Стартуе чацвёрты сезон Прэміі Цёткі, якая прысуджаецца за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў. На конкурс прымаюцца кнігі 2018 года, напісаныя на беларускай мове.
Прэмія Цёткі мае дзве намінацыі: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў (незалежна ад роду літаратуры — проза, паэзія, драматургія — аўтару арыгінальнай беларускай кнігі) і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі (мастаку-ілюстратару). Рашэнне па вызначэнні пераможцы ў кожнай намінацыі прымае асобнае журы. Кожны лаўрэат атрымае грашовы прыз, эквівалентны 2000 даляраў.
Каб падаць кнігу на конкурс, трэба да 31 студзеня запоўніць форму на сайце ciotka.by. Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі аўтары і мастакі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы зацікаўлены чытач.
Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года пры падтрымцы фонда “Вяртанне”. За гэты час пераможцамі прэміі рабіліся Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай “Сем ружаў”, Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, Валер Гапееў з кнігай “Мая мілая ведзьма” і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна “Азбука. Вясёлы вулей”.