Журы прэміі імя Наталлі Арсенневай вызначылася з кароткім спісам прэтэндэнтаў на ўзнагароду за найлепшую кнігу паэзіі. У яго ўвайшлі:
Віктар Жыбуль “Дзяцел і дупло”
Ганна Комар “Страх вышыні”
Наста Кудасава “Маё невымаўля”
Уладзімір Някляеў “Толькі вершы”
Сяргей Прылуцкі “Патрыятызм для чайнікаў”,
Міхась Скобла “Камізэлька для месяца”
Андрэй Хадановіч “Цягнік Чыкага-Токіё”
Юлія Цімафеева “Цырк”
Пераможца будзе названы на цырымоніі ўзнагароджання, якая адбудзецца ў снежні. Пра час і месца ўручэння прэміі будзе паведамлена дадаткова.
У склад журы прэміі сёлета ўвайшлі вядомыя літаратары, перакладчыкі і літаратуразнаўцы Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Глазаў, Вальжына Морт і Ціхан Чарнякевіч.
Прэмія за найлепшую паэтычную кнігу заснаваная ў гонар выдатнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.
Усю актуальную інфармацыю можна знайсці ў фэйсбуку прэміі і на сайтах арганізатараў. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”.
Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Сёлета прэмія будзе ўручацца ўпершыню, але плануецца, што яна стане штогадовай.