Рэцэнзіі на шорт-ліст: Прывет з Пацыянаўскай, альбо людзі ператвараюцца ў свіней

Апошняе абнаўленне: 10 кастрычніка 2025
Рэцэнзіі на шорт-ліст: Прывет з Пацыянаўскай, альбо людзі ператвараюцца ў свіней

Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.

Прывет з Пацыянаўскай,
альбо людзі ператвараюцца ў свіней

Зміцер Дзядзенка, Гульні Цырцэі.
Беласток: Kamunikat.org, 2024

У сеціве можна сустрэць самыя розныя жанравыя азначэнні рамана «Гульні Цырцэі»: «рэтра-дэтэктыў», «гістарычны нуар», «гістарычны крымінал», «беларускі нуар» – так, гэта ўсё характарызуе, але не вычэрпвае. 

Ёсць тут і крэпка збіты, добра знітаваны дэтэктыўны сюжэт з напругай, што трымае ад першых старонак, з фэйкавымі пасхалачкамі для пільных чытачоў (я дык двойчы падманулася ў памкненні самастойна выкрыць забойцу, хаця абодва разы была ўпэўненая, што раскусіла аўтарскія хітрыкі, а напрыканцы, даведаўшыся ўрэшце імя сапраўднага злачынцы, хлопнула сябе па лбе і хрэстаматыйна ўскрыкнула: ну канешне!). Ёсць і нуар, прычым нуар класічны, вытрыманы ў кінематаграфічнай традыцыі, калі прытоны, бардэлі, кішкі, крывішча, ваніты, затаптаныя людзі і дзіркі ад куль у вачніцах маюць, з аднаго боку, свой фізіялагічны непрывабны выгляд, але пры гэтым уражваюць інфернальнай эстэтыкай. Ёсць даволі густоўная эротыка, іншым разам – цяжкая, на мяжы фолу, і ў скарбонку мастацкіх сродкаў, распрацаваных нашай літаратурай для апісання любошчаў, ляжа не адна старонка «Гульняў Цырцэі». Ёсць і гістарычны раман: акуратна, вельмі кампетэнтна адноўленая стогадовая даўніна, вытрыманая і ў дэталях, і ў рэпліках, і ў матывацыях герояў. Ёсць тут і добры пласт псіхалагічнай прозы: небанальныя, нехадульныя характары чэкіста Рамана Васільчука і былога царскага следчага Паўла Дадэркі дадзены ў сваім нечаканым, але вельмі лагічным развіцці. Але ёсць і нешта апроч пералічанага. 

Гэта той самы паслясмак, роздум пасля прачытання, у якім, насамрэч, і пачынаецца сапраўдная чытацкая гісторыя «Гульняў Цырцэі». 

І ў кожнага яна будзе свая. Нехта будзе рэфлексаваць над захапляльнай гісторыяй дзіцячага каралеўства, некага зачэпіць і не адпусціць адчайная «пілсудчына» Юзіка, хтось чарговы раз пралье слязу над рамантызмам і кранальнай упартасцю настаўніка-беларуса Крэчэта. 

Мяне ж зачапіла Гісторыя. Не сюжэт, а менавіта яна, Гісторыя з вялікай літары. 

Сюжэт – сюжэтам: для таленавітага чалавека з фантазіяй і моцнай логікай выбудаваць і пратрымаць сюжэтную лінію без правалаў і «правісонаў» цяжка, але магчыма. А вось утрымацца ад ідэалагічнасці ў характарыстыках, не сысці ў рамантызацыю альбо, наадварот, у сарказм, не захапіцца і не пагрэбаваць той надзвычай складанай і па сёння не апісанай аб’ектыўна эпохай – пакуль што не атрымлівалася ў нашых літаратараў. Былі часы, калі кніжныя чэкісты былі ў нас героямі на легендарны капыл, былі – вырадкамі-нелюдзямі, і яшчэ не было – проста людзей, якія часам ператвараюцца ў свіней, а часам – наадварот. Як тыя самыя таварышы Адысея (якіх міфалагічная Цырцэя лёгкім капрызам зрабіла свіннямі, а потым наноў людзьмі), тагачасныя падлеткі і юнакі: Васільчук, Хвядос, Дзям’янка – не абіраюць сабе абліччаў. Лёгкая ўсмешка гуллівай чараўніцы – і вось ты ўжо брудная істота ва ўласных адкідах, яшчэ адна – і ты здольны на самы прыгожы ўчынак. Гістарычны час выварочваецца то адным, то іншым бокам – і ты, малады, разгублены, нетрывалы, то рыеш лычом гной, а то распраўляеш белыя крылы. І няважна, існуеш ты ў рэальным свеце паўсядзённасці спецслужбістаў – ці ў прыдуманым каралеўстве Пацыянаўскай вуліцы: як бы не лічыў ты сябе стваральнікам сусвету – ты не гулец, а цацка ў чыёйсьці гульні. 

Дзеці, якія будуюць сваю цацачную дзяржаву (афіцыйна іх потым будуць лічыць протапіянерамі, а мне дык выразна бачыліся будучыя знакамітыя аршанскія бойкі «раён на раён»), не могуць утрымаць ані сваю першасную ідэю, ані саміх сябе ўнутры ўласнай задумы. Здавалася б, усё прадугледжана: жорсткая іерархія, прапісаныя ролі, пабудаваныя інстытуцыі – але менавіта з гэтых, так добра прадуманых, канструктаў раптам вырастае і дыктатура, і апазіцыя, і расстрэл. Раман Васільчук, якому ўся новая схема новага жыцця падаецца такой простай і такой справядлівай, ураўнаважанай і лагічнай, зноў ды зноў трапляе ў тупікі, самой гэтай схемай і народжаныя. Гэтак здарылася і з гістарычнай БССР, якую рабілі такія самыя дзеці, ператвараючыся ў свіней па-за ўласным жаданнем. 

А побач з юнакамі (закрэслена) парасятамі – то кнырамі, а то добрымі настаўнікамі рохкаюць (альбо, ператвараючыся назад, філасофствуюць) людзі ўжо пажылыя, якія бачылі жыццё і такім, і гэткім, і метады, якімі яны выжывалі тады і выжываюць цяпер, не мяняюцца ад змены ўлады. Вобраз Паўла Дадэркі, чалавека «сабе наўме», без сумневаў, вялікая аўтарская ўдача. 

Прычым я не ўпэўненая, што, рэфлексуючы пасля «Гульняў Цырцэі», рухаюся ў рэчышчы, пракладзеным аўтарам. Цалкам магчыма, што і характары, і эпоха прачытаныя мной праз свае ўласныя прызмы. Але аўтар ніводнай хвіліны не перашкаджае мне дадумваць, дакручваць, пераасэнсоўваць сваіх герояў – ані дыдактызму, ані рэзанёрства, ані якой-кольвек ацэнкі ў рамане няма. А ёсць Ворша, вуліца Пацыянаўская, рэзкі, халодны вецер складаных часоў і гарэза Цырцэя, якая толькі ўсміхнецца – і, магчыма, я таксама незаўважна для сябе віскну – ды ператваруся ў свінню. 

Марыя Нарачанка