
24 траўня ў офісе Беларускага ПЭН-цэнтра ў прысутнасці сябраў журы былі абвешчаныя вынікі прэміі.
“Кнігай году 2016” зрабіліся “Нататкі таткі” Андрэя Хадановіча. Агулам на перамогу прэтэндавалі 82 выданні.
Сёлета ў журы ўвайшлі 74 пісьменнікі, інфармацыю пра галасаванне кожнага з іх глядзіце на старонцы прэміі. У журы прэміі мог увайсці любы беларускі пісьменнік, які выдаў мастацкую або нон-фікшн кнігу цягам апошніх 7 гадоў.
“Кніга году” заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 2015 годзе. Першы раз яна ўручалася ў трох намінацыях: “Проза”, “Паэзія”, “Дзіцячая літаратура”. Сёлета прэмія намінацый не прадугледжвала. У мінулым годзе пераможцамі “Кнігі году” зрабіліся: Альгерд Бахарэвіч з кнігай “Дзеці Аліндаркі” (“Проза”), Антон Рудак з кнігай “Верхні горад” (“Паэзія”), “Сумны суп” Вольгі Гапеевай і “Авантуры студыёзуса Вырвіча” Людмілы Рублеўскай (“Дзіцячая літаратура”).