Па выніках міжнароднай прэміі Еўракон-2018 лаўрэатам у намінацыі «Крызаліс» стаў Максім Кутузаў. Беларускі пісьменнік атрымаў узнагароду для дэбютантаў са сваёй кнігай «Князь-ваўкалак», якую ён напісаў ва ўзросце 20 гадоў.
«Князь-ваўкалак» – фэнтэзійна-прыгодніцкі раман. Галоўны герой кнігі, сярэднявечны князь, мае незвычайную здольнасць ператварацца ў ваўка. На працягу твора чытач назірае, як малады і малавопытны кіраўнік вялікай дзяржавы спрабуе сумяшчаць асабістае жыццё і дзяржаўныя абавязкі. Людзі звычайна думаюць, што жыццё князя прыемнае і бесклапотнае. Але ці такое яно насамрэч?
У інтэрв’ю «Будзьме» на пытанне, чаму менавіта фэнтэзі, Максім адказвае: «Мне цікавае тое, што немагчыма сустрэць у рэальным жыцці. Бо тыя ж хваробы, злачынствы, меладрамы і так сустракаюцца на кожным кроку. Мне, напрыклад, хапае гэтага ўсяго ў жыцці. Вось і з кнігамі так: мяне цікавіць тое, што ўбачыць на ўласныя вочы немагчыма: фэнтэзі, гісторыі пра тое, што адбывалася шмат стагоддзяў таму».
Узнагарода «Еўракон» уручаецца з 1972 года Еўрапейскім таварыствам навуковай фантастыкі (European Science Fiction Society), куды ўваходзяць як прафесійныя пісьменнікі-фантасты, так і аматары фантастыкі. Цяпер у ESFS 22 еўрапейскія краіны.
Набыць кнігу можна на сайце halijafy.by ці ў кнігарні выдавецтва на Нямізе, 3 (цокальны паверх, бокс 47).