Кірыл Сярэбранікаў мусіць быць тэрмінова вызвалены з-пад хатняга арышту, а ўсе абвінавачаныя ў так званай “тэатральнай справе” мусяць неадкладна атрымаць доступ да справядлівага суду. З такой заявай выступілі ўчора Міжнародны ПЭН, ПЭН Масква і Санкт-Пецярбургскі ПЭН-клуб.
Адзін з найвыбітнейшых расейскіх тэатральных рэжысёраў Кірыл Сярэбраннікаў знаходзіцца пад хатнім арыштам з 23 жніўня 2017 года па абвінавачанні ў махлярстве і нямэтавым выкарыстанні дзяржаўных сродкаў, якое ён адмаўляе. Расійскія ўлады вінавацяць рэжысёра ў прысабечванні 133 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 2 мільёнаў даляраў), выдаткаваных з 2011 па 2014 гады тэатральнай трупе “Сёмая студыя” на праект “Платформа”, які быў скіраваны на развіццё сучаснай харэаграфіі, музыкі і тэатру. Паводле сцверджання следчых, частка гэтага праекту, пастаноўка шэкспіраўскай п’есы “Сон у летнюю ноч”, ніколі не была пастаўленая. Кірыл Сярэбранікаў адмаўляе гэтыя абвінавачванні, заяўляючы, што спекталь быў паказаны некалькі разоў. Яму пагражае да 10 гадоў турэмнага зняволення паводле артыкула №159.4 Крымінальнага кодэксу Расійскай Федэрацыі (махлярства ў асабліва буйным памеры), калі яго віна будзе даказаная.
“Кірыл Сярэбранікаў несправядліва знаходзіцца пад хатнім арыштам ужо больш за год. Яму забаронена пісаць лісты і весці тэлефонныя перамовы без дазволу следчых. Яго пакуты былі прадоўжаныя да 3 красавіка 2019 года. Так не можа працягвацца, расійскія ўлады мусяць тэрмінова вызваліць яго”, – заявіў Карлэс Торнэр, генеральны дырэктар Міжнароднага ПЭН-клубу.
Кірыл Сярэбранікаў – мастацкі дырэктар “Гогаль-цэнтра”, прагрэсіўнага, эксперыментальнага тэатру, вядомага сваімі сучаснымі пастаноўкамі, што закраналі тэмы палітыкі і сэксу. Да таго ж ён выказваў крытыку ў бок расійскіх уладаў, што – як мяркуюць многія – і стала прычынай рэпрэсій супраць яго.
Хаця растрата фінансавання, выдаткаванага на тэатральныя пастаноўкі, гэта гучная і цьмяная справа, аднак многія расійскія артысты і інтэлектуалы выказваюць сумневы наконт падставаў для пераследу і заяўляюць пра яго палітычную матываванасць, асабліва ва ўмовах, калі расійскія ўлады стараюцца заглушыць галасы іншадумцаў.
“Расія мае багатыя і ўплывовыя культурныя традыцыі, аднак мастацкая свабода тут знаходзіцца пад усё большай пагрозай. Самацэнзура і канфармізм перашкаджаюць творчасці. Калі мастацкіх дырэктараў накшталт Кірыла Сярэбраннікава аддаюць пад суд, тады ўся будучыня расійскага тэатру знаходзіцца пад пагрозай”, – заявіла выканаўчая дырэктарка ПЭН Масква Надзея Ажгіхіна.
Больш падрабязна пра сумесную заяву ПЭН-клубаў, а таксама пра справу рэжысёра Кірыла Сярэбранікава чытайце на сайце Міжнароднага ПЭНа.