• Навiны
  • Януш Вішнеўскі, шмат паэзіі і Заяц ПЦ: фестываль кнігі Pradmova абвесціў праграму

Януш Вішнеўскі, шмат паэзіі і Заяц ПЦ: фестываль кнігі Pradmova абвесціў праграму

Апошняе абнаўленне: 8 кастрычніка 2020
Януш Вішнеўскі, шмат паэзіі і Заяц ПЦ: фестываль кнігі Pradmova абвесціў праграму
Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova анансаваў сёлетнюю праграму. Фестываль пройдзе ў Мінску трэці раз 15-18 кастрычніка ў Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) і прадставіць некалькі дзясяткаў падзей, прысвечаных розным жанрам мастацтва, паяднаных тэмай кнігі. У гэтым годзе частка мерапрыемстваў пройдзе анлайн. У мэтах бяспекі на ўсе падзеі, акрамя кніжнага кірмаша і некаторых урачыстых падзей, трэба будзе прайсці папярэднюю рэгістрацыю.

Хто ўдзельнікі?

Януш Леон Вішнеўскі (Польшча), папулярны польскі аўтар завітае на фестываль, каб прэзентаваць працяг сусветна вядомага рамана “Адзінота ў сеціве”. Кніга называецца “Канец адзіноты” і выйшла на беларускай мове ў выдавецтве “Янушкевіч”. Мерапрыемства пройдзе пры падрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

Лінор Гаралік (Расія-Ізраіль), ізраільская рускамоўная пісьменніца і перакладчыца, фіналістка прэміі “Большая книга”. А яшчэ Лінор Гаралік – аўтарка тых самых коміксаў “Заяц ПЦ і яго ўяўныя сябры”. На фестывалі пройдзе выстава коміксаў Лінор, а таксама запланавана дыскусія з Віктарам Марціновічам разам на тэму постапакаліптычных раманаў і размова з Янушам Леонам Вішнеўскім на тэму сучасных выклікаў для пісьменнікаў. Гаралік далучыцца да фестывалю анлайн.

Барыс Пастэрнак (Расія), расійскі выдавец, дырэктар выдавецтва “Время” распавядзе, якая літаратура найбольш запатрабаваная сёння ў свеце, што павінна рабіць выдавецтва па прасоўванні сваіх кніг і аўтараў, як атрымліваць літаратурныя прэміі. Выдавец падзеліцца досведам працы з беларускімі аўтарамі, якія таксама прымуць удзел у мерапрыемстве. Адкажа на пытанні, у чым феномен кніг Святланы Алексіевіч і ці ёсць у беларускіх пісьменнікаў шанец на яшчэ адну Нобелеўскую прэмію. 

Міхаіл Мінакоў (Украіна-Італія), гісторык, філосаф і палітолаг. Ён прыме анлайн-удзел у міжнароднай дыскусіі “Стан і перспектывы палітычных і сацыяльных навук на постсавецкай прасторы, іх здольнасць апісваць актуальныя падзеі”, а таксама прэзентуе свае новыя кнігі і часопіс ”Идеология и политика”.

Жарка Ёваноўскі (Харватыя). З замежжа на фестываль завітае харвацкі майстра паэтычнага слова Жарка Ёваноўскі. Аўтар дзесяці паэтычных кніг, лаўрэат нацыянальных і міжнародных прэмій, Ёваноўскі пачытае сваю іранічную (і месцамі хуліганскую) паэзію разам з перакладчыкам Андрэем Хадановічам на імпрэзе пад назвай “Дзяржава, якая хацела зрабіцца мядзведзем”. 

Сярод беларускіх хэдлайнераў гэтага года – Валянцін Акудовіч, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Максім Жбанкоў, Таццяна Заміроўская, Артур Клінаў, Віктар Марціновіч, Ганна Севярынец, Дзмітрый Строцаў, Юля Цімафеева.

Што яшчэ будзе?

Кожны дзень падчас фестывалю з 11.00 да 21.00 будзе працаваць кніжны кірмаш. Свае навінкі і найлепшыя кнігі прадставяць выдавецтвы “Логвінаў”, “Галіяфы”, “Янушкевіч”, “Суродзічы”, “Время”, ARCHE, “Лімарыус”, “Коска”, “Тэхналогія”, “Эканомпрэс”, “Макбел”, выдаўцы Раман Цымбераў, Зміцер Колас, Алесь Дудар (кніжны гандаль) і іншыя беларускія і расійскія выдавецтвы інтэлектуальнай кнігі.

Таксама на працягу ўсіх чатарох дзён будуць працаваць чатыры экспазіцыі: выстава творчасці 12 вядомых літоўскіх мастакоў кнігі “Сусветная разнастайнасць у літоўскіх кніжных ілюстрацыях” пад куратарствам Довіле Тамкутэ (Літва), выстава прац фіналістаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі “Арт-Прадмова 2020”, выстава мінскай мастачкі Яніны Зайчанка “Свабода [слова] ад невыноснага”, тэматычная выстава коміксаў Лінор Гаралік “Я ўсё выправіў да горшага”: Заяц ПЦ і яго ўяўныя сябры: Ф, Щ, грэлка і свіная адбіўная з гарошкам”.

На Pradmova будуць уручаныя адразу некалькі літаратурных прэмій: прэмія імя Ежы Гедройца за найлепшую празаічную кнігу, прэмія імя Карласа Шэрмана за найлепшыя кніг перакладаў на беларускую мову, прэмія Цёткі ў галіне дзіцячай літаратуры, прэмія імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі. Яшчэ адбудзецца вечарына з нагоды 10-годдзя прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча з удзелам пераможцаў і шорт-лістараў прэміі. 

Чакаюцца калабарацыі з іншымі мастацкімі праектамі: фотапраектам “Змена”, конкурсам і выставай “Арт-Прадмова”, купалаўцамі, культурніцкім праектам wir.by і інш. На фестывалі пакажуць фільм Аляксея Палуяна “Возера радасці” па матывах аднайменнай кнігі Віктара Марціновіча. 

Падрабязная праграма фестывалю са спасылкамі на рэгістрацыю тут.