Беларускі ПЭН арганізуе літаратурны семінар, які правядзе амерыканска-беларуская паэтка Вальжына Морт.
Да ўдзелу ў семінары на конкурснай аснове запрашаем паэтаў і паэтак ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Заяўкі дасылайце на электронны адрас [email protected] да 30 верасня 2017. У заяўцы просім паведаміць вашу кантактную інфармацыю, крыху расказаць пра сябе, а таксама прыкласці 5-7 сваіх вершаў.
Семінар пройдзе цягам двух дзён 21-22 кастрычніка 2017 г. у Мінску. Падчас семінару маладых паэтаў і паэтак чакаюць разбор іх вершаў, паэтычныя практыкаванні і размовы пра літаратуру.
Удзел у семінары бясплатны.
Вальжына Морт пра паэзію:
“Форма — гэта радасць. Мы прыходзім у свет вялізны, хаатычны, бессэнсоўны. Прыходзім з чэрава, з асэнсаваннем формы, з патрэбай у пячоры. Мы маем вялікую патрэбу фармалізаваць сусвет. І паэзія — якраз трыумф формы.
Мы кажам “страфа”, але ангельскае літаратуразнаўства выкарыстоўвае італьянскае слова “stanza” (па-беларуску, у крыху іншым значэнні, — “стансы”), то бок пакой. Страфа — гэта пакой, і верш — гэта кватэра. Хата, пячора, прастора, якую мы будуем. У вершы мы рухаемся са страфы ў страфу, з пакоя ў пакой, абыходзім увесь дом, які пабудаваў паэт. Вельмі важна, як аўтар нам пакажа гэты дом. Мы пачнем на кухні або ў зале? А доўгі тут калідор ці не? Калі нам пакажуць прыбіральню і ці будзем мы глядзець у акно? Мы рухаемся, пакуль паэт раскрывае сусвет верша.
Англамоўная традыцыя вельмі добра распрацавала тэрміналогію для размовы пра фармальныя аспекты вершу. Па-ангельску ёсць трапны выраз “line break”, то бок разлом, паўза, падзел, разрыў. “Line break”, “stanza break” можна перакласці як разлом радка, разлом страфы — гэта самыя важныя месцы ў вершы, дзе мы зварочваем, збочваем.
Само слова “верш” значыць паварот (“verse”, “versus”), і мы ніколі не ведаем, што там за паваротам. Гэта заўсёды дзіва — і рух ад дзіва да дзіва”. (Цалкам: http://kultprosvet.by/valzhyna-mort-2/)
Вальжына Морт — амерыканска-беларуская паэтка. Нарадзілася ў Мінску, скончыла МДЛУ. З 2006 года жыве ў ЗША. Аўтарка беларускамоўных зборнікаў паэзіі “Я тоненькая як твае вейкі” (2005, “Ловінаў”, Мінск), “Эпідэмія ружаў” (2017, “Ловінаў”, Мінск). Аўтарка англамоўных зборнікаў “Factory of Tears” (2008, Copper Canyon Press, Port Townsend), “Collected Body” (2011, Copper Canyon Press, Port Townsend). Паэтычныя зборнікі выйшлі таксама ў Германіі і Швецыі.
Удзельніца шматлікіх міжнародных літаратурных фестываляў ў Германіі, Швецыі, Ірландыі, Славеніі, Літве, Нідэрландах, Індыі, Ямайцы, Вялікабрытаніі. Лаўрэатка міжнароднай літаратурнай узнагароды “Крышталь Віленіцы” Міжнароднага літаратурнага фестывалю “Віленіца-2004” (Славенія, 2005), літаратурнай узнагароды для ўсходнееўрапейскіх аўтараў Burda Preis (Германія), літаратурнай узнагароды Бэс Хокін (Bess Hokin Prize) ад амерыканскага часопіса “Poetry”. У 2010 Вальжына Морт была ўганаравана амерыканскай літаратурнай стыпендыяй Фундацыі Лэнэна (2009 Lannan Literary Fellowship), якой штогод уганароўваюцца як вядомыя, так і маладыя “аўтары надзвычайных літаратурных якасцей, якія зрабілі значны ўнёсак у англамоўную літаратуру і выяўляюць патэнцыял для далейшай яскравай працы”. У 2016 атрымала ўзнагароду фундацыі Эмі Клэмпіт (Amy Clampitt Fellowship). З 2012 года Морт выкладае паэзію ў Карнэльскім універсітэце.