Выпуск 6: беларуская культура ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу

Апошняе абнаўленне: 17 лістапада 2020
Выпуск 6: беларуская культура ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу
Махавік рэпрэсій у Беларусі раскручваецца, і сфера культуры зазнае ціск, які немагчыма параўнаць з іншымі, нават самымі складанымі часамі, якія напаткалі яе ў незалежнай Беларусі. Аднак беларускія дзеячы і дзяячкі культуры працягваюць адгукацца салідарнасцю і новымі творамі. Цытуючы актора Іллю Ясінскага, які быў моцна збіты пры затрыманні і ляжыць у бальніцы са зламанымі пазванкамі: «Можаце зламаць хрыбціну, але дух не зламаеце».

Загінулыя

Раман Бандарэнка быў затрыманы і моцна збіты 11 лістапада ў двары ўласнага дома на вуліцы Чарвякова невядомымі ў масках, якія прыехалі зразаць стужкі. Ноччу ён паступіў у рэанімацыю ў цяжкім стане. 12 лістапада Раман памёр. Па сутнасці, яго забілі. Гэтая трагедыя выклікала хвалю салідарнасці па ўсёй Беларусі.

Раман навучаўся ў Акадэміі мастацтваў на дызайнера, падчас дваравых актыўнасцяў ён вучыў дзетак маляваць. Гэта яшчэ адна ахвяра рэжыму, для якога няма нічога святога. 


Затрыманні і суды

9-11 лістапада праходзілі суды над затрыманымі за папярэдні тыдзень культурнымі дзеячамі і дзяячкамі. Музыкі з гурту “Рэха”: Андрусь Такінданг, Ігар Асідчанка, Канстанцін Лісецкі, Леанід Паўлёнак –  атрымалі па 15 сутак за дваравы канцэрт для дзетак і іх бацькоў. Алесь Жлутка, адзін з вядучых беларускіх лаціністаў і скарыназнаўцаў, пакараны 10 суткамі арышту, столькі ж за кратамі правядзе Уладзіслаў Стальмахоў, дызайнер і мастак; Аляксандр Ждановіч – выдатны актор тэатру і кіно, быў пакараны – 9 суткамі арышту. Яўгену Шапчыцу, прадусару і рэжысёру, таксама прысудзілі 15 сутак.  Міхась Тарэлка, кітабіст, філолаг і гісторык мовы, атрымаў 5 сутак арышту.  

Наста Стальмахова, дызайнерка, правёўшы двое сутак у ізалятары ў Жодзіна, атрымала штраф у 20 базавых велічынь. 

Мікола Дзядок – актывіст анархісцкага руху, былы палітвязень, аўтар кнігі “Фарбы паралельнага свету” (за якую атрымаў прэмію Беларускага ПЭН-Цэнтра імя Францішка Аляхновіча ў 2017 годзе за лепшы твор, напісаны ў няволі), 12 лістапада быў затрыманы ў якасці падазраванага ў «парушэнні грамадскага парадку». У доме Міколы прайшоў ператрус.

Пры затрыманні актывіст быў моцна збіты, і пад уздзеяннем гвалту яго прымусілі даваць “прызнанні” на камеру для канала МУС

13 лістапада ў Мінску затрымалі Ігара Андрэева, актора Драматычнага тэатра імя Горкага, Паўла Гонца, кіраўніка мужчынскага хора “Унія”, (адпусцілі праз тры дні зняволення са штрафам 810 рублёў), а ў Клецку – Змітра Сасноўскага, лідара гурта “Стары Ольса”, калі ён стаяў у ланцугу салідарнасці. Зміцер знаходзіцца ў ІЧУ тры дні, увесь гэты час яго не кармілі. 16 лістапада суд пакараў Змітра штрафам у 30 базавых велічынь. Музыка на волі. 

Падчас акцый 15 лістапада былі затрыманыя:

Аляксандр Табольскі, гітарыст і менеджар Naviband;
Барыс Пастарнак, вядомы выдавец кніг Святланы Алексіевіч, Віктара Марціновіча, Сашы Філіпенка і іншых пісьменнікаў. Яму пагражалі крымінальным артыкулам за пашкоджанне міліцэйскай маёмасці, але Барыс параіў следчаму паглядзець відэазапісы на камеры, якія рабіў АМАП. У выніку амапавец адмовіўся ад сведчанняў і Барыса адпусцілі.
Аляксандр Сакалоў, скульптар. Сёлета ён зрабіў скульптуру Анёла – артэфакт узнагароды Прэміі Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку. Таксама Аляксандр аўтар скульптуры “Сэрца”, якая стаіць перад уваходам у РНПЦ “Кардыялогія” ў Мінску.
Рыгор Лайкоў, музыка з гурта PyLai, быў моцна збіты, з чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь. Пасля яго забралі дадому;
Кацярына Сумарава, мастачка;
Міхась Мішук, мастак, аўтар адных з першых стрыт-артаў на мінскай Кастрычніцкай вуліцы ў 2012 годзе;
Сяргей Гадзяеў, дыджэй “Радыё Гродна”;
Яўген Атцецкі, фатограф;
Канстанцін Чарухін, пісьменнік, інвалід 1 групы;
Тарас Круцкіх, сябра фестываля BelarusDocs, журналіст, кінакрытык, адміністратар канала пра беларускае кіно “Свяшчэнны Белавуд”;
Таццяна Гаўрыльчык, рэжысёрка, аператарка дакументальнага кіно (вызвалілі праз 15 гадзін пасля затрымання).

Па звестках ад сведкаў, затрыманых, якія размаўлялі па-беларуску, пазначалі фарбай, а пасля – збівалі. 


Ціск, звальненні, адлічэнні

Ігара Кулікова, перакладчыка, лаўрэата прэмій Карласа Шэрмана і “Дэбют”, выкладчыка англійскай мовы ў БГАМ, выклікалі на камісію на працы і прымусілі пісаць тлумачальную запіску (наконт яго ўдзелу ў пратэстах). 

Кацярыну Ваданосаву, спявачку і былую тэлевядоўцу тэлеканала «Беларусь-3», выклікалі на гутарку ў РУУС. Калі Кацярына адмовілася, ёй сказалі, што могуць пад’ехаць і «прыняць» яе каля пад’езду, а дзяцей адправіць у прытулак. Кацярына Ваданосава – адна з тых супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання, якая звольнілася падчас жнівеньскіх забастовак.

Кацярыне Пытлевай, экс-вядучай БТ, тэлефанавалі з Фаніпальскага РУУС і пагражалі адказнасцю за публікацыю карцінкі ў сацсетках.

Тая самая карцінка. Аўтар – Уладзімір Цэслер

З Акадэміі мастацтваў 9 лістапада адлічылі  яшчэ трох студэнтаў: Рамана Давідоўскага, Цімафея Шэлега і Уладзіслава ПатапчыкаУсяго на пачатак лістапада з беларускіх ВНУ за актыўную грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у пратэстах адлічана больш за 140 студэнтаў і студэнтак, а таксама мінімум 15 выкладчыкаў і выкладчыц.

Уладзімір і Надзея Ірдарат за сваю грамадзянскую пазіцыю і ўдзел гурта Irdorath у дваравых канцэртах 9 лістапада былі звольненыя з цэнтра дадатковай адукацыі “Вікторыя”. 

Да мастачкі Ульяны Няўзоравай, якая зладзіла моцны перформанс, прыйшлі з вобшукам 12 лістапада.

Вобшук, як выявілася, быў звязаны з крымінальнай справай, заведзенай у дачыненні да яе сястры, актывісткі і студэнткі БДАМ Марыі Каленік

12 супрацоўнікаў Новага Тэатру ў Менску афіцыйна далучыліся ды забастоўкі. Акторам тэатру за нібыта сарваны спектакль налічылі прычыненую страту 15000 рублёў і падаюць на іх у суд.

Ягора Прыстаўку, вядомага выкладчыка кафедры класічнай філалогіі, кандыдата навук, які 15 год выкладаў старажытныя мовы і антычную літаратуру на філалагічным, гістарычным, юрыдычным, хімічным, біялагічным факультэтах, ФФСН і Інстытуце тэалогіі БДУ, звальняюць за ўдзел у акцыях салідарнасці з калегамі і студэнтамі. 

Ганна Златкоўская, пісьменніца, якая рэгулярна ўдзельнічала ў жаночых маршах і напісала некалькі тэкстаў, на якія былі зробленыя кранальныя відэаролікі (“Я устала, мама, отвечать на звонки“, “Домой не жди, я еду в автозаке“, з’ехала з Мінска ў Вільню, баючыся крымінальнага пераследу. Перад тым яна атрымала павестку з міліцыі.


Творчы супраціў 

У адным з двароў Мінску жыхары выказалі сваю салідарнасць з акторам Аляксандрам Ждановічам (якога асудзілі на 9 дзён арышту) з дапамогай праекцыі ілюстрацыі, дзе Аляксандр намаляваны ў вобразе свайго персанажа Маляваныча – вядоўцы “Калыханкі”.

У стачкавы камітэт прыйшла цудоўная пасылка – наручныя гадзіннікі, якія Вячаслаў Сікора – актор тэатра і кіно, рэжысёр, сцэнарыст і “грамадзянін сваёй краіны” даслаў у знак салідарнасці з рабочымі, якія далучыліся да страйку.

Ён напісаў, што гадзіннікі “ВЯЗЕНЬ 2020” у такой самай стылістыцы ён прыдумаў для тых, хто адседзеў суткі.

Вольны хор прысвяціў Раману Бандарэнка альбом “Годныя песні”, гурт “Стары Ольса” – песню, а мастак Уладзімір Цэслер – некалькі новых прац.

Працы Уладзіміра Цэслера

Піт Паўлаў таксама прысвяціў песню Раману Бандарэнку і ўсім беларускім хлопцам, якія выйшлі, не зважаючы на страх і загінулі, не ўбачыўшы Перамогі. Мастачка Аня Радзько прысвяціла сваю новую ілюстрацыю Раману.

Беларуская перформер-група Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk распачала ініцыятыву Actions Against the Wall, да якой  запрашае далучыцца калег з усяго свету. 

“Па сутнасьці, тое, што адбываецца сёньня ў Беларусі – гэта барацьба грамадства супраць  жалезабетоннага мура рэпрэсіўнай дзяржаўнай сыстэмы. Барацьба кожнага за права быць асобай, а не another brick in the wall”.  

Тызер першага відэа можна паглядзець тут


Галасы асобаў

Нядаўна ў Андруся Такінданга, якога асудзілі на 15 сутак за дваравы канцэрт для дзетак і іх бацькоў, выйшаў сольны альбом. Вялікай падтрымкай для Андруся будзе, калі вы паслухаеце яго музыку. У гурта RECHA таксама выйшаў сінгл, які можна знайсці па спасылцы

гурт RECHA

Стваральнік Фонду культурнай салідарнасці Сяргей Будкін расказаў, як можна дапамагчы рэпрэсаваным дзеячам культуры.

«Гэты каласальны творчы патэнцыял у нас назапашваўся, і быў патрэбны нейкі трыгер, які дазволіў яму вырвацца. Ёсць думка, што незалежнасць патрабуе ахвяраў, а іх у Беларусі было недастаткова ў 1991-м. Жорстка гэта гучыць, але тым ня менш. Толькі аплявуха магла запусціць гэты працэс».

У фондзе звольненым дзеячам дапамагаюць з пошукам новай працы (што, на жаль, ускладняецца ўмовамі пандэміі), афармленнем дакументаў на выезд, шукаюць псіхолагаў. Калі трэба выплаціць штраф, то чалавека накіроўваюць у фонды, якія займаюцца выплатамі. Сам фонд пакуль што толькі пачынае збіраць сродкі і ідэі. 

Падтрымаць Фонд культурнай салідарнасці можна праз PayPal і Webmoney.

Вячка Красулін – вядомы ў Беларусі музыка, лідар гурта “Кашлаты Вох”, дудар. Быў выкладчыкам Універсітэта культуры і мастацтваў, а ў папулярных Строчыцах – музеі народнай архітэктуры і побыту – младшым навуковым супрацоўнікам.

У ноч з 10 на 11 жніўня Вячку затрымалі каля ГЦ “Рыга”. Яго збівалі ў аўтазаку і на Акрэсціна, дзе ён правёў чацвёра сутак. Музыка дасюль мае праблемы з шыяй – перабітыя нервы. Пасля таго, як Вячка зняў пабоі і падаў заяву ў Следчы Камітэт, на яго завялі крымінальную справу паводле арт. 239 ч. 2. Такі артыкул “абяцае” да васьмі гадоў зняволення. Вячка з’ехаў з Беларусі, цяпер жыве ў Літве. 

“Страху няма. Яго не можа быць. Калі ты зрабіў крок, каб перайсці гэтую лінію, – то ўсё. Кожны адэкватны чалавек больш ніколі не пяройдзе назад. Трэба ісці наперад, наперад і толькі наперад”. 

Валерыя Валадзько, спявачка гуртоў Harotnica mix і KRIWI, якая была звольненая з дзяржаўнай школы за свае погляды, расказала пра сваё звальненне і новай Беларусі. 

“Дыктатура можа існаваць толькі ў атмасферы страху. Яна адраджае самыя выродлівыя практыкі. Напрыклад – даносы. Але згуртаванасць беларусаў ад гэтага толькі расце”.

Эрыка сустракаюць пасля адбыцця арышту

Эрык Арлоў-Шымкус, былы музыка Купалаўскага, удзельнік гуртоў Harotnica mix і luty sakavik, які выйшаў пасля 12 сутак арышту, распавёў пра сваё жорсткае абыходжанне і заведзеную крымінальную справу. 

“Мяне паставілі на калені і пасля мне прыляцела два ўдары дубінкай па правай назе – па сцёгнах – з пытаннем “Што ты тут робіш?”. Я сказаў, што спужаўся выбухаў. Пасля гэтага мне прыляцела яшчэ два ўдары дубінкай па левай назе з пытаннем “Дзе ты будзеш наступны раз?” Я адказаў, што дома. Потым мяне вывелі на вуліцу».

У аўтазаку на Эрыкавай шчаце паставілі метку маркерам і ён атрымаў удары па галаве, у РУУСе пагражалі гвалтам, а ў пратаколе былі запісаныя абсалютна іншыя акалічнасці затрымання.  Таксама Эрык дазнаўся, што праходзіць падазраваным па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса – падрыхтоўка або актыўны ўдзел у дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак. Па словах Эрыка, яму спрабавалі інкрымінаваць, што ён ці ўдарыў АМАПаўца, ці кідаў камяні ў Цэнтральнае РУУС.

Спявак і шоўмэн Дзядзя Ваня (Іван Вабішчэвіч) пераспяваў песню расійскага рок-музыкі Анатоля Крупнова “Я застаюся”, замяніўшы гэты радок на “Я выходжу”. 


Міжнародная салідарнасць 

У Вільні з’явілася наружная рэклама з ілюстрацыямі беларускіх мастакоў у падтрымку Беларусі. 

Фота Беатрычэ Банкускайтэ

Беларускі кампазітар і музыка Алесь Ясінскі, які цяпер жыве ў Празе, зладзіў у Чэхіі кампанію ў падтрымку рэпрэсаваных беларускіх творцаў і запісаў кранальнае відэа.

У Санкт-Пецярбургу адкрылася выстава салідарнасці “У пратэсту – жаночы твар”, арганізаваная куратарскай групай “Беларусы Санкт-Пецярбурга”. Выстава працягнецца да 10 снежня. 


Аўкцыён 

На аўкцыён выстаўлены лот ад Уладзіміра Цэслера – эксклюзіўны лагатып дзеля арганізацыі альбо асобы. 

“Права артыста – быць вольным. Абавязак артыста – дыхаць паветрам свайго часу. Я ў захапленні ад мужнасці тых, хто сёння адстойвае не толькі сваю асабістую свабоду выбару, але і лепшую для ўсіх нас будучыню, – кажа ён.

Усе сродкі ад аўкцыёнаў будуць пералічаныя ў Беларускі фонд культурнай салідарнасці, створаны з мэтай аказання падтрымкі прадстаўнікам беларускай культурнай супольнасці, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю.

Збор сродкаў на падтрымку рэпрэсаваных дзеячаў і дзяячак культуры пры інфармацыйнай падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра. 

Спампаваць pdf-версію шостага выпуску маніторынга культурнага супраціву 

Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.

Інфармацыйны партнёр – партал TuzinFM.by