
Уладзімір Лякін– лаўрэат Прэміі Багушэвіча за кнігу “Ліцвіны ў гвардыі Напалеона”.
Сёлета Прэмія імя Францішка Багушэвіча была прысуджаная Уладзіміру Лякіну за кнігу “Ліцвіны ў гвардыі Напалеона” (выдавецтва “Тэхналогія”, 2017 г.). Цырымонія ўганаравання адбылася ў дзень нараджэння Багушэвіча – 21 сакавіка – у кнігарні Логвінаў. Прэмію ўручыў адзін з першых яе лаўрэатаў, дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук.
Словы падзякі прагучалі таксама ў адрас фундатара кнігі – Уладзіміра Бржэскага.
Прэмія Францішка Багушэвіча заснаваная ў 1994 годзе і традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. Узнагарода прысуджаецца Радай Беларускага ПЭН-цэнтра.
Ужо другі год запар Прэмія ўручаецца дзякуючы падтрымцы Святланы Алексіевіч.