Прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця два гады таму.
Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Саюзам беларускіх дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”.
“Мы хочам падтрымаць беларускі кніжны дызайн і звярнуць увагу на вокладкі, якія рэпрэзентуюць аблічча і вызначаюць стыль актуальнай беларускай кнігі. Уручэнне прэміі плануецца падчас фестывалю “Прадмова”, які пройдзе 2-5 красавіка ў Мінску. Мы спадзяемся, што падчас цырымоніі ўручэння зможам прэзентаваць таксама кнігу пра Міхала Анемпадыстава “Простыя словы”, якую падрыхтавалі сябры Міхала і на якую цяпер распачаты збор сродкаў,” – распавяла намесніца старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай.
Ацэньвацца будзе дызайн, паліграфічнае выкананне вокладкі, а на ўзроўні кароткага спісу і адпаведнасць зместу кнігі. Склад журы будзе апублікаваны неўзабаве.
Да ўдзелу запрашаюцца дызайнеры, якія стварылі вокладку да папяровай беларускай кнігі, што выйшла ў 2019 годзе. Канчатковая адпаведнасць намінаванай кнігі панятку “беларуская кніга” ў кожным канкрэтным выпадку вызначаецца сябрамі журы большасцю галасоў. Больш падрабязна з умовамі ўдзелу можна азнаёміцца, прачытаўшы статут і рэгламент прэміі.
Каб падаць вокладку на конкурс, трэба да 2 сакавіка запоўніць форму. Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы.
Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Пераможцу абвесцяць на фестывалі “Прадмова”, які адбудзецца 2 – 5 красавіка ў менскай прасторы ОК16.
“Кніга – гэта не толькі тэкст, гэта артэфакт культуры, гэта рэч побыту і паўсядзённасці, якія вызначаюць нашае жыццё. Гэтым конкурсам нам істотна падкрэсліць важнасць дызайнерскай працы, якая надае кнізе дадатковую вартасць, адкрывае яе праз візуальныя і тактыльныя адчуванні. Спадзяемся, што конкурс спрычыніцца да захавання памяці пра Міхала Анемпадыстава не толькі як пра творцу, але і як пра канцэптуальнага стваральніка сучаснай беларускай культуры”, – лічыць каардынатарка “Лятучага Універсітэта” Таццяна Вадалажская.
Таксама звяртаем увагу: распачаты збор сродкаў на кнігу “Простыя словы”.
“Простыя словы” — беларуска-польская кніга пра Міхала, яго жыццё і творчасць. Больш за 60 аўтараў з Беларусі і Польшчы спрычыніліся да яе напісання. Тут успаміны і няскончаныя размовы з Міхалам, фотаздымкі, вершы і песні, напісаныя ім для “Новага неба” і “Народнага альбома”. Зараз ідзе сбор сродкаў на выданне кнігі. Пры паспяховым завяршэнні краўд-кампаніі асобнікі можна будзе забраць на афіцыйнай прэзентацыі ў Мінску падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”, які пройдзе 2-5 красавіка. Падрабязнасці пра краўд-кампанію тут.
Міхал Анемпадыстаў працаваў у жанрах графікі, ілюстрацыі, фатаграфіі. Як дызайнер ствараў плакаты, паштоўкі, лагатыпы, вокладкі для музычных альбомаў і нават беларускамоўныя этыкеткі гарэлак. У пачатку 90-х ілюстрацыі Міхала Анемпадыстава вызначалі запамінальны стыль часопіса “Бярозка”, дзе ён быў мастацкім рэдактарам. У 2011 годзе праілюстраваў кнігу Сяргея Вітушкі “Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі”. Вокладкі, створаныя Міхалам Анемпадыставам, упрыгожваюць пераклады Збігнеў Герберта і Чэслава Мілаша, кнігі Андрэя Хадановіча, Таццяны Нядбай, Сяргея Харэўскага, Наталкі Бабінай ды іншых беларускіх аўтараў.