Затрыманні і суды
На акцыі ў Мінску 1 лістапада затрымалі Гэніка Лойку — знанага скульптара, вядомага абаронцу беларускай мовы, змагара за беларускамоўную адукацыю, арганізатара ўнікальных скульптурных пленэраў «Легенды з пяску». Ён найбольш вядомы як аўтар помніка Тадэвушу Касцюшку ў Косава, за які ён высакародна адмовіўся браць грошы. 3 лістапада скульптар атрымаў 20 сутак арышту.
2 лістапада актрыса Тэатра беларускай арміі Алеся Клачко была затрыманая, з’явіўшыся па позве ў Цэнтральны РУУС “для размовы”. Як паведаміў яе калега Алег Бабуль, раней Алеся ўдзельнічала ў здымках відэароліка Freedom Belarus, пасля чаго ў яе дома быў праведзены ператрус.
Пасля суду 3 лістапада Алесю вызвалілі, прызначыўшы выплаціць штраф 30 базавых велічынь (810 рублёў).
Таццяна Галуза, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, харавая дырыгентка, была затрыманая 2 лістапада. Магчыма, затрыманні дырыжораў звязаныя з паляваннем на «лятучыя хары». Таццяна атрымала штраф у 30 базавых велічынь (810 рублёў) за “пікетаванне ў Вялікім тэатры оперы і балета”.
Падчас канцэрта ў двары каля Рыгі 3 лістапада былі затрыманыя: музыкі праекту “Радыё Каранцін” Іван Арцімовіч (Vuraj, атрымаў 7 сутак), Андрэй Аляксеенка (TonqiXod і Irdorath, атрымаў 10 сутак), Філіп Петчанка (Dee Tree, Vuraj; атрымаў 12 сутак), а таксама літаратар Сярж Мядзведзеў (атрымаў 10 сутак) і Аляксандр Белік (атрымаў 7 сутак), якія дапамагалі складваць інструменты. Частку інструментаў канфіскавалі.
4 лістапада прадстаўнікі сілавых структур забралі са сваіх працоўных месцаў у Філармоніі артыста камернага хора Дзяніса Іванова і віяланчэліста Аляксандра Сердзюкова, якія былі удзельнікамі акцый з Вольным хорам. 6 лістапада суд пакараў музыкаў 15 суткамі адміністратыўнага арышту.
Увечары 4 лістапада па ўсім Мінску мэтанакіравана затрымлівалі музыкаў, якія давалі канцэрты ў розных дварах па Мінску і падтрымлівалі музыкай маршы. Усяго затрымана больш за 10 чалавек, у тым ліку барабаншчыкі з гурта “Патрабуем разысціся”. Вядомыя наступныя прозвішчы затрыманых: Карыцкі Антон, Панамарова Алена, Корзун Максім, Гадоўнікаў Аляксандр, Галянтава М.А., Бержнікаў А. В., Суладзэ Ціматэ (затрыманы ў Сухарава, атрымаў 15 сутак арышту), Камянецкі Мікіта (затрыманы ў Малінаўцы), Мінчанка Іван, Кабашнікаў Іван.
5 лістапада пасля дваравога канцэрта ў Мінску затрымалі вакаліста гурта «Мутнаевока» Яўгена Змушку. 6 лістапада Яўген атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
6 лістапада пасля выступу ў адным з Мінскіх двароў затрымалі паэта Паўла Горбача. 9 лістапада суд пакараў Паўла 15 суткамі арышту.
7 лістапада пасля дваравых канцэртаў затрыманыя адзін з найлепшых беларускіх саксафаністаў, флейтыст, клавішнік, кампазітар, джазмэн Павал Аракелян (атрымаў 15 сутак арышту) і музыкі з гурту RECHA: Андрусь Такінданг, Ігар Асідчанка, Канстанцін Лісецкі, Леанід Паўлёнак.
8 лістапада падчас шэсця былі затрыманыя Аляксандр Ждановіч – актор тэатра імені Горкага, Маляваныч з “Калыханкі”, дызайнер і мастак Уладзіслаў Стальмахоў разам з дачкой, дызайнеркай Настай Стальмаховай, прадусар і рэжысёр Яўген Шапчыц, адзін з вядучых беларускіх лаціністаў і скарыназнаўцаў Алесь Жлутка, актор і рэжысёр Юры Дзівакоў-Душэўскі (штраф 10 базавых велічынь), кітабіст, філолаг і гісторык мовы Міхась Тарэлка, перакладчыца Алена Траццякова (штраф 10 базавых велічынь, 270 рублёў), былы актор Cirque du Soleil Сямён Букін, фатографка Вольга Бігель (справу даслалі на дапрацоўку, Вольгу адпусцілі).
6 лістапада суд аштрафаваў мастачку і дызайнерку Аляксандру Гушчу на 593 рублі за ўдзел у жаночым маршы 6 кастрычніка. Аляксандра вядомая на ўвесь свет: у дзяцінстве яна трапіла ў страшны пажар і засталася без рук, але нягледзячы ні на што, жыве поўным жыццём: малюе, танчыць, займаецца косплэем. Падтрымаць Аляксандру ў суд прыйшло столькі людзей, што зала змагла змясціць толькі траціну.
Ціск, звальненні, адлічэнні
2 лістапада з “Радыё Гродна” звольніўся гукарэжысёр Аляксандр Маршмыш. Прычынай звальнення стаў маральны выбар, перад якім Аляксандра паставіла кіраўніцтва і які супярэчыў яго каштоўнасцям. “Нельга ісці на кампрамісы са сваімі перакананнямі”, – сказаў ён у сваім відэазвароце.
2 лістапада з Акадэміі мастацтваў адлічылі ад 6 да 14 студэнтаў. Выкладчыкі і супрацоўнікі Акадэміі запісалі відэазварот у падтрымку студэнтаў, якія, на іх думку, адлічаныя па палітычных матывах.
“Мы адкрыта выступаем супраць адлічэння студэнтаў. Мы лічым дзеянні адміністрацыі Акадэміі незаконнымі, бо студэнты былі адлічаныя за сваю грамадзянскую пазіцыю, і ніякіх іншых прычын не было”, – гаворыцца ў звароце.
4 лістапада звольнілі яшчэ двух артыстаў Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра: Паліну Левіну і Аляксея Станогу. Пра гэта расказала артыстка драмтэатру Натальля Лявонава, якую звольнілі раней. Агулам адтуль звольнілі ўжо ня менш за 14 працаўнікоў.
Міністэрства культуры адмяніла Міжнародны Мінскі кінафестываль “Лістапад”. Афіцыйная падстава – эпідэмія каранавірусу. Пры гэтым кінатэатры працягваюць працаваць у звычайным рэжыме.
Напярэдадні кінафестываль адмовіўся ад традыцыйных прызоў ад Лукашэнкі – узнагароды «За гуманізм і духоўнасць у кіно» і прыза «За захаванне і развіццё духоўнасці ў кінамастацтве». «Герой усіх нашых фільмаў – чалавек свабодны і ствараючы. Сцвярджаць гэта – наша місія тут і цяпер», – гаворыцца ў каментары каманды фестывалю. Таксама з сайту кінафестывалю прыбралі інфармацыю пра кіраўніка “Белай Русі” Генадзя Давыдзьку, які 10 год быў старшынём журы.
Адкрыты ліст прадстаўнікоў культурнай супольнасці з нагоды звальнення вядучых музыкаў Вялікага тэатра
За некалькі дзён больш за 800 прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай творчай супольнасці падпісалі зварот, у якім яны асуджаюць звальненне вядучых музыкаў Беларусі за адкрытае выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі і патрабуюць спыніць ціск на дзеячаў і дзяячак культуры і мастацтва.
Творчы супраціў
188 супрацоўнікаў Вялікага тэатра Беларусі падтрымалі звольненых на мінулым тыдні калег і заклікалі дырэкцыю тэатра перагледзіць сваё рашэнне.
“Вольны хор” – з’яўляецца непрадказальна, выконвае літаральна пару кампазіцый і знікае. Ён арганізаваўся адразу пасля выбараў, тады да яго далучаліся розныя людзі, спачатку супрацоўнікі Філармоніі, а пасля і іншыя музыкі. Усведамляючы, што кожнага з удзельнікаў могуць высачыць і арыштаваць, музыкі аднак працягваюць ладзіць нечаканыя акцыі.
“Усе мы чакаем, пакуль па нас прыйдуць. Некаторыя ўжо дачакаліся. Але што рабіць? Справа ў тым, што так, як яно цяпер, быць не павінна. Смелыя людзі думаюць пра будучыню. Страх і пераадольваецца такім чынам. Мы гэта робім дзеля будучыні народа. Але і сваю будучыню ніхто не адмяняў. Гэта ўжо не гульня. Гэта сапраўдная барацьба за сябе”.
Лявон Халатран, які кіраваў руін-барам ОК16, быў валанторам штаба Віктара Бабарыкі і які з 14 жніўня знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, дасылае адтуль вельмі кранальныя і творчыя малюнкі, казкі, арыгамі для сына і жонкі, каб падтрымаць іх. Фота і відэа гэтых чароўных лістоў – па спасылцы.
Нягледзячы на затрыманні музыкаў і зліў асабістых дадзеных жыхароў гэтых двароў, якія падтрымліваюць дварвыя канцэрты, не зважаючы на надвор’е і пастаянны ціск з усіх бакоў, людзі працягваюць ладзіць у сваіх дамах мерапрыемствы і абараняць іх ад незаконных дзеянняў уладаў.
Галасы асобаў
Дызайнер з усясветным імем Уладзімір Цэслер, чые працы выстаўляюцца ў Луўры, а таксама ў музеях і галерэях Амстэрдама, Будапешта, Сафіі, Варшаве напрыканцы жніўня ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады – і амаль адразу з’ехаў з Беларусі, бо за публікацыі з малюнкамі на тэму выбараў і гвалту яго маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.
У размове з парталам Tuzinfm Уладзімір распавёў, што сутнасць беларусаў – любоў, як ён не чакаў такой салідарызацыі і як усё гэта натхняе на творчасць. “І любоў перамагае ўсё адно. Нацыя аб’ядналася. Мне здавалася, што гэта немагчыма – але гэта здарылася”.
Паэт Дзмітры Строцаў, які 3 лістапада быў вызвалены пасля 13 сутак арышту, падзяліўся сваімі “ўражаннямі” ад арышту з “Нашай Нівай”. За некалькі крокаў ад пад’езда Дзмітрыю надзелі на галаву мяшок, пагрузілі ў мікрааўтобус і завезлі ў КДБ, пасля ў РУУС, на Акрэсціна і ў Жодзіна.
“Я даў шмат інфанагодаў, занадта шмат, і свабодна публікаваў матэрыялы на фэйсбуку. У іх ёсць пункцік, што яны шукаюць лялькаводаў і арганізатараў, але размовы ў нас не атрымалася”.
Аляксандр Ждановіч, актор тэатра імені Горкага, экс-вядоўца “Калыханкі”, у гутарцы з tut.by расказаў пра сваё стаўленне да пратэстаў, пазіцыю як культурнага дзеяча і эвалюцыю поглядаў. Вось некаторыя цытаты з інтэрв’ю:
“Доўгі час я лічыў, што палітыка – гэта вельмі вузкая сфера, якая вядзе да таго, што я не люблю, – фальшы, падтасоўвання, маны, бруду ў рэшце рэшт. Таму гэтая сфера была мне чужая. Пры тым ёсць панятак грамадзянскай пазіцыі, грамадскай актыўнасці. Альтэрнатывы няма, бо ад гэтай сферы залежыць наша жыццё”.
“Хлуслівая, балотная стабільнасць, якая хавала і многія мае фальшывыя ўяўленні пра важныя рэчы ў жыцці, прымусіла мяне вызначыцца: баязлівец я ці не, і да якой ступені я баязлівец.”
Сяргей Курыленка, звольнены за забастоўку рэжысёр-пастаноўшчык Гродзенскага драматычнага тэатра, распавёў пра сваё звальненне і жыццё пасля гэтага важнага крока.
“Мы мусім рабіць нейкія крокі, якія б складаныя яны для нас ні былі. Хоць штосьці трэба рабіць, па сваіх сілах і магчымасцях. Іначай нас чакае жах без канца”.
Зварот Святланы Ціханоўскай да творчай супольнасці
Святлана Ціханоўская выказала падзяку артыстам, музыкам, мастакам і ўсім дзеячам і дзяячкам культуры, якія падтрымліваюць мірны пратэст беларусаў, дома і за мяжой.
“Дзякуючы вам у мірнага пратэсту ёсць голас – ён гучыць у вашых вершах. У мірнага пратэсту ёсць гімны – гэта песні, якія вы выконваеце. У мірнага пратэсту ёсць сімвалы – гэта вулічнае мастацтва, плакаты і муралы, якія вы ствараеце. І галоўнае: у мірнага пратэсту ёсць мэта – пабудаваць новую Беларусь, дзе ёсць свабода творчасці, свабода слова і свабода чалавека”.
Поўны тэкст звароту чытайце па спасылцы.
Міжнародная салідарнасць
4 лістапада ў Кіеве адбыўся маштабны музычны марафон “Мы разам!” прысвечаны “ўкраінскаму і беларускаму народам, якія застаюцца вернымі свайму сэрцу, шматвекавому сяброўству і імкненню да волі”.
Мерапрыемства было ініцыявана Мінстэрствам культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны і транслявалася ў наўпроставым эфіры. Сярод удзельнікаў і ўдзельніц – Brutto Nostra, NaviBand, Naka, «БЕZ ОБМЕЖЕНЬ», «Друга Ріка», «СКАЙ», «ДахаБраха», Kozak System.
4 лістапада адбыўся анлайн вечар паэтычных чытанняў Дзмітрыя Строцава і яго сяброў з Беларусі, Расіі і Украіны. Паглядзець запіс можна па спасылцы.
У Амстэрдаме з 30 кастрычніка па 7 лістапада праходзіла выстава беларускага пратэстнага мастацтва.
Плакаты, малюнкі, жывы перфоманс, фота пратэстнага стрыт-арту, вокнаў, дзвярэй, двароў – падрабязнасці можна знайсці па спасылцы. Праект быў рэалізаваны на сродкі беларускай дыяспары ў Нідэрландах пры пыдтрымцы Het Actiefonds і платформы StandByArt.
Прадстаўнікі і прадстаўніцы грамадзянскай супольнасці Ізраіля, выхадцы з Беларусі, сярод якіх таксама дзеячы і дзяячкі культуры, звярнуліся да прэм’ер-міністра Ізраіля, заклікаючы яго падтрымаць пратэст беларускага народу супраць дыктатуры і не замоўчваць факты гвалту ды рэпрэсій. “Ізраіль – краіна, пабудаваная выжыўшымі падчас Халакосту і іх нашчадкамі. Гісторыя вучыць нас, што страшныя падзеі сярэдзіны 20 стагоддзя адбыліся на фоне ўсеагульнага маўчання,” – нагадваюць аўтары і аўтаркі звароту.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Міжнародны ПЭН-клуб падтрымала беларускіх дзеячаў культуры ў іх барацьбе.
«Беларускія літаратары і мастакі знаходзяцца ў цэнтры мірнага супраціву парушэнням асноўных правоў і свабодаў. Яны выкарыстоўваюць свае літаратурныя і мастацкія творы, музыку і тэатральныя пастаноўкі для выкрыцця злоўжыванняў рэжыму Лукашэнкі. За гэта яны церпяць рэпрэсіі з боку ўладаў. Мірны пратэст і свабода творчасці непадзельныя як і правы, якія неабходна паважаць», – каментуе Джэніфер Клеменс, старшыня Міжнароднага ПЭНа.
У адказ на справаздачу АБСЕ ПЭН Амерыкі выпусціў заяву, у якой заклікае арганізацыю звярнуць асаблівую ўвагу на пераслед у дачыненні да культурніцкай супольнасці Беларусі.
Аўкцыён
Каб падтрымаць пацярпелых дзеячаў і дзяячак культуры, лідар славутага гурта “Крама” Ігар Варашкевіч прадае сваю рарытэтную гітару, на якой сачыніў культавыя песні.
Музыка Юрый Стыльскі выставіў на аўкцыён свой аўтапартрэт.
На аўкцыён выстаўлены лот ад Уладзіміра Цэслера. Ён распрацуе эксклюзіўны лагатып дзеля арганізацыі альбо асобы.
“Права артыста – быць вольным. Абавязак артыста – дыхаць паветрам свайго часу. Я ў захапленні ад мужнасці тых, хто сёння адстойвае не толькі сваю асабістую свабоду выбару, але і лепшую для ўсіх нас будучыню, – кажа ён.
Усе сродкі ад аўкцыёнаў будуць пералічаныя ў Беларускі фонд культурнай салідарнасці, створаны з мэтай аказання падтрымкі прадстаўнікам беларускай культурнай супольнасці, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю.
Спампаваць pdf-версію пятага выпуску маніторынга культурнага супраціву
Матэрыял падрыхтаваны Беларускім ПЭН-цэнтрам у супрацы з Беларускім фондам культурнай салідарнасці.
Інфармацыйны партнёр – партал TuzinFM.by