
У суботу адбылося ўганараванне лаўрэатаў прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2024 год. Арганізацыяй прэміі займаліся Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. У падзеі дзве шляхетныя мэты: падняць на годную вышыню выдатную кнігу паэзіі і аддаць даніну павагі аўтарцы, чыя спадчына па-ранейшаму застаецца натхняльным творчым узорам.
Паэзія і «цішыня»
Субота, Варшава, Моладзевы хаб: ва ўтульным дворыку – музыка добрага настальгічнага вінілу, сяброўская гамана, усмешкі, жарты… Збіраюцца «кніжныя» людзі, сярод якіх не толькі чытачы, але і аўтары. Хоць напружанне фінальнай часткі прэміі адчуваецца, атмасфера зычлівая. Усё нібыта паводле рамантычнага сцэнара самой Наталлі Арсенневай:
У сінім небе няма распачы
глухой, што гасіць паволі ўсё,
пад сінім небам усё іначай –
здаецца светлым, як сны, жыццё,
такім нязнаным, дзіўным, узлётным,
жыццём-натхненнем без слёз, турбот…


На вечарыне сапраўды панавала прыязная святочная бесклапотнасць. Але што ёй папярэднічала! Паэзія зазвычай нараджаецца ў самотнай цішыні – толькі спакой той падманлівы. Бо словы, радкі, рытмы і рыфмы, вобразы і думкі выцякаюць з эмоцый. А іх нараджаюць час, абставіны – рэальнасць. Яна цяпер зусім далёкая ад будзённасці…
Як там пісала патронка галоўнай беларускай паэтычнай прэміі?
У сінях неба несмяротных
бясконцым святам сплывае год.
Дык гэт, у неба, у край без сценяў,
ад зла, нязбыўнага ў жыцці, на белых крылах лятуцення,
Пясняр,
па слова-чар ляці!







І тут згадваецца зборнік з трыццаццю вершамі Сяргея Прылуцкага «Нічога нястрашнага». Напоўнены болем вайны. Аўтар – зусім не сведка з боку: ён перажыў трагедыю Бучы. І апісаў яе:
там мы лавілі рыбу –
цяпер маскалі тут ловяць людзей
тыднямі трупы ляжаць на падворках
пахне вясной і гарэлым мясам
ажывае прырода як можа
між будынкаў ходзіць
звар’яцелая бабулька
і просіць кожнага:
учора я памерла –
закапайце мяне па-людску
Са слоў Сяргея, які цяпер ва ўкраінскім войску, чалавек з досведам катастрафічна анамальных умоў свядома ці падсвядома адлюстроўвае свой досвед у творчасці. Хай нават не наўпрост.
Сённяшні свет няпросты. Вось загадка фіналісткі прэміі Надзеі Амельчанкі – паэтка гэта або паэт? Бо гэтая асоба схавалася пад псеўданімам. Ён ці яна не можа ні паказаць свайго твару, ні прачытаць вершы сваім голасам: у цяперашніх «мірных» беларускіх умовах адкрытасць вольнага мастацкага слова можа абярнуцца бядой на доўгія гады…
Беларускі ПЭН ажыццяўляе маніторынг парушэнняў правоў у дачыненні да дзеячаў культуры, падтрымлівае вымушанае права творцаў на ўдзел у прэміях у зашыфраваным выглядзе дзеля іхнае бяспекі. Таму, згодна са статутам прэміі і паводле просьбы намінантаў ды згоды аргкамітэта, факт намінацыі, уключэння кнігі ў доўгі і кароткі спісы, а таксама перамога могуць зашыфроўвацца. Арганізатары прадугледзелі магчымасць ананімнага ўдзелу, каб нават у неспрыяльных умовах кожны голас мог быць пачуты.
Сімвалічна, што ў цырымоніі фіналу прэміі ўдзельнічалі двое са стваральнікаў драматычнай оперы паводле культавага «Дзікага палявання караля Стаха». Адмыслова напісаныя да гэтага твора вершы Андрэя Хадановіча ўвайшлі ў зборнік, які пасля опернага трыумфу трапіў у фінальную частку нацыянальнай паэтычнай прэміі. А Вольга Падгайская стварыла музыку да оперы, што гучала ў выкананні кампазітаркі і на святочнай суботняй імпрэзе.

Варта адзначыць: цырымонія прайшла пры падтрымцы фондаў «Estate of Vitaut Kipel» ды «Belarusian Charitable Trust», а партнёрам Беларускага ПЭНа і Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў другі раз запар стаў Беларускі моладзевы хаб.
Паэзія і энергія
Адкрылі цырымонію старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай і прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч.
Яны падзякавалі камандзе, што арганізоўвала прэмію, чыталі непаўторныя радкі Наталлі Арсенневай.
Паэтка сталася прыкладам нязломнасці: перажыла войны, зведала ліха эміграцыі, але як цэльная паэтычная натура захавала вернасць сабе і свайму стылю цягам усяго жыцця.
Выдатныя вершы з’яўляюцца заўсёды, нягледзячы на абставіны. Важна захоўваць традыцыі вялікіх папярэднікаў, у тым ліку і ў прасторы выкліку, у контрверсійным вымярэнні. Гэта гуртуе і дае сілы працягваць справу на беларускай ніве.




У кожнага спаборніцтва, нават творчага, ёсць не толькі ўдзельнікі і гледачы – якасць дзеі шмат у чым залежыць ад судзейства. Сёлета ў журы прэміі ўвайшлі пяцёра адданых прыгожаму пісьменству людзей: паэты і паэткі, літаратуразнаўцы – людзі, якія па-сапраўднаму разумеюць слова. Сярод публічных сябраў Ульяна Верына – літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук; Сяргей Дубавец – пісьменнік, рэдактар, крытык; Ганна Шакель – паэтка і перакладчыца, рэдактарка часопіса «Taŭbin», лаўрэатка прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2023 год.
У доўгі спіс намінантаў (парадак алфавітны) яны выбралі наступныя кнігі:
- «Момант цішыні» – Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел);
- «Амаль» – Вера Бурлак (выдавецтва «hochroth Minsk»);
- «Пад асобнымі коўдрамі» – Вольга Гапеева (выдавецтва «Skaryna Press»);
- «Аранжавы» – Віктар Жыбуль (выдавецтва «hochroth Minsk»);
- «Непрамо(ў)ленае» – Анатоль Івашчанка (выдавецтва «Skaryna Press»);
- «Акрамя» – Павел Капанскі (без выдавецтва);
- «Без Айчыны. Кніга турмы і замежжа» – Уладзімір Някляеў (выдавецтва Калегіума Усходняй Еўропы);
- «Гіброіды» – Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «Мяне няма»);
- «Нічога нястрашнага» – Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth Minsk»);
- «Дзікае паляванне караля Стаха: Вершы да оперы» – Андрэй Хадановіч (выдавецтва «Gutenberg Publisher»).
Паводле статута прэміі, доўгі спіс можа змяшчаць ад 6 да 10 кніг. Сёлета атрымаўся багаты ўраджай якасных зборнікаў, журы склала максімальна пашыраны варыянт. Толькі на пяць менш, чым у поўны. Усе кнігі розныя стылем і тэматыкай. Паэты і паэткі вельмі адметныя, але ж інакш і быць не магло…




Паэзія і авацыі
Фінальны выбар у выніку стаўся яшчэ складанейшым. Але ўрэшце атрымалі прызнанне наступныя творы:
- «Момант цішыні» – Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел);
- «Нічога нястрашнага» – Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth Minsk»);
- «Дзікае паляванне караля Стаха: Вершы да оперы» – Андрэй Хадановіч (выдавецтва «Gutenberg Publisher»).
Ад імя журы слова ўзяла Ульяна Верына:
– Цудоўная атмасфера гэтага месца! Дзякуй усім прысутным, класна адчуваць вашы высокія эмоцыі. Яны гучаць і ў вершах траіх фіналістаў: ніводнага слабога ці фальшывага слова, гэта паэзія ў сваёй вышэйшай якасці. 15 кніг – і ўсе вартыя ўвагі. Цудоўныя творы! Сярод іх, дарэчы, два дэбютныя, але былі таксама аўтары, якіх даўно люблю… Спадзяюся, вы згодныя з выбарам фіналістаў. Паэзія нашая моцная, цудоўная, высокая. Яна для ўсіх і на ўсіх!
Радая за аўтараў. Спадзяюся і веру: кніжкі лаўрэатаў будуць запатрабаваныя чытачамі.


Пасля пачалося знаёмства з творчасцю тройкі лепшых.
Сяргей Прылуцкі гэтым часам працягвае свой мужны шлях ва ўкраінскім войску, таму на цырымоніі яго зборнік «Нічога нястрашнага» прадстаўляў паэт Віталь Рыжкоў.





– Шчыры дзякуй журы: моцна здзівіўся, калі пабачыў сябе ў шорт-лісце, – з такога прызнання пачаў свой выступ Андрэй Хадановіч. – Як мяне ўлады Беларусі прызналі экстрэмістам, то з яшчэ глыбейшым разуменнем шчыра люблю «экстрэмістку» Наталлю Арсенневу, многіх сваіх знаёмцаў, уганараваных гэткім самым прысудам. Што да майго вершаванага лібрэта, то яно толькі частка працы над операй, у якой шмат геніяльных суаўтараў. Гэта і легендарны Уладзімір Караткевіч, і прыўкрасная кампазітарка Вольга Падгайская, артыстычная трупа… Спадзяюся, урэшце мы дачакаемся ўзнаўлення праекта і пачуем на вольнай сцэне цудоўныя галасы ўкраінцаў і беларусаў. Веру ў тое.
Дзікае паляванне ляціць над Беларуссю і сёлета. Але перамога над страхам непазбежная, – так лічыў адзін з герояў Караткевіча Андрэй Свеціловіч:
За пакрыўджаную зямлю,
За пакутны яе народ
Каліноўскі выбраў пятлю,
І Пяроўская – эшафот!
Згіньце прэч, імперый муры!
Паляванне дзікае, згінь!
Нас чакае сонца ўгары
І чароўная далячынь.













Сітуацыя з пераследам і парушэннямі культурных правоў у Беларусі і за яе межамі не паляпшаецца – пра тое сведчыць апошні пэнаўскі маніторынг. Аднак надзея на перамены, вера ў перамогу над злом застаюцца. І ў гэтым сэнсе сёлетняя цырымонія прэміі Наталлі Арсенневай стала яшчэ адным спосабам узмацніць гучанне беларускага паэтычнага слова ў змрочных умовах. Сярод іншага, яны патрабуюць моцнай салідарнасці з тымі, хто пад пагрозай пераследу піша, але не можа афішавацца.
Так, паэтка Дар’я Бялькевіч зачытала вершаваную прамову аўтаркі ці (аўтара?) зашыфраванага зборніка «Момант цішыні» Надзеі Амельчанкі.
– Гэта нечаканка, што ён ці яна папрасілі менавіта мяне прачытаць гэты маніфест. Але якая знаёмая сітуацыя! Рэч у тым, што ў 2022-м сама таемна ўдзельнічала ў прэміі і перамагла. Але ні з кім не магла падзяліцца сваёй радасцю, нават з мамай. Агучылі імя толькі тады, калі пераехала ў Польшчу. Я веру: настане момант – і аўтара радкоў, якія зараз прачытаю, назавуць. І для яго настане момант увагі ды славы.
Паэты ў групе рызыкі цяпер,
але калі было інакш? Аблічча
хцівасці мяняецца няспынна,
і ненажэрныя падступныя істоты
з Джэдукі цягнуць скурчаныя клюшні.
Ці зробіцца калісьці свет бяспечным
не ведаю, не для такіх, як мы.
Але прымаць яго такім, як ёсць,
мы можам, а таксама верыць,
што час мінае для ўсяго і ўсіх…




Так, кожны з намінантаў быў варты перамогі. І мы ўдзячныя за творы, якія ўзбагацілі нашую паэзію, мову. Але такі лёс усіх прэмій: перамога можа дастацца толькі камусьці аднаму ці адной. Для абвяшчэння вынікаў напружанай працы журы на сцэну выйшла пераможца-2023 – паэтка, сябра журы сёлетняй прэміі Ганна Шакель.
– Вялікі гонар быць яе намінантам, спадзяюся, кожны аўтар знойдзе сваіх чытачоў. Чым мяне асабіста зачапілі кнігі з кароткага спісу? Зашыфраваная Надзея Амельчанка вельмі ўразіла тонкай назіральнасцю. Сяргей Прылуцкі – тым, як глядзіць у вочы страху і цемры, як рассейвае яе праменем мужнай і моцнай любові. Андрэй Хадановіч геніяльна ўплятае ў літаратурны канон важныя для Беларусі сімвалы, што не можа не захопліваць…


Нарэшце канверт ускрываецца і агучваецца вырак журы: «За голас чалавечай любові ў час вайны і бесчалавечнасці прэміяй імя Наталлі Арсенневай ганаруецца аўтар кнігі «Нічога нястрашнага» Сяргей Прылуцкі».
Гэта кніга, кажа аўтар, магла і не напісацца, каб не вайна. Яна, новая рэчаіснасць і спарадзілі асэнсаванне новага, нечаканага ў нашым жыцці моманту.




Пры фінале на музычным балконе з’явілася музыкантка, мастачка Анастасія Рыдлеўская. Яе музыка – незвычайнае, прывабнае спалучэнне беларускіх паганскіх матываў, нетыповых мелодый і сучаснай электронікі. У моцным саюзе з пранікнёнымі вершамі, што гучалі суботнім вечарам, гэта ўспрымалася паэтычнай філасофіяй, якая вырастала з эмоцый і трапляла ў душы, ацаляла іх.




Бяры маёй любові сухпаёк.
Калі збярэшся выйсці за парог –
дасць сілы у змаганнях са зняверай,
са страхам і ягонаю ардой.
Твой карабель без ветразяў пакуль,
але ў карме ўжо ёсць сляды ад куль.
Не адступай. Віруе звонку цемра.
У добры шлях, мой капітане. Я з табой.
Гэта – пераможца, Сяргей Прылуцкі. Ён далёка. Але мы з ім. Мы разам. Чытаем і чакаем вяртання. Нашага. Дадому.











Аўтар фота: Максім Швед.