10 верасня ў сталічнай кавярні “Грай” уручылі прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі на беларускай мове.
На ўзнагароду прэтэндавала тры шорт-лістара: Уладзімір Арлоў з кнігай “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань” (выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск), Надзея Артымовіч са зборнікам “Краявід з невілочнай памылкай” (выдавецтва “Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»”, Беласток) і Марыя Мартысевіч з эпісталярнай паэмай “Сарматыя” (выдавецтва “Янушкевіч”).
Па рашэнні сябраў журы прэмію атрымала Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”. Прыз прэміі сёлета складае 4000 беларускіх рублёў.
У склад журы прэміі сёлета ўвайшлі паэт і загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэтка, перакладчыца і літаратуразнаўца Марыяна Кіяноўская, літаратуразнаўца і доктар філалагічных навук Анжэла Мельнікава, паэтка і бард Лера Сом, паэт і арганізатар літаратурных мерапрыемстваў Дзмітрый Строцаў.
Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Партнёрам прэміі выступіў тэлеканал “Белсат”, які ўсім наведнікам цырымоніі прадаставіў падарункі – цішоткі, торбы і заплечнікі ў межах кампаніі «Беларускамоўныя». Адна з мэтаў кампанні – заахвоціць як мага большую колькасць людзей абраць беларускую мову як родную падчас перапісу насельніцтва, які адбудзецца ў кастрычніку.
Прэмія заснаваная ў гонар беларускай паэткі Наталлі Арсенневай (1903—1997) у 2017 годзе і ўручаецца за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове. Першым лаўрэатам прэміі стаў Уладзімір Някляеў за зборнік паэзіі “Толькі вершы”, другім — Алесь Разанаў з кнігай “Перавыбранае”.