• Навiны
  • Паспець да вясны! Апошні шанец даслаць вокладку на Прэмію Анемпадыстава

Паспець да вясны! Апошні шанец даслаць вокладку на Прэмію Анемпадыстава

Апошняе абнаўленне: 26 лютага 2019
Паспець да вясны! Апошні шанец даслаць вокладку на Прэмію Анемпадыстава
Прыём заявак завяршаецца 28 лютага.

Прыём заявак завяршаецца 28 лютага. Каб падаць вокладку на конкурс, трэба запоўніць форму на сайце ПЭН-цэнтра.

Да ўдзелу запрашаюцца беларускія дызайнеры, якія стварылі вокладку да папяровай кнігі, што выйшла ў 2018 годзе і адпавядае хаця б адному з наступных крытэраў:

– выдадзеная ў беларускім выдавецтве;
– напісаная беларускім аўтарам;
– напісаная на беларускай мове;
– распавядае пра Беларусь ці беларускую культуру.

Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы зацікаўлены чытач.

У журы ўвайшлі творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам: пісьменнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнер Уладзімір Цэслер, пісьменнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнерка Алена Дашкевіч, дызайнер Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.

Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Пераможцу абвесцяць на фестывалі “Прадмова”, які адбудзецца 4 – 7 красавіка ў менскай прасторы ОК16.

Прэмія заснаваная сёлета ў памяць пра чалавека шматлікіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця год таму.

Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і “Лятучым універсітэтам”, а таксама польскім партнёрам ТАА “H&L” і фондам “Адкрытая культура”. Да праекту таксама далучыўся незалежны тэлеканал “Белсат”.