Да 30-годдзя Беларускага ПЭН-цэнтра сябры і партнёры арганізацыі падрыхтавалі эсэ пра тое, што ПЭН значыць для іх саміх, для літаратурнага асяроддзя і для Беларусі. Сваімі думкамі падзялілася пісьменніца і сябра Беларускага ПЭНа Паліна Качаткова.
Друкавальная машынка, закапаная ў лесе
Беларускі ПЭН-цэнтр быў заснаваны ў 1989 годзе – у год, калі быў зруйнаваны Берлінскі мур – сімвал таталітарызма і раз’яднання.
Беларускія літаратары разбуралі гэты мур па-свойму.
Памятаю “Дзяды” 30 кастрычніка 1988 года, як напярэдадні ляпіла абвесткі на слупах на Кастрычнцікай і каля стадыёна „Дынама”. У абвестцы было напісана: “Увага! Увага! Увага! Таварыства маладых літаратараў пры СП БССР “Тутэйшыя” 30 кастрычніка (нядзеля), у 14 гадзін ладзіць Дзень памяці продкаў, мітынг памяці продкаў”. Ляпіла гумовым клеем у металёвым цюбіку, з-пад рукава ў мэтах канспірацыі. Рукавы ангельскага палітона, прывезенага татам з Чэхаславаччыны, дзе ён тады выкладаў у Карлавым універсітэце, былі сапсаваныя ўшчэнт. Памятаю, як выйшлі з метро “Усход” і пабачылі натоўп людзей з кветкамі і добра апранутых, якія рушылі ў бок Маскоўскіх могілак. Памятаю, як Алеся Бяляцкага круцілі-затрымлівалі на скрыжаванні вуліцы Каліноўскага і праспекта Леніна. Першы раз бачыла затрыманне па палітычных матывах. Мы кінуліся да міліцэйскай машыны і пабачылі на вачах Бяляцкага слёзы. Мы падумалі, што гэта ад таго, што яго збілі, бо не ведалі тады, што быў скарыстаны слёзацечны газ. Памятаю цісканіну каля Маскоўскіх могілак, як у жаху успомніла пра Хадынку і пахаванне Сталіна. Мы з аднагрупніцай з Моталя Аленай Кульбедай схапіліся адна за адну, каб не зваліцца пад ногі натоўпу. І тут жа пабачылі вадамёты. Нешта паляцела над натоўпам, падобнае на ляльку і пачуўся крык „Правакацыя!”.
«Мы выступалі супраць таталітарызму і за дэмакратычную прававую дзяржаву, гэта зафіксавана у нашых статутных дакументах», – гаворыць праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Абвесткі на “Дзяды” друкавалі на машынцы, якая была закопаная ў лесе. Адкопвалі, друкавалі і зноў закопвалі. Месца ведалі Віктар Івашкевіч і Алесь Бяляцкі.
Друкавальная машынка дагэтуль у лесе.
Пачытаць эсэ пісьменніка і сябра ПЭНа Альгерда Бахарэвіча можна тут.