
Сяргей Сматрычэнка – сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, перакладчык, рэдактар, кіраўнік кніжнай серыі “Чэшская калекцыя” (выдавецтва “Логвінаў), ініцыятар і каардынатар шматлікіх літаратурных конкурсаў і праектаў. Апрача беларускага грамадзянства, Сматрычэнка мае і чэшскае, у цяперашні час ён з сям’ёй жыве ў Брне.
“Я адчуваю, што чэшская культурна-мастацкая сцэна мае ахвоту і гатоўнасць падтрымаць беларускіх калег і ўсё беларускае грамадства ў часе іх змагання і за творчую свабоду, і ў змаганні за звычайнае выжыванне. Мы б толькі хацелі дадаць гэтай гатоўнасці імпульс і патрэбны кірунак. У той жа час неаспрэчна тое, што беларуская культура, насуперак ці часам і дзякуючы складанасцям, мае што прапанаваць чэшскай публіцы”, – сказаў новапрызначаны амбасадар Сяргей Сматрычэнка.
Цэнтр эксперыментальнага тэатра і Амбасада незалежнай беларускай культуры ў Чэшскай Рэспубліцы падтрымліваюць кантакт з сябрамі Каардынацыйнай Рады. Праект Амбасады незалежнай беларускай культуры ў Чэшскай Рэспубліцы фінансава падтрымлівае і мэрыя горада Брно.
“Заснаванне Амбасады незалежнай беларускай культуры ў Чэшскай Рэспубліцы – гэта чарговы крок горада Брно ў падтрымцы беларускіх грамадзян у іх змаганні за свабоду і дэмакратыю. Адкрыццё амбасады мы сімвалічна прымеркавалі да 17 лістапада, г.зн. да Дня барацьбы за свабоду і дэмакратыю, да даты, якая і нашаму народу дала надзею. Акрамя культурніцкіх ініцыятыў гэтая незалежная ўстанова будзе займацца таксама інфармаваннем пра тое, што адбываецца ў Беларусі”, – сказаў Томаш Колачны, 2-і намеснік мэра.
“Да падтрымкі беларускіх грамадзян у змаганні за свабоду і дэмакратыю мы, як кіраўніцтва горада, далучыліся яшчэ ў сярэдзіне жніўня, стаўшы першым горадам у Чэшскай Рэспубліцы, які на будынку мэрыі вывесіў гістарычны беларускі сцяг, сімвал пратэстаў супраць сфальсіфікаваных выбараў. Гэты сцяг з нагоды адкрыцця амбасады мы сімвалічна перанясем і вывесім на будынку тэатра “Гусь на канаце”. Надалей застаецца ўбраны ў беларускія колеры і шчыт маркграфа Ёшта на помніку на Мараўскай плошчы”, – дапоўніў Марэк Фішэр, які ў мэрыі адказвае за культуру.
Азнаёміцца з бліжэйшымі планамі Амбасады незалежнай беларускай культуры ў Чэшскай Рэспубліцы можна па спасылцы.
Таксама ў дзень адкрыцця Амбасады незалежнай беларускай культуры распачынаецца праект, у рамках якога вядомыя дзеячы чэшскага культурнага і грамадскага жыцця пішуць лісты беларускім палітычным вязням.
“З тысяч людзей, якія ў Беларусі былі затрыманыя ці ўвязненыя ў сувязі з пратэстамі супраць нелегітымных выбараў прэзідэнта ў 2020 г., мы выбралі адзінаццаць асобаў, якіх хочам падбадзёрыць і даць ім сігнал, што іх намаганні і лёс нам не абыякавыя. Таму мы звярнуліся да вядомых чэшскіх (і не толькі) дзеячоў грамадскага і культурнага жыцця, каб яны напісалі беларускім вязням ліст” – кажа амбасадар незалежнай беларускай культуры Сяргей Сматрычэнка.
Заклік Цэнтра эксперыментальнага тэатра і Амбасады незалежнай беларускай культуры прынялі: Сямён Бычкоў, галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Чэшскай філармоніі, Радка Дэнэмаркава, пісьменніца і перакладчыца, Фэдар Гал, славацкі палітык і сацыёлаг, сузаснавальнік і пазнейшы старшыня руху “Грамадскасць супраць гвалту”, Вацлаў Малы, дапаможны пражскі біскуп, сузаснавальнік Камітэта абароны несправядліва пераследаваных, Моніка Макдона Паерава, спікерка студэнцкага страйку ў 1989 г., дыпламатка і выкладчыца, Павел Рыхецкі, старшыня Канстытуцыйнага суда Чэшскай Рэспублікі, Вольга Сомэрава, рэжысёрка-дакументалістка, Эрык Табэры, журналіст і публіцыст, галоўны рэдактар часопіса “Respekt”, Катэржына Тучкава, пісьменніца, публіцыстка, мастацкая куратарка Мілаш Выстрчыл, старшыня Сената Парламента Чэшскай Рэспублікі, Міхаэл Жантаўскі, дыпламат, перакладчык, адзін з заснавальнікаў Грамадскага форуму і яго прэс-сакратар, дырэктар Бібліятэкі Вацлава Гаўла.
Яны напісалі лісты палітвязням: Мікалаю Статкевічу, Сяргею Ціханоўскаму, Максіму Знаку, Марыі Бабовіч, Паўлу Севярынцу, Марыі Калеснікавай, Аляксандру Васілевічу, Сцяпану Латыпаву, Марфе Рабковай, Віктару Бабарыка, Марыне Глазавай.
Тэксты лістоў можна прачытаць тут
Лісты былі напісаныя па-чэшску і перакладзеныя на беларускую і англійскую мовы. Акрамя публікацыі ў СМІ, гэтыя лісты дасланыя ўсім адрасатам у беларускія турмы. Гэтым праектам ЦЭТ выказвае сваё захапленне і падтрымк ўсім людзям, якія патрабуюць справядлівых выбараў і дамагаюцца свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.