
У Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы Мінска прайшла сустрэча школьнікаў з аўтаркай кнігі "Сем ружаў" Надзеяй Ясмінскай, што атрымала галоўную літаратурную ўзнагроду сёлетняй Прэміі.
Сама пісьменніца прэзентавала не толькі казкавую частку кнігі, але і даробак мастачкі Кацярыны Дубовік, якая аформіла выданне і таксама сталася пераможцай Прэміі Цёткі, але на гэты раз ужо ў намінацыі “Мастацкае афармленне”.
Вялікая бібліятэчная зала прыняла каля 70 навучэнцаў пятых і шостых класаў 67 і 181 школ. Аўтарка расказвала як пра кнігу “Сем ружаў”, так і наогул пра казку і адкуль яна бярэцца, адказвала на пытанні і размаўляла з чытачамі.
А па-над гэтым усім у выглядзе заахвочвальных закладак, паштовак лунаў дух Цёткі. Безумоўна, і пра саму прэмію, і хто такая Алаіза Пашкевіч школьнікі сонечнай раніцай таксама пачулі неаднойчы.