Турцыя: Вызваліце Фуркана Карабая і спыніце яго судовы пераслед

Апошняе абнаўленне: 28 мая 2025
Турцыя: Вызваліце Фуркана Карабая і спыніце яго судовы пераслед
Image Credit: Furkan Karabay

Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International пра журналіста Фуркана Карабая.

«PEN International неаднаразова заяўляў: журналістыка — не злачынства. Фуркан Карабай знаходзіцца за кратамі і пад судом у Турцыі толькі за тое, што выконваў сваю працу. Мы верым у сілу маладых аўтараў змяняць свет — і таму салідарныя з Карабаем у яго імкненні да праўды. Мы заклікаем спыніць бязлітасны пераслед. Наступ Турцыі на свабоду прэсы павінен быць спынены раз і назаўжды», — заявіў Бурхан Сонмез, прэзідэнт PEN International.

28 траўня 2025 — Улады Турцыі павінны неадкладна і безумоўна вызваліць журналіста і пісьменніка Фуркана Карабая і спыніць яго судовы пераслед, гаворыцца ў заяве PEN International. Ранейшае беспадстаўнае асуджэнне Карабая павінна быць адменена, а журналісты — мець магчымасць працаваць без страху пераследу.


15 траўня 2025 года паліцыя адвольна затрымала Фуркана Карабая ў ягоным доме ў Стамбуле. У той жа дзень яго даставілі ў суд, дзе афіцыйна арыштавалі па падазрэнні ў «стварэнні мішэняў з асобаў, адказных за барацьбу з тэрарызмам» — згодна з артыкулам 6/1 Антытэрарыстычнага закона № 3713, які прадугледжвае да трох гадоў зняволення, — і ў «абразе» прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана паводле артыкула 299 Крымінальнага кодэксу, які пагражае да чатырох гадоў турмы. Карабай адмовіўся даваць паказанні ў судзе, асудзіўшы судовую сістэму за імкненне «пераследаваць і саджаць у турму 20-гадовых студэнтаў, якія рэалізоўвалі сваё канстытуцыйнае права» на сходы і мірны пратэст. Абвінавачанні супраць яго звязаныя з ягонымі публікацыямі ў сацсетках, што тычыліся затрымання мэра Стамбула Экрэма Імамаглу ў сакавіку 2025 года і выкліканага гэтым небяспечнага ўзмацнення рэпрэсій. Пасля арышту ў Турцыі быў заблакаваны акаўнт Карабая ў сацсетцы X. Цяпер ён утрымліваецца ў турме Мармара ў Сіліўры разам з маладымі пратэстоўцамі з раёна Сарачхане ў Стамбуле. Ягоныя адвакаты абскардзілі пастанову пра пераслед да суда, але суд адхіліў скаргу ўжо на наступны дзень.

Фуркан Карабай неаднаразова станавіўся аб’ектам пераследу з боку турэцкіх уладаў за сваю журналісцкую дзейнасць у апошнія гады. У красавіку 2025 года суд у Стамбуле прызнаў яго вінаватым у паклёпе і «абразе прэзідэнта» за матэрыялы, прысвечаныя абвінавачанням у карупцыі, скіраваным супраць сям’і прэзідэнта. Карабаю прысудзілі ўмоўны турэмны тэрмін агульнай працягласцю амаль два гады. У асобнай справе яго таксама абвінавачваюць у «стварэнні мішэняў з асобаў, адказных за барацьбу з тэрарызмам», «абразе дзяржаўнага службоўца» і «наўмысным распаўсюдзе хлуслівай інфармацыі сярод насельніцтва» — пасля ягоных рэпартажаў пра арышт мэра апазіцыі. На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу судовы працэс яшчэ не распачаўся. У кастрычніку 2024 года Карабай быў апраўданы па абвінавачаннях у паклёпе і «стварэнні мішэняў з асобаў, адказных за барацьбу з тэрарызмам» у сувязі з ягоным расследаваннем аб магчымай карупцыі ў судовай сістэме.

PEN International ужо даўно заклікае ўлады Турцыі спыніць адвольныя арышты і затрыманні журналістаў і пісьменнікаў толькі з-за зместу іхных тэкстаў, скасаваць усе крымінальныя артыкулы аб паклёпе і абразе, а таксама абараняць жыццёва важную ролю журналістыкі ў развіцці дыялогу і публічнай дыскусіі па пытаннях агульнага інтарэсу. Сёння, калі на чале пратэстаў стаяць універсітэцкія студэнты, PEN International разам з нядаўна створаным Камітэтам маладых пісьменнікаў выказвае салідарнасць з тымі, хто рызыкуе ўсім дзеля мірнай абароны асноўных свабодаў.

Цалкам на англійскай чытайце заяву тут.