• Навiны
  • Партугальскі геній і яго “двайнікі”: Фэрнанду Пэсоа на Перакладчыцкай Майстэрні

Партугальскі геній і яго “двайнікі”: Фэрнанду Пэсоа на Перакладчыцкай Майстэрні

Апошняе абнаўленне: 25 верасня 2018
Партугальскі геній і яго “двайнікі”: Фэрнанду Пэсоа на Перакладчыцкай Майстэрні
21 верасня адбылося чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні.

21 верасня адбылося чарговае паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні, якое было прысвечанае творчасці партугальскага паэта Фэрнанду Пэсоа (1888-1935), чые вершы неўзабаве з’явяцца па-беларуску ў серыі “Паэты планеты”. У кніжку ўвойдуць пераклады з партугальскай і з ангельскай, бо Пэсоа быў дзвюхмоўным паэтам, але гэтым разам Ігар Крэбс, Кацярына Маціеўская, Андрэй Хадановіч і Юля Цімафеева прадставілі толькі пераклады з партугальскай.

Пэсоа – не толькі адзін з найбуйнейшых лірыкаў ХХ стагоддзя, але і стваральнік амаль незлічонай колькасці сваіх літаратурных двайнікоў-гетэронімаў. Найважнейшыя з іх – Албэрту Каэйру, Рыкарду Рэйш ды Альвару дэ Кампуш. Прычым кожнаму з іх ён прыдумаў сваю біяграфію і, што яшчэ важней, стварыў для кожнага з іх апрычоную паэтыку. Таму абмяркоўваліся вершы, якія былі напісаныя ў рознай манеры – і, адпаведна, патрабуюць розных падыходаў ад сваіх беларускіх перакладчыкаў. Дастаткова параўнаць. Вось верш “Бог”, падпісаны сапраўдным іменем паэта, у перакладзе Ігара Крэбса:

Я часам Бог, які ўнутры мяне.
Я – Бог, малітва, вернік, і дарога,
І срэбны абразок, што захіне
Сабой сапраўднае аблічча бога.

Я часам атэіст і праўлю трэбу
Сабе, хаця ў сябе не маю веры,
Тады ўнутры сябе я бачу неба –
Не больш як пустату нябеснай сферы.

Вось верш, прыпісаны Рыкарду Рэйшу, бліскучая антычная стылізацыя, да таго ж – правільнай сапфічнай страфой:

Я страшуся, Лідыя, лёсу злога:
Нават камень лёгкі, што раптам крывіць
Роўны бег калёсаў маіх, дратуе
Сэрца жудою.

Я найменшы рух і любыя змены –
Нават і да лепшага – ненавіджу.
О, няхай багі мне жыццё падораць
Без абнаўлення.

Дні мае за днямі няхай мінаюць,
Я ж хачу застацца амаль тым самым
І прыйсці да старасці, як прыходзіць
Дзень да змяркання.

Пераклала Кацярына Маціеўская

А вось “наіўны” філосаф Албэрту Каэйру, непаўторны верлібрыст са сваім почыркам, паэтычнай інтанацыяй і манерай задаваць пытанні, у беларускай версіі Юлі Цімафеевай:

Тое, што мы бачым у рэчах, – усяго толькі рэчы.
Чаму мы мусім бачыць у адной рэчы іншую?
Чаму і зрок, і слых нам здраджваюць,
Калі бачыць і чуць – гэта бачыць і чуць?

Галоўнае – умець бачыць,
Умець бачыць і зусім не думаць,
Умець бачыць, калі бачыш,
А не думаць, калі бачыш,
І не бачыць, калі думаеш.

Аднак для таго (якія ж мы бедныя з душою адзетай!),
Для таго патрэбныя глыбокія штудыі,
Навука развучвацца,
Вызваленне ў няволю з таго кляштара,
Адкуль паэты прамаўляюць, што зоры – вечныя браты,
А кветкі – набожныя спаведніцы, якія жывуць толькі дзень,
Але дзе вы бачылі, што зоры – не проста зоры,
А кветкі – гэта не проста кветкі,
І вось таму мы іх завём і зорамі, і кветкамі.

І зноў Фэрнанду Пэсоа, пад уласным імем:

Калі фрэгат хаваюць гарызонты,
Не сам ён гіне, толькі сілуэт.
Душа сыходзіць – плакаць наўздагон ты
Не мусіш. Ты скажы: “Плыве ў сусвет”.

Вось сімвал усяго, што стацца можа, –
Быццё й нябыт, як рух вакол зямлі:
Жыццё па кругасмертным падарожжы
Вяртае душы, быццам караблі.

Пераклаў Андрэй Хадановіч

Абмяркоўваючы ўсё гэтае паэтычнае багацце і разнастайнасць, перакладчыкі асабліва спыняліся на пытаннях метрыкі і стылістыкі. Зразумела, што, напрыклад, шасцістопны ямб мусіць застацца ў перакладзе шасцістопным ямбам. А што рабіць з верлібрам Каэйру, які не ёсць ні занадта празаічным, ні занадта правільным і “гладкім” паводле сваёй рытмічнай структуры? Чарнавік аднаго з перакладаў у першым радку выглядаў занадта рытмізаваным: “Я хацеў бы мець і часу, і спакою дастаткова”, а ў апошнім радку: “Каб ведаць сябе толькі ў вачах іншых, быць адлюстраваным” – не перадаваў усёй элегантнай двухсэнсоўнасці партугальскага тэксту, дзе адно слова азначае і люстэркавы адбітак, і інтэлектуальную рэфлексію. Але ўрэшце ў канчатковай версіі ўсё ўстала на свае месцы:

Я хацеў бы мець дастаткова і часу, і спакою,
Каб ні пра што не думаць,
Каб не адчуваць, што я жыву,
Каб пазнаваць сябе, толькі ў вачах іншых.

Пераствараючы знакаміты верш Пэсоа пра ката, перакладчык дазволіў сабе не ўласцівыя арыгіналу “пяшчотныя” дэталі, што маглі адцягнуць увагу чытача ад збольшага трагічнай філасофіі аўтара: “З нікчэмнасці робіш цуд / Уласнаю пекнатою. / А я – ці напраўду тут? / Калі ж напраўду, то хто я?” Не аспрэчваючы ў цэлым кашэчай “цудоўнасці” і “пекнаты”, прысутныя калегі параілі перакладчыку вярнуцца бліжэй да стылістыкі арыгіналу. Пасля чаго ўвесь твор набыў такі выгляд:

Дваровы кот, што ў траву
Сігае мурзатым носам,
Я горшым лёсам жыву,
Бо твой – не завецца лёсам.

Ты ў свеце маленькі госць,
Як людзі, дрэвы й каменне,
Ды ўсё, што ў цябе тут ёсць, –
Тваё – ні болей, ні меней.

Ты ўвесь – на гэтай зямлі
Істотай сваёй зямною.
А я – ці жыў тут калі?
Я ёсць, але хто ёсць мною?

Усе ахвочыя запісацца ў Перакладчыцкую майстэрню пад кіраўніцтвам Андрэя Хадановіча могуць дасылаць свае заяўкі на электронны адрас [email protected]. Калі ласка, пазначце свае кантакты, а таксама сферу перакладчыцкай зацікаўленасці.

Партугальскі геній і яго “двайнікі”: Фэрнанду Пэсоа на Перакладчыцкай Майстэрні

Партугальскі геній і яго “двайнікі”: Фэрнанду Пэсоа на Перакладчыцкай Майстэрні

Партугальскі геній і яго “двайнікі”: Фэрнанду Пэсоа на Перакладчыцкай Майстэрні

Партугальскі геній і яго “двайнікі”: Фэрнанду Пэсоа на Перакладчыцкай Майстэрні