Калісьці айцец Генадзь з самага маленькага беларускага гарадка на маё пытанне (бо знаўца прыроды людзей), ці магчымы цяпер паўтор трыццатых гадоў і ці будуць людзі таксама пісаць даносы, з горыччу адказаў, нахіліўшыся да мяне: “Яшчэ больш і страшней”.
Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, – гэта тэрор. Калі фашысты знішчалі гета на Нямізе – у астатнім горадзе сціскаліся сэрцы, але людзі працягвалі жыць амаль як раней. Вось і мы жывем, як жылі ў той час, калі сотні годных людзей пакутуюць у вязніцах за свае перакананні. Калі знікаюць назаўсёды людзі. Калі мірным грамадзянам пагражаюць зброяй. Калі хлусяць… Мы штодня – сведкі злачынства. Хамская ўлада, пазбаўленая этычных і эстэтычных каштоўнасцей, рана ці позна робіцца подлай, і мы таксама сведкі гэтага.
Больш за тое – мы сучаснікі гэтага перакуленага свету ў цэнтры Еўропы. А гэта значыць, што таксама адказныя за ўвесь гэты абсурд.