З Васілём Сёмухам я пазнаёмілася зусім у духу часу знаёмства – у інтэрнэце. Тады, калі ён быў рэдактарам зборніку “20 польскіх апавяданняў” (2007), для якога я зрабіла адзін з тэкстаў. Пасля таго мы шмат і плённа ліставаліся і некалькі разоў бачыліся – дзядзька Васіль сачыў за перакладамі маладзейшых калег, нягледзячы на хваробы, сам прыязджаў на імпрэзы да маладых літаратараў, дарыў свае выдаваныя пераклады з дасціпнымі подпісамі, чым здзіўляў і расчульваў. Гэта быў крыху кагнітыўны дысананс, бо як-ніяк гэты чалавек пераклаў “Фаўста” і “Сімпліцысімуса”, штудыяваных мной на філфаку – насуперак навучанню на аддзяленні расійскай філалогіі – па-беларуску.
Ягоны мэйл, з якога ён ліставаўся з усім светам, меў першую частку “Ясенец” – назву хутара, дзе ён нарадзіўся і які спалілі нацысты пасля таго, як забілі ягоную сям’ю. Нягледзячы на гэта, у сталым веку Сёмуха зрабіўся галоўным перакладчыкам-германістам Беларусі. Гэтая гісторыя мяне калісьці моцна ўразіла, і з яе я спрабую вучыцца. Па-першае, любіць сваё і не забываць, з чаго ты пачынаешся, а таксама – вучыцца разумець, як бы ні было цяжка. Бо пераклад, мастацкі пераклад – гэта перш за ўсё пра разуменне.
Мне вельмі ўсцешна, што я магу называцца сучасніцай вялікага перакладчыка Васіля Сёмухі.