• Навiны
  • Абвешчаны кароткі спіс прэміі Шэрмана. Цырымонія ўручэння – 17 кастрычніка

Абвешчаны кароткі спіс прэміі Шэрмана. Цырымонія ўручэння – 17 кастрычніка

Апошняе абнаўленне: 6 кастрычніка 2020
Абвешчаны кароткі спіс прэміі Шэрмана. Цырымонія ўручэння – 17 кастрычніка
Журы зацвердзіла кароткі спіс прэміі імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў. 

Сёлетні кароткі спіс складаецца з дзесяці найлепшых перакладных твораў 2019 года: чатыры ў намінацыі “Пераклад прозы” і па тры ў намінацыях “Пераклад паэзіі” і “Пераклад дзіцячай кнігі”.

Нагадаем, што журы будзе абіраць па адным пераможцы ў кожнай намінацыі. Кожны з пераможцаў атрымае прыз у 1500 даляраў у эквіваленце.

“Кінулася ў вочы, што найлягчэй вызначыць лідэраў было ў намінацыі “Паэзія“ мабыць, таму, што паэзія найменш “камэрцыйная” галіна літаратуры, і перакладчыкі сапраўды выбіралі кнігі як ім падказала сэрца. Добра памучыліся мы з намінацыяй “Проза”, дзе перагаласоўваць давялося аж тры разы, але выбраць з чатырох найлепшых тры   так і ня здолелі, вырашылі пакінуць усе чатыры. Добры выбар кнігі для перакладу палова посьпеху, і вось у прозе сёлета, як мне здаецца, з гэтым былі праблемы, калі не сказаць няўдачы.

Зь дзіцячай літаратурай было бадай што найцяжэй, бо надта ўжо розныя былі кнігі ад першых чытанак для самых маленькіх да амаль дарослых раманаў, параўноўваць іх якасьць і ўкладзеную працу вельмі складана. Але, здаецца, вынікі галасаваньня ўсіх задаволілі”, – дзеліцца думкамі сябра журы прэміі Сяргей Шупа.

Уручэнне прэміі Шэрмана і абвяшчэнне пераможцаў адбудзецца 17 кастрычніка а 19.30 у Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3) у межах фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Падчас цырымоніі адбудзецца прэзентацыя кнігі мемуараў Карласа Шэрмана “Блуканец”.

Калі вы маеце жаданне завітаць на цырымонію ўручэння, трэба зарэгістравацца. Колькасць месцаў абмежаваная. 

У зале будуць забяспечаны эпідэміялагічныя нормы: рэкамендаваны масачны рэжым, будуць санітайзеры і адпаведная дыстанцыйная рассадка.

Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў. 

Кароткі спіс прэміі Карласа Шэрмана 2020

Якуб Лапатка, пераклад з фінскай – Франс Эміль Сіланпя “Праведная галеча”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Кацярына Маціеўская, пераклад з польскай – Анджэй Сапкоўскі “Вядзьмар. Апошняе жаданне”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Марына Шода, пераклад з польскай – Антоні Лібера “Мадам”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Ганна Янкута, пераклад з англійскай – Джэйн Остэн “Пыха і перадузятасць”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Ігар Кулікоў, пераклад са стараангельскай – “Стараангельская паэзія”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Алег Мінкін, пераклад з украінскай – Мікола Зэраў “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.
Андрэй Хадановіч, пераклад з польскай – Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі “Выбранае”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск. 

Алеся Башарымава, пераклад са шведскай – Астрыд Ліндгрэн “Малы і Карлсан, які жыве на даху” і “Карлсан прылятае зноў”. Выдавецтва “Папуры”, Мінск.
Сяргей Матырка, пераклад з нямецкай – Эрвін Мозэр “Неверагодныя гісторыі на дабранач”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.
Марыя Пушкіна, пераклад з польскай – Раксана Енджэеўска-Врубель “Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.