27 верасня ў межах “Перакладчыцкай майстэрні” адбылася сустрэча са спецыяльна запрошаным госцем Лявонам Баршчэўскім.
Спадар Баршчэўскі, філолаг-германіст і перакладчык мастацкай літаратуры больш чым з дзясятка моваў, прачытаў невялікую лекцыю “Пра дзве стратэгіі перакладу кароткай прозы Томаса Мана”, у якой параўнаў два беларускія пераклады – Васіля Сёмухі і Уладзіміра Папковіча – апавядання “Der Weg zum Friedhof”. Першы быў зроблены напрыканцы 90-х гадоў, другі падрыхтаваны для новага зборніка Томаса Мана, што рыхтуецца выдавецтвам Андрэя Янушкевіча і з’явіцца ў серыі “Noblesse obliges”.
Фрагменты беларускіх перакладаў чыталіся ўголас, разам з нямецкім арыгіналам, каб навучэнцы Майстэрні маглі супаставіць рытмічны малюнак розных версій тэксту, ацаніць лексічнае багацце і стылістыку абодвух перакладаў.
Арыгінал: “Es war Frühling, beinahe schon Sommer. Die Welt lächelte. Gottes blauer Himmel war mit lauter kleinen, runden, kompakten Wolkenstückchen besetzt, betupft mit lauter schnee weißen Klümpchen von humoristischem Ausdruck. Die Vögel zwitscherten in den Buchen, und über die Felder daher kam ein milder Wind”.
Васіль Сёмуха: “Стаяла сама-сама вясна, амаль ужо лета. Свет усміхаецца. Пяшчотная сінявіна неба, пабітая лёгкімі зыбкімі аблачынкамі, круглымі, крамянымі, смешнымі хлапякамі, белымі як снег. У букавым ліставецці шчабечуць птушкі, з палёў вее лёгкі вятрэц”.
Уладзімір Папковіч: “Была вясна, амаль ужо лета. Усё навокал усміхалася. Боскае блакітнае неба было скрозь пакрыта маленькімі, круглымі, кампактнымі аблачынкамі, з украпленнем белых камічных плямак. Птушкі цвірчэлі ў буках, а над палямі блукаў мяккі вецярок”.
Лектар адзначыў, што ў перакладзе В.Сёмухі ўжываюцца аўтарскія неалагізмы і рэгіяналізмы: сінявіна, ліставецце, рэдка ўжываныя вобразныя словы: сама-сама, хлапяк, вятрэц, тады як лексіка перакладу Ул.Папковіча больш традыцыйная, угрунтаваная на першых слоўнікавых значэннях словаў. Было таксама заўважана, што абодва пераклады дэманструюць розніцу ў граматычным афармленні тэкстаў. Ул.Папковіч будуе тэкст амаль выключна ў мінулым часе, тады як В.Сёмуха чаргуе ўжыванне мінулага з так званым гістарычным прэзэнсам, імкнучыся дадаць тэксту жывасці і дынамікі.
Прысутныя параўналі дыялогі ў абедзвюх версіях перакладу, заўважыўшы, што стратэгія Васіля Сёмухі больш скіраваная на перадачу гутарковай мовы. Параклад В.Сёмухі: “– Вы ці не п’яны, мой пане! Зачапіце мяне толькі, чорт вас пабяры, яшчэ раз, уеду ў морду, ясна? Я вам усе скабы скасабочу! Так і ведайце”. Пераклад Ул.Папковіча: “Вы, магчыма, п’яны, мужчына! Калі Вы, заядлы барацьбіт, яшчэ раз ўздумаеце затрымаць мяне, то я Вас адлупцую ў горкі яблык, Вы разумееце? Я Вам косці пераламаю! Каб Вы ведалі!”
Разабраўшы розніцу ў падыходах, Лявон Баршчэўскі прыйшоў да высновы, што “перакладчыцкая стратэгія В.Сёмухі палягала ў тым, каб стварыць асаблівы стыль, які б недзе выходзіў за межы стылёвых пошукаў Томаса Мана, у той час як Уладзімір Папковіч імкнуўся з рупнасцю прафесійнага філолага перадаць грунтоўнасць і дакладнасць, пэўную грувасткасць манаўскага мыслення ды стылю”.