Пераможцам зрабілася Наста Кудасава з кнігай “Маё невымаўля”.
Увайсці ў журы прэміі мог любы беларускі літаратар ці літаратарка, якія за апошнія 7 гадоў выдаў хаця б адну мастацкую кнігу, нон-фікшн ці мастацкі пераклад. На старонцы прэміі можна знайсці інфармацыю пра галасаванне кожнага сябра журы.
Разам з уручэннем прэміі адбылася традыцыйная пісьменніцкая дыскусія, якая ў гэтым годзе была прысвечаная выклікам, якія стаяць перад сучаснымі беларускімі пісьменнікамі, і новым спосабам выдання, прасоўвання і распаўсюду кніг. Мадэратаркай дыскусіі выступіла Ганна Янкута.
Ва ўступленні да дыскусіі Ганна Янкута адзначыла, што сённяшні час нельга назваць спрыяльным для пісьменнікаў. Незалежныя аўтары і аўтаркі не маюць доступу да дзяржаўных СМІ, далёка не ўсе кнігі можна знайсці ў сетцы “Белкнігі”. Адсутнасць кніжнага рынку, які дазваляў бы і самім пісьменнікам, і выдавецтвам зарабляць на кнігадруку, часта прыводзіць да таго, што выдавецтвы не зацікаўленыя ў распаўсюдзе кніг і не прасоўваюць новыя выданні. Часам надрукаваць кнігу ўвогуле вельмі складана, асабліва для маладога пісьменніка ці пісьменніцы. Ім, як і аўтарам старэйшага пакалення, даводзіцца вырашаць: ці мусіць ён ці яна самастойна займацца пошукам грошай на выданне кнігі? Ці мусіць аўтар ці аўтарка ўплываць на выдавецкі працэс?
Адзін з выхадаў з гэтай складанай сітуацыі, які ў апошнія гады робіцца ў Беларусі ўсё больш папулярным, — гэта краўдфандынг, збор грошай на праект сярод людзей, якія патэнцыйна ў ім зацікаўленыя. Такім чынам ужо былі сабраныя грошы на шэраг беларускіх кніг, на пераклад мультфільма “Свінка Пэпа”, на запіс музычных альбомаў і на іншыя культурныя і сацыяльныя праекты. Увосень 2015 года каманда часопіса “ПрайдзіСвет” сабрала з дапамогай краўдфандынгавай кампаніі сродкі на выданне перакладу “Нататак пра Шэрлака Холмса” Артура Конана Дойла на беларускую мову. Аднак такая кампанія патрабуе ад пісьменніка ці перакладчыка дадатковай працы. Па-першае, трэба як мага шырэй распаўсюдзіць інфармацыю пра праект, то бок дамовіцца пра размяшчэнне рэкламы ці артыкула пра праект са СМІ, стварыць старонку ў фэйсбуку. Па-другое, трэба пераканаць людзей падтрымаць праект, пералічыць на яго грошы альбо дапамагчы справай.
Пра свой досвед арганізацыі краўдфандынгавай кампаніі расказала Дар’я Вашкевіч, перакладчыца дзіцячай кнігі “Караліна” Ніла Гэймана: “Перад тым, як пачаць збор грошай, мы два гады спрабавалі набыць правы на пераклад. Толькі калі гэтая праблема вырашылася, наша каманда пачала думаць пра выданне кнігі. На той момант прайшло ўжо некалькі іншых паспяховых кампаній, і гэта нас падштурхнула. Бо для краўдфандынга перадусім патрэбная аўдыторыя, і мы пераканаліся, што яна ёсць, асабліва гэта тычыцца кніг на беларускай мове для дзяцей і падлеткаў. Выявілася, што сабраць грошы на выданне — гэта сапраўды цяжкая праца, якая патрабуе менеджарскіх навыкаў. Шмат часу сыходзіць на распаўсюд інфармацыі — тут нам найбольш дапамагаў фэйсбук. Даводзілася кожны дзень працаваць на праектам і ўвесь час нешта прыдумляць, каб прыцягваць увагу людзей”.
Уладзімір Садоўскі ў 2016 годзе сабраў грошы на выданне ўласнай кнігі “1813”: “Мне здаецца, краўдфандынг — гэта інструмент для тых, хто хоча выдаць першую кнігу. Я прапаноўваў “1813” у розныя выдавецтвы, кніга доўга ляжала ў шуфлядзе, і на хвалі развіцця краўдфандынга ў Беларусі я падумаў: чаму б не? У маім выпадку людзі не проста ахвяравалі грошы, а рабілі папярэднюю замову кнігу. Таксама я атрымаў магчымасць шырока прадставіць сваю ідэю — першы напісаны па-беларуску зомбі-хорар, дзеянне ў якім адбываецца ў Беларусі. Мне трэба было сабраць няшмат грошай, бо я рыхтаваў электронную кнігу, а яе выданне — даволі таннае. Навіну пра краўдфандынгавую кампанію я прасоўваў на сваіх старонках у сацыяльных сетках, выдавецтва распаўсюджвала інфармацыю па ўласных каналах, падключылася таксама рэгіянальная прэса. Мяне падтрымлівалі тры катэгорыі людзей: па-першае, сябры, знаёмыя і аднагрупнікі; па-другое — фрэнды ў сацыяльных сетках, з якімі я асабіста не знаёмы і якія дазналіся пра праект з маіх допісаў; па-трэцяе — людзі, якіх я зусім не ведаю. Такім чынам, краўдфандынг — добры спосаб сабраць грошы на першую кнігу, асабліва калі яна чымсьці вылучаецца сярод астатніх выданняў. Аўтар можа ацаніць, ці цікавая яго ідэя чытачам, і пры неабходнасці нешта дарабіць ці паправіць”.
Андрэй Хадановіч адзначыў, што пакуль у Беларусі не развіваецца інстытут літаратурных агентаў, краўдфандынг — гэта дзейсны спосаб прапіярыць кнігу. Стварыўшы праект, малады і нікому дагэтуль невядомы аўтар можа ператварыцца ў зорку і займець, у літаральным сэнсе, пэўны крэдыт даверу.
Паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева ўдакладніла: “Я б хацела звярнуць увагу на тое, якія кнігі маюць шанец атрымаць падтрымку людзей. Перадусім гэта кнігі, накіраваныя на масавага чытача: дзіцячыя выданні, пераклады добра вядомых твораў, кнігі, напісаныя ў папулярных жанрах. Ці падтрымалі б чытачы зборнік паэзіі аўтара-пачаткоўца, які піша нестандартна і не мае тысячы сяброў у сацсетках? Варта зазірнуць на краўдфандынгавыя пляцоўкі — магчыма, там сапраўдныя могілкі нерэалізаваных праектаў? Не на кожную кнігу можна сабраць грошы. Таксама мне здаецца, што поспех краўдфандынгу ў Беларусі сведчыць пра дэградацыю інстытута выдаўцоў. Выдавецтвы цяпер ні на што не здольныя, яны не гатовыя ўкладаць у кнігі свае грошы, прасоўваць свае выданні і рэкламаваць іх. І на гэта, канечне, ёсць шмат прычын. Выдаўцам было б варта аб’яднацца і змагацца за свае правы, але яны гэтага, відаць, не хочуць”.
Дар’я Вашкевіч пагадзілася з меркаваннем Юлі Цімафеевай: “Атрымліваецца, што функцыя выдаўца — гэта друк. Ты прыносіш гатовы макет, ён друкуе яго і аддае табе наклад: трымай і распаўсюджвай”.
Паэт, перакладчык і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч дадаў: “У Беларусі праблемы не толькі з выдавецтвамі, але і з распаўсюдам. Нават калі кніга трапіць у сетку “Белкнігі” і нават калі таваразнаўцы выставяць яе на бачнае месца і яна хутка прадасца, інертная “Белкніга” не хутка верне выдаўцу грошы, якія паспеюць тры разы абясцэніцца. У гэтым плане краўдфандынг — як колішняя падпіска: ты дакладна ведаеш, што чытачы атрымаюць тваю кнігу”.
Яшчэ адзін са спосабаў танна выдаць кнігу — гэта стварыць яе электронную версію. Электроннае выданне патрабуе менш выдаткаў, яго можна размяшчаць на раскручаных пляцоўках альбо нават павесіць у інтэрнэце бясплатна.
Уладзімір Садоўскі: “Беларусы працаваць з міжнароднымі пляцоўкамі накшталт Amazon не змогуць, бо тыя не працуюць з беларускай, зрэшты, як і з украінскай мовай. Адзіны варыянт — пляцоўка Smashwords, хоць і з ёй далёка не ўсё так проста. Аднак увогуле электронная кніга — выдатны эксперымент для выдаўца. Так было ў выпадку з маёй кнігай “1813”: калі выдавец пабачыў, што яна прадаецца ў электроннай версіі, то надрукаваў сваім коштам 500 асобнікаў на паперы”.
З дыскусіі выявілася, што някепска прадаюцца электронныя кнігі, якія карысталіся попытам у папяровым выглядзе, а пасля наклад скончыўся, альбо кнігі, якія яшчэ не з’явіліся на паперы. Выдаўшы электронную кнігу і бачачы, што яна аказалася паспяховай, пісьменнік можа давесці выдаўцу, што і друкаванае выданне прынясе прыбытак. Такім чынам, электронная кніга — гэта яшчэ адзін спосаб праверыць, ці цікавая кніга чытачам.
Усё гэта не адмяняе ранейшых спосабаў распаўсюду інфармацыі пра кнігу — стварэнне спецыяльных старонак у фэйсбуку, арганізацыя прэзентацый у Мінску і рэгіёнах (што, безумоўна, патрабуе партнёраў, якія збяруць аўдыторыю). Яшчэ адзін арыгінальны спосаб прасоўвання паэзіі — гэта супраца з музычнымі гуртамі. Паэтка Наста Кудасава, чые вершы паклаў на музыку гурт “Сон-трава”, адзначае: “Мне гэта дапамагло знайсці новыя пляцоўкі для выступаў і рабіць імпрэзы разам з гуртом. Музыка вельмі моцна змяняе ўспрыманне паэзіі. Думаю, гэты эксперымент быў карысны і для мяне, і для музыкаў”.