
Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International аб трывожным крызісе ў галіне правоў чалавека ў Грузіі.
24 ліпеня 2025: Улады Грузіі з трывожнай хуткасцю душаць свабоду выказвання меркаванняў і іншыя фундаментальныя правы, — гаворыцца ў сумеснай заяве PEN Georgia, PEN International і PEN America. Сумесная заява ПЭНаў у Савет ААН па правах чалавека выкрывае бесперапынную і ўсёахопную атаку з боку грузіскіх уладаў на незалежныя галасы і заклікае дзяржавы-члены ААН прыняць рашучыя меры для прыцягнення Грузіі да адказнасці.
Стан правоў чалавека ў Грузіі будзе разглядацца Саветам ААН па правах чалавека падчас Універсальнага перыядычнага агляду (UPR) у студзені 2026 года. Напярэдадні гэтага агляду PEN Georgia, PEN International і PEN America падалі ў ААН дакумент, які фіксуе сур’ёзныя парушэнні правоў на свабоду выказвання, свабоду аб’яднання і мірных сходаў за апошнія чатыры гады. Бяспека пісьменнікаў, журналістаў і мастакоў застаецца прадметам вялікай трывогі: колькасць пагроз і нападаў расце, а расследаванні праводзяцца неэфектыўна, у тым ліку калі гаворка ідзе пра дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Урадавая палітыка застрашвання, пераследу і ўмяшальніцтва ў працу крытычных галасоў у культурнай сферы працягваецца безупынна.
«Улады Грузіі ператварылі крымінальную правасудную сістэму ў інструмент рэпрэсій і развязалі беспрэцэдэнтную заканадаўчую атаку на фундаментальныя правы, імкнучыся падавіць любое іншадумства. Пададзены ПЭНаўскі дакумент для агляду UPR раскрывае маштаб і хуткасць гэтага наступу: незалежныя СМІ і грамадзянская супольнасць апынуліся на мяжы выжывання. Мы заклікаем партыю “Грузінская мара” неадкладна спыніць рэпрэсіі і тэрмінова скасаваць драконаўскія законы, што падрываюць свабоду выказвання, свабоду аб’яднання і мірных сходаў», — заявіла Хатуна Цхадзадзэ, прэзідэнтка PEN Georgia.
«Масавыя пратэсты ў Грузіі працягваюць жорстка разганяцца паліцыяй з незаконным ужываннем сілы, што прыводзіць да сур’ёзных траўмаў пратэстоўцаў, неабгрунтаваных затрыманняў і прысудаў пасля несправядлівых судоў, а таксама мэтанакіраваных нападаў на журналістаў — і ўсё гэта адбываецца ў поўнай беспакаранасці. Сярод затрыманых — ветэранка журналістыкі Мзія Амаглобелі і вядомы паэт і перакладчык Звіяд Ратыяні, якім пагражаюць гады зняволення па надзвычай непрапарцыйных падставах, звязаных з іх грамадскай актыўнасцю. Мы заклікаем да іх неадкладнага вызвалення», — заявіла Ма Тыда, старшыня Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні» PEN International.
«Грузінскія ўлады мэтанакіравана пераследуюць людзей з культурнага асяроддзя, якія адважыліся выказваць погляды, што разыходзяцца з дзяржаўнай пазіцыяй. Мы салідарныя з пісьменнікамі, мастакамі і культурнымі дзеячамі Грузіі і заклікаем улады паважаць незалежнасць і жыццёвасць грузінскай культуры», — сказала Лізл Гэрнтольц, выканаўчая дырэктарка Цэнтра свабоды творчасці PEN/Barbey пры PEN America.
PEN Georgia, PEN International і PEN America заклікаюць Савет ААН па правах чалавека і дзяржавы-чальцы прыцягнуць Грузію да адказнасці за парушэнні правоў чалавека. Падрабязны пералік праблемных пунктаў і канкрэтныя рэкамендацыі, якія дзяржавы павінны скіраваць да Грузіі падчас UPR у студзені 2026 года, прадстаўлены ў поўнай версіі дакумента.