Пра хлюпікаў, слабакоў і неймаверную свабоду: як перакладаць комікс | Нататнік майстэрні

Апошняе абнаўленне: 27 мая 2025
Пра хлюпікаў, слабакоў і неймаверную свабоду: як перакладаць комікс | Нататнік майстэрні

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні Андрэй Хадановіч вядзе нататнік заняткаў у новым сезоне.
Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.

Ці маюць рацыю літаратурныя снобы, паблажліва гледзячы на комікс? А перакладчыкі, калі думаюць, што яго перастварэнне – лёгкі занятак, які не вымагае інтэлектуальнай працы і напружанага творчага пошуку? Калі такія і ёсць, то самыя шчырыя ім спачуванні. Бо комікс – не толькі культурны феномен на скрыжаванні розных відаў мастацтва, любімы чытачамі ва ўсім свеце, але і сур’ёзны выклік для перакладчыкаў, – у чым наглядна пераканаліся ўдзельнікі апошняй Майстэрні.

Разам з мадэратарам Андрэем Хадановічам і запрошаным экспертам, багемістам Сяргеем Сматрычэнкам, маладыя творцы абмяркоўвалі фрагменты двух коміксаў, перакладзеныя з чэшскай і з ангельскай, прычым другі фрагмент быў прадстаўлены адразу ў дзвюх беларускіх версіях. Мадэратар падзяліўся сваімі назіраннямі, прапанаваўшы некалькі ўступных тэзаў што да спецыфікі перакладу гэтага жанру.


Сяргей Сматрычэнка – філолаг-славіст, перакладчык, рэдактар.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе па сканчэнні выкладаў чэшскую і славацкую мовы. Працаваў у асістэнтуры Інстытута славістыкі Венскага ўніверсітэта. З канца 1990-х актыўна супрацоўнічае з часопісам «ARCHE». Заснавальнік і куратар кніжнай серыі «Чэшская калекцыя» ў выдавецтве Ігара Логвінава. Сярод аўтараў, перакладзеных ім на беларускую мову, – Яхім Топал, Ёзэф Топал, Міхал Вівэг, Мілан Кундэра, Багуміл Грабал, Вацлаў Гавал, Мілаш Урбан, Эва Кантуркава, Вацлаў Чэрны і інш.


Па-першае, комікс заўжды звязаны з выявай, і яго пераклад павінен пасаваць да гэтай выявы. Таму, перакладаючы, не губляйма з поля зроку малюнак і выбіраем з магчымых сэнсаў тое, што яму адпавядае. (Вядома ж, часам пераклад звязаны з адаптацыяй чагосьці да рэаліяў іншай культуры. Але сувязь з малюнкам тут – мяжа, якую не варта пераходзіць. Хіба што робіцца і мастацкая адаптацыя, падчас якой змяняецца і выява.)

Па-другое, як пераклады паэзіі маюць быць эквірытмічнымі, а ў перакладзе кіно словы павінны больш-менш супадаць з тым, як на экране рухаюцца вусны герояў, так і ў коміксе – асабліва ў так званых «бурбалках – рэплікі ў ідэале мусяць супадаць з арыгінальнымі паводле даўжыні. Часам гэта няпроста, бо нашыя выразы даўжэйшыя ад, напрыклад, ангельскіх, але варта намагацца.

Па-трэцяе, коміксавы тэкст найчасцей моцна стылістычна афарбаваны – і пераклад мае захоўваць моўны каларыт (слэнг, прастамоўе і г.д.), не «высушваючы», не робячы нарматыўна-літаратурным тое, што ў арыгінале такім не ёсць, аднак і не вульгарызуючы яго без дай прычыны.

Сяргей Сматрычэнка выказаўся пра свае дачыненні з жанрам комікса як перакладчык і як рэдактар.

«Мне пашчасціла, што шэраг гадоў я меў магчымасць укладаць тэматычныя нумары часопісу ARCHE. Тыя тэматычныя нумары былі пераважна “нацыянальнымі”, то бок прадстаўлялі розныя краіны ці рэгіёны, а таму як я люблю разнастайнасць – тэматычную, жанравую, то нейкія коміксы стараўся ўключаць і ў тыя нумары. Згадаю тут “Алаіза Нэбэля” аўтарства Яраслава Рудзіша і Яраміра 99 (6/2009, пераклад Макса Шчура), фрагмент з серыі, з якой паўстала не толькі папулярная ў Чэхіі кніга, але і мастацкі фільм паводле яе. Далей “Янашык: праўдзівая гісторыя легендарнага разбойніка” – парадыйны комікс не менш легендарных за самога героя пісьменніка Душана Тарагела і мастака Данглара (9/2010, пераклад мой). “Небяспечная зона Гораждэ” амерыканца Джо Сакка (4/2011, пераклад мой) – вельмі моцны ўрывак з коміксавай кнігі, якая стваралася непасрэдна ў абложаным горадзе падчас вайны ў Босніі і Герцэговіне. Пазней я з коміксам меў непасрэднае дачыненне толькі раз, калі рэдагаваў пераклад кнігі “Персеполіс” Маржан Сатрапі, выкананы Аленай Карп – гэты пераклад потым апынуўся і ў тройцы прэтэндэнтаў на прэмію “Дэбют”.

Урывак з кнігі «Персеполіс» Маржан Сатрапі ў перакладзе Алены Карп

Што да практычнага боку працы з перакладам коміксаў, то тут няма вялікіх адрозненняў ад іншых відаў літаратуры. Але паколькі ў коміксах найбольшую вагу маюць дыялогі, простая мова, то асабліва старанна трэба працаваць над стылістыкай: каб мова ідэальна адпавядала эпосе, сітуацыі, характару персанажа і да т.п. Апроч таго, важнае і чыста графічнае афармленне, таму варта дбаць пра такія нюансы, як аб’ём тэксту ці паасобных рэплік, шрыфты, размяшчэнне тэксту ў “бурбалках” і г.д. А асабліва вялікі выклік – пераклад гульняў са словамі, якія нельга перакладаць даслоўна, але пры гэтым важна па магчымасці захаваць сэнс, пакінуць сцісласць выказвання і не адхіліцца ад адпаведнасці малюнку, які гэтую гульню са словамі можа ілюстраваць».

Але давайце звернемся да канкрэтных прыкладаў. Першай паказала сваю працу паэтка і перакладчыца Лусінэ Маскалюнец, якая даўно жыве ў Празе, і прадставіла пераклад чэшскага комікса «Без валасоў».

Вокладка комікса «Без валасоў»

Як дамовіліся ў гэтым сезоне арганізатары і наведнікі Майстэрні, адначасова з прэзентацыяй кожнага перакладу выступаюць і двое крытыкаў з ліку ўдзельнікаў з падрыхтаваным разборам яго дадатных і адмоўных бакоў. Так, адна з перакладчыц не толькі выказала канкрэтныя заўвагі, але і зрабіла колькі ўніверсальных абагульненняў:

«Мяркую, пераклад коміксаў адрозніваецца ад прозы або паэзіі – тут значна больш важны візуал і форма тэксту. У коміксах можна смялей, чым у прозе, адыходзіць ад арыгіналу, каб уціснуць тэкст у бурбалку, захаваць пэўную форму і памер радкоў.

Яшчэ важна пільнаваць, як вы разбіваеце тэкст на радкі – пажадана не адасабляць прыназоўнікі ад назоўнікаў і гэтак далей… Я б гэта назвала “правілам сторыз у інстаграме”, бо часта менавіта там сутыкаюся з тым, што трэба прыгожа разбіць тэкст без недарэчных пераносаў.

Варта імкнуцца да больш кароткіх формаў, можна дзеля гэтага мець не такія поўныя сказы, бо коміксы часта маюць больш размоўны, просты стыль».

Другая калега-перакладчыца параіла менш калькаваць чэшскі сінтаксіс, бо па-беларусу ўсё можа быць іначай, а таксама часцей спраўджваць вартасць перакладу, прамаўляючы яго ўголас:

«Агульная прапанова: лягчэй ставіцца да арыгінальнага парадку слоў у сказе, мабыць, даваць перакладу час адляжацца, а потым пачытаць яго ўслых, дазволіць сабе пачуць, ці гучыць яно на беларускай, ці хочацца так казаць».

Цэлая дыскусія выбыхнула ў сувязі з шавецка-кравецкай лексікай. Напрыклад, ужыванне ў перакладзе слова «сцяжок», не ў сэнсе «маленькі сцяг», а для пазначэння руху іголкі, – гэта відочны русізм, а слушны беларускі адпаведнік – слова «шывок».

Было: “Сёння мы навучымся рабіць сцяжок, які дасць вам неверагодную свабоду”.

Спыніліся і на слове «неверагодны», што робіць не абы-якую кар’еру пасля 2020-га як калька рускага слова «невероятный». Калі разбірацца, то неверагодны даслоўна – той, хто не годны нашай веры, даволі сумнеўны выходзіць камплімент. Тады як беларуская мова дазваляе нам ужыць у гэтым сэнсе цудоўнае слова «неймаверны». Або нават «невераемны».

Таму прапанавана: “Сёння мы навучымся рабіць шывок, які дасць вам неймаверную свабоду”.

Адна з заўваг эксперта Сяргея Сматрычэнкі датычыла несупадзення чэшскага і беларускага сінтаксісу, што дае нам права ўжываць у перакладзе пэўныя канструкцыі, якіх у арыгінале не было. Так, чэхам не ўласцівыя дзеепрыслоўныя звароты, а ў нашай мове яны цалкам натуральныя і дарэчныя, дык чаму б іх часам не ўжыць дзеля большай лёгкасці і разнастайнасці?

Было: “Калі чалавека гвалтоўна пазбавіш валасоў, скрадзеш у яго і частку ягонай асобы”.

Прапанавана: “Пазбаўляючы чалавека валасоў, крадзеш у яго і частку ягонай асобы”.

Яшчэ адзін прыклад.

Было: “Калі гераіня састрыжэ валасы, яна развітваецца з роляй пасіўнай і безабароннай дзяўчыны і бярэ лёс ва ўласныя рукі”.

Прапанавана так: “Састрыгаючы валасы, гераіня развітваецца з роляй пасіўнай і безабароннай дзяўчыны і бярэ свой лёс ва ўласныя рукі”.

Або і так: “Гераіня састрыгае валасы, развітваючыся з роляй пасіўнай і безабароннай дзяўчыны, і бярэ свой лёс ва ўласныя рукі”.

Другім абмяркоўваўся фрагмент знакамітага комікса Diary of a Whimpy Kid Джэфа Кiнi, пераствораны па-беларуску двойчы, на радасць наведнікам Майстэрні, якія змаглі гэтыя дзве версіі параўнаць. У першым перакладзе ён атрымаў назву «Дзённік хлюпіка», а ў другім – «Дзённік слабака». Абедзве назвы калегі-перакладчыкі прызналі семантычна слушнымі, але асабліва хвалілі першую за яе экспрэсіўнасць: «Спадабаўся пераклад назвы Diary of a Whimpy Kid — «Дзённік хлюпіка» (хлюп карэлюе з whimp у англійскай)».

Вокладка комікса «Diary of a Whimpy Kid»

Розніца ў выбраных перакладчыцкіх стратэгіях робіцца відавочнай пры паралельным цытаванні абодвух варыянтаў. З пытанняў бяспекі тут і ніжэй будзем аднаго навучэнца Майстэрні называць «перакладчык», а другую – «перакладчыца».

Арыгінал: “First of all, let me get something straight: This is a JOURNAL, not a diary”.

Перакладчык: “Перш за ўсё дайце папярэдзіць: Гэта ЖУРНАЛ, а не дзённік”.

Перакладчыца: “Па-першае, давайце адразу ўдакладню: Гэта ЖУРНАЛ, а не дзённік”.

Адна з удзельніц абмеркавання трапна заўважыла, што «дайце папярэдзіць» гучыць ненатуральна, бо перакладчык недастаткова адышоў ад ангельскай канструкцыі (у перакладчыцы больш літаратурна). А таксама тое, што абое жыўцом калькавалі ангельскае journal як журнал, што не зусім адпавядае беларускім значэнням гэтага слова, – і цалкам слушна параіла абаім слова «нататкі».

І адразу некалькі крытычных галасоў агучылі думку, што не варта выкарыстоўваць вялікіх літар паўсюль, дзе яны ёсць у арыгінале. І перакладчык і перакладчыца абое напісалі: Гэта ЖУРНАЛ…, калі Мама пайшла… Абедзве вылучаныя вялікія літары абсалютна непатрэбныя і тлумачацца толькі ўплывам ангельскага тэксту. Гэтак жа можна патлумачыць і наступны «збой» у адной з версій перакладу:

Ill have better things to do than to answer peoples stupid questions all day long.

Перакладчык: “…можна будзе не адказваць цэлымі днямі на назойлівыя пытанні людзей”.

Перакладчыца: “…мне дакладна будзе не да таго, каб цэлы дзень адказваць на дурныя пытанні”.

Варыянт «дурныя», мабыць, лепей стылістычна пасуе, калі памятаць пра жанр комікса і асобу апавядальніка. Істотней, што ў адным варыянце з’яўляецца слова «людзей». Навошта? Здаецца, ні іншапланетнікаў, ні гаваркіх дапытлівых прадметаў побач няма. Затое ёсць арыгінальная сінтаксічная канструкцыя, ад якой варта было смялей адыходзіць.

But if she thinks I’m going to write down my “feelings” in here or whatever, she’s crazy. So just don’t expect me to be all “Dear Diary” this and “Dear Diary” that”.

Перакладчык: “Калі яна думае, што я буду выліваць тут свае “пачуцці” ці падобнае, то яна зусім звар’яцела. Таму не чакайце, што я буду раскідваць “Дарагі Дзённік” тут і “Дарагі Дзённік” там.

Перакладчыца: “Але калі яна думае, што я буду тут нешта пісаць пра свае “пачуцці” ці яшчэ нешта такое, дык яна з глузду з’ехала. Так што нават не разлічвайце на тое, што я пачну тут з усялякіх “Дарагі дзённічак”, туды-сюды”.

«Раскідванне» дзённіка «тут» і «там» у першай версіі трохі збівае з тропу чытачоў, якія могуць зразумець гэта ўсё даслоўна, тады як апавядальнік меў на ўвазе зусім іншае. Перакладчыца трохі злоўжывае словам «нешта», але сэнс перадае дакладна. Хоць можна было даць рады і без прасторавага «туды-сюды».

Напрыклад, так: “Нават не чакайце ад мяне нічога тыпу: “Дарагі дзённік” тое, “Дарагі дзённік” сёе”.

Як і казалася вышэй, досыць сур’ёзнае выпрабаванне для перакладчыкаў коміксаў – моўная экспрэсія, далёка не заўсёды літаратурная. Здаецца, абое не разгубіліся і смела знаходзілі адпаведныя беларускія моўныя сродкі.

I’ll be rich and famous one day, but for now I’m stuck in middle school with a bunch of morons“.

Перакладчык: “Як я і казаў, у адзін дзень я буду вядомым, аднак пакуль што я ўвяз у сярэдняй школе разам з хэўраю афэлкаў”.

Перакладчыца: “Як я ўжо казаў, аднойчы я стану знакамітым, але пакуль што я захрас у сярэдняй школе з кучай прыдуркаў”.

І «прыдуркі», і асабліва «афэлкі» апынуліся на сваім месцы. А вось «увяз», здаецца, выглядае трохі менш натуральна, чым цалкам адэкватнае «захрас». Але гэта не адзіны выпадак, калі герой-апавядальнік малодшага школьнага веку не лезе ў кішэнь па слова.

Great. All I need is for some jerk to catch me carrying this book around and get the wrong idea”.

Перакладчык: “Ну, цудоўна. Цяпер любы можа заўважыць мяне з гэтым сшытачкам і падумаць зусім не тое”.

Перакладчыца: “Выдатна. Мне толькі таго і трэба, каб нейкі дурань убачыў, як я цягаюся з гэтай кніжкай, і не так усё зразумеў”.

Падчас абмеркавання прагучала думка, што ў гэтым фрагменце варыянт перакладчыцы атрымаўся натуральнейшым і экспрэсіўнейшым, але якраз перакладчык лепей даў рады са словам book, бо ў дадзеным кантэксце яго варта было перакласці як «сшытачак». Што да перакладу слэнгу, здаецца, абое трохі не дацягнулі. У адным выпадку слова jerk наагул знікае, у другім перакладаецца «дурнем». Просіцца штось больш адметна-каларытнае. Ёлуп? Доўбень? Подзеўбень? Відаць, рашэнне варта шукаць дзесьці тут. Але далей – болей:

“…You got kids like me who haven’t hit their growth spurt yet mixed in with these gorillas who need to shave twice a day”.

Перакладчык: “Менавіта тут нізкіх дзяцей накшталт мяне змешваюць з гэтымі малпамі, якія мусяць галіцца два раза на дзень”.

Перакладчыца: “Тут ёсць такія, як я, што яшчэ нават не пачалі расці, а побач ходзяць гэтыя здаравілы, якім галіцца трэба двойчы на дзень”.

Калегі пахвалілі перакладчыцу за ўжыванне інверсіі («галіцца трэба»). «Інверсіі – немагчымыя ў англійскай, але беларускай мове дадаюць крыху нефармальнасці і “дзіцячасці”, якой можна чакаць у дзённіку». Было адзначана, што даслоўнае перанясенне ў пераклад слова mixed – не найлепшая ідэя, бо «дзяцей… змешваюць» гучыць па-беларуску прынамсі штучна, тады як недаслоўнае «а побач ходзяць» – цікавае рашэнне. Але абодва пераклады чамусьці ігнаруюць «гарыл». Чаму? Як адзначыла адна ўдзельніца дыскусіі, «здаравілы недастаткова валасатыя, а малпы недастаткова здаравенныя».

Не захавана ў абаіх і канкрэтнага тэрміна «скачок росту». «Нізкіх дзяцей» – сказана яўна замала. «Што яшчэ нават не пачалі расці» – тут перакладчыца прынамсі сумленна паспрабавала, але ўсё-ткі дакладная назва замяняецца агульным апісаннем. Аналагічная праблема з’яўляецца і наступным фрагменце:

And then they wonder why bullying is such a big problem in middle school”.

Перакладчык: “А потым усе яшчэ здзіўляюцца, чаму булінг настолькі вялікая праблема”.

Перакладчыца: “А потым яны яшчэ здзіўляюцца, чаму ў сярэдняй школе столькі праблем”.

«А потым яны яшчэ здзіўляюцца» – файна, але канкрэтны «булінг» незваротна знікае за расплывістым «столькі праблем». У сваю чаргу, іншы пераклад губляе «сярэднюю школу».

Ну, і вяршыня коміксавай непасрэднасці – словы-гукаперайманні, што сустракаюцца ў «бурбалках». PUNCH! У адным з перакладаў замест выклічніка – назоўнік «УДАР». Гэта як намякнуць на эмоцыю замест таго, каб яе наўпрост выразіць. У іншай версіі: «ПАЎ». Спроба, вядома ж, залічаная, толькі без малюнка складана было б разабраць, пра што вядзецца. Быццам абарвалі слова са значэннем паловы чагосьці. Такі сабе паўпераклад. А просіцца слоўка, якое не пакідала б лішніх сумневаў: БАМ! БУМС! БЭНЦ!

Прагучала нават прапанова і слова FLASH перакласці гукаперайманнем, а не проста назоўнікам УСПЫШКА, як выйшла ў абедзвюх версіях. ШЧОЎК, ПСТРЫК і г.д. – у кантэксце комікса выклічнік быў бы цалкам на месцы.

Напрыканцы пасавала б нейкая мараль. Вось жа, спадзяюся, гэтыя нататкі хоць трохі пераканалі вас, што пераклад комікса не такая ўжо непатрэбная, пустая і легкадумная праца. Што коміксаў па-беларуску будзе стварацца, перакладацца і публікавацца болей і болей. А ўдзельнікі нашых заняткаў, калі наб’юць руку, набяруцца ўмельства і ўрэшце зробяцца зоркамі беларускага перакладу, заўжды змогуць, як у цытаваным вышэй коміксе, замест адказаў на дурныя пытанні журналістаў – працытаваць нешта з нататніка Перакладчыцкай Майстэрні, які мы ўсе разам патроху ствараем.