Узнагарода будзе ўручаная перакладчыкам за найлепшую мастацкую кнігу, перакладзеную на беларускую мову і выдадзеную ў папяровым або электронным варыянце цягам 2016 г. Пераможца атрымае ад Дабрачыннага фонду «Вяртанне» чэк на суму, эквівалентную 2000 у.а.
Падаць заяўку можна да 30 чэрвеня.
Заяўка павінна ўтрымліваць наступныя звесткі:
а) інфармацыя пра намінатара, што вылучае твор на Прэмію: кантактныя нумары тэлефонаў і адрасы
б) назву кнігі, выдавецтва, месца і год выдання
в) імя (імёны) перакладчыка (перакладчыкаў) і па магчымасці іх кантактныя дадзеныя
Правам намінавання на Прэмію валодаюць выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт Прэміі, сябры журы і самі перакладчыкі. На іх ляжыць абавязак прадставіць да 30 чэрвеня на разгляд журы прэміі электронныя версіі і (калі датычыць) два папяровыя асобнікі намінаваных кніг. Папяровыя асобнікі прымаюцца па адрасе Саюза беларускіх пісьменнікаў (220012, Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906), электронныя варыянты – на адрас: [email protected].
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 г. у гонар выдатнага беларускага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана (1934 – 2005) і носіць яго імя. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, Беларускі ПЭН-цэнтр і Міжнародны дабрачынны фонд “Вяртанне”.
Першым пераможцам прэміі стаў перакладчык фінскага эпасу “Калевала” Якуб Лапатка.
Склад журы прэміі будзе абвешчаны пазней.
Сачыць за абнаўленнямі можна, падпісаўшыся на старонку прэміі ў Фэйсбуку.