10 снежня на адукацыйнай пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” прайшло ўручэнне прэміі імя Францішка Аляхновіча.
Сёлета лаўрэатамі прэміі за найлепшыя літаратурныя творы, напісаныя на падставе асабістага турэмнага досведу, сталі:
Аляксандр Лапшын за твор “Лагер смерці ў цэнтры Менска”;
Вольга Нікалайчык за творы ў кнізе “Бо”;
Уладзімір Някляеў за творы ў кнігах “Лісты да Волі” і “Толькі вершы”.
Лаўрэаты былі ўзнагароджаныя дыпломамі і падарункамі.
Першую прэмію імя Францішка Аляхновіча атрымаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан». Таксама ў папярэднія гады лаўрэатамі сталі: Алесь Бяляцкі (2014), Зміцер Дашкевіч (2014), Фелікс Пекер (2014), Павел Севярынец (2014), Аляксандр Фядута (2014), Ірына Халіп (2014), Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў і Леанід Пятрэнка (2017).
Прэмія імя Францішка Аляхновіча прысуджаецца за найлепшыя творы аўтарам, якія былі зняволеныя. Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года.